Google запусціла генератар кода Firebase Studio — ствараць ШІ-аплікацыі за лічаныя хвіліны змогуць нават тыя, хто амаль не ўмее кодзіць

Google прэзентавала воблачную платформу Firebase Studio на базе ШІ, якая паскарае стварэнне мабільных і вэб-аплікацый. Яна аб’ядноўвае інструменты для праектавання інтэрфейсаў, напісання кода і тэставання, працаваць з якімі можна проста ў браўзеры нават у тым выпадку, калі ў вас няма глыбокіх тэхнічных ведаў.

1 каментарый

Карыстальнікі могуць загружаць праекты з GitHub, GitLab або з лакальных прылад. Магчыма стварыць аплікацыю з нуля праз тэкставыя запыты, выявы і эскізы або выбраць адзін з 60 гатовых шаблонаў. Напрыклад, можна загрузіць скрыншот макета, і ШІ аўтаматычна згенеруе інтэрфейс і API, пасля чаго аплікацыю можна адразу разгарнуць у воблаку Google або на ўласным серверы.

Firebase Studio інтэграваны з фірмовым ШІ-асістэнтам Google Gemini, які спрашчае руцінныя задачы, такія як напісанне дакументацыі, выпраўленне памылак, кіраванне залежнасцямі і тэставанне сцэнарыяў. Для складаных праектаў можна задзейнічаць спецыялізаваных агентаў — напрыклад, інструмент для пераносу кода паміж асяроддзямі або для праверкі бяспекі падказак ШІ-мадэляў. Платформа падтрымлівае Java, Python, Go, Node.js, а таксама фреймворкі React, Flutter і іншыя.

Удзельнікі Google Developer Program атрымаюць ранні доступ да пашыраных функцый, уключаючы Gemini Code Assist — гэта набор агентаў для аўтаматызацыі працы з Docker-кантэйнерамі, рэфактарынгу і тэставання. На этапе перадпрагляду звычайным карыстальнікам даступныя тры віртуальныя асяроддзі, а ўдзельнікам праграмы — да 30.

Першыя карыстальнікі параўноўваюць платформу з камбінацыяй Cursor AI, Replit і Bolt. Яны адзначаюць зручнасць адзінага асяроддзя для стварэння і дапрацоўкі аплікацый. З-за высокага попыту доступ да некаторых функцый пакуль абмежаваны, але адкрыты спіс чакання.

Firebase Studio можа асабліва зацікавіць стартапы і невялікія каманды, для якіх важныя хуткасць і мінімальныя выдаткі на інфраструктуру. У найбліжэйшыя месяцы Google плануе пашырыць бібліятэку шаблонаў і палепшыць інтэграцыю з пабочнымі сэрвісамі.

Google цяпер будзе распрацоўваць Android за зачыненымі дзвярыма
Па тэме
Google цяпер будзе распрацоўваць Android за зачыненымі дзвярыма
Meta выпусціла новае пакаленне ШІ-мадэляў Llama 4 з «мультыэкспертнай» архітэктурай
Па тэме
Meta выпусціла новае пакаленне ШІ-мадэляў Llama 4 з «мультыэкспертнай» архітэктурай

Читать на dev.by