64 гадзіны і дзяжурствы ў камізэльках. Як айцішнікі праходзяць мяжу ў святы
Доўгія выхадныя — доўгія чэргі на межах: гэта ўжо правіла. Распыталі ІТ-спецыялістаў, як яны толькі што праходзілі мяжу з Беларуссю. Спойлер: там таксама цяпер цуды самаарганізацыі.
Змест
Аўтамабіль
64 гадзіны
- мяжа: польская (з Польшчы ў Беларусь)
- калі: 21-24 снежня
- як: на машыне
- колькі часу: 63-64 гадзіны
— Выехалі ў чацвер 21 снежня ў бок Беларусі. Прыехалі на мяжу каля 2:30–3:00 гадзін ночы ў пятніцу. Чарга на гэты момант была 8,5 км да шлагбаума.
Першыя суткі рухаліся наперад павольна, другія — яшчэ павольней. Вельмі шмат людзей спрабавалі ўлезці без чаргі — «транзіты», 1-ы рэгіён, на французскіх і нямецкіх нумарах. Адзін «перагон» уклініўся ў чаргу — а потым упускаў «сваіх». Праз гэта мы паўдня стаялі на месцы.
Ля мяжы прыбіральні і пункты харчавання практычна адсутнічаюць, ёсць запраўка ў некалькіх кіламетрах і пару гатэляў з кавярнямі, але іх, мякка кажучы, недастаткова. Пры жаданні палякі маглі б там працаваць 24/7 — і купацца ў грошах, як Скрудж МакДак. Некаторыя кіроўцы падарожнічалі з сем’ямі — яны адпраўлялі родных у хостэлы ў Тэрэспалі, а самі стаялі ў чарзе.
Людзям цяжка, яны засынаюць у чарзе, не паспяваюць пад’ехаць, калі машына наперадзе рушыла — і тут жа ў «дзірку» заскоквае некалькі халяўшчыкаў. Асабліва напружаная сітуацыя ад запраўкі да кальца —уздоўж дарогі курсуюць хітрыя кіроўцы, якія шукаюць прасветы ў чарзе. Кружаць па дарозе, як грыфы. Стаяць з выключанымі фарамі на прылеглых з’ездах на мясцовыя дарогі і палі, а як упільнуюць момант — выскокваюць цэлымі групамі, як гіены.
На другія суткі мы раззнаёміліся з людзьмі ў чарзе і арганізавалі дзяжурствы:
- надзелі святлоадбівальныя камізэлькі (без іх паліцыя можа аштрафаваць у цёмны час сутак — 100 злотых) і перакрывалі дарогу — не пускалі халяўшчыкаў. Выключэнне рабілі для тых, хто ехаў падвезці-забраць з аўтобуса, — у іх прасілі ў заклад дакументы. А яшчэ для людзей з чаргі, якія ездзілі на запраўку пагрэцца ў прыбіральню (запісвалі нумары).
- бегалі ў пачатак чаргі і будзілі заснулых кіроўцаў стукам у акно пры кожным зруху чаргі.
Падмануць нас, вядома, спрабавалі многія: «Мне на Тэрэспаль праехаць», «мне толькі паглядзець/спытаць», «адвезці/прывезці»… Такіх адразу адпраўлялі ў аб’езд.
Мы дамаўляліся з суседзямі, каб спакойна з’ездзіць на запраўку, папіць кавы, купіць перакусіць або схадзіць у прыбіральню. Ставілі машыны шырэй — так, каб ніхто новы не ўлез, але пры вяртанні пасунуцца і ўпусціць у чаргу тых, хто ад’язджаў.
Вельмі моцна дапамагала паліцыя і гранічныя стражы, яны стаялі на кальцы і буйных другарадных дарогах кругласутачна — і не пускалі ў бок чаргі хітруноў, разварочвалі і дапамагалі выганяць іх.
Калі былі зрухі ў чарзе, праязджалі з мігалкамі і сірэнай уздоўж чаргі, робячы пабудку, — маўляў, зараз будзе рух, прыгатуйцеся.
Паліцыя дапамагала разрульваць канфліктныя сітуацыі. «Транзіты», а таксама машыны на французскіх і нямецкіх нумарах нахабна шчаміліся ў чаргу і не жадалі з’язджаць нават пад напорам самаарганізаваных «дружыннікаў». У такім выпадку мы спынялі паліцыю, якая праязджала міма — яны правяралі дакументы ў шчымуноў і без лішніх размоў адпраўлялі ў канец чаргі. Без іх дапамогі быў бы поўны хаос.
Пакуль мы дзяжурылі, чарга рухалася бадзёра — зрухі былі і па некалькі сотняў метраў.
У пятніцу і суботу прыярытэт давалі аўтобусам — іх сабралася каля 40. Машыны рухаліся слаба. На трэці дзень, у нядзелю, рух пайшоў яшчэ больш бадзёра: мяркуючы з усяго, палякі пачалі запускаць вялікімі партыямі, пры мне па 40-45 машын, і працавалі досыць хутка.
Далей ужо быў затык на беларускай мяжы — там чырвоны і аўтобусны калідоры трашчалі па швах. У зялёным было адносна свабодна. Была магчымасць пайсці ў першы, другі ці энны аўтобус у чарзе і падсесці за 100-150 злотых на вольныя месцы і прайсці мяжу хутчэй. Беларусы даглядалі асабістыя рэчы — у кагосьці старанна, у кагосьці павярхоўна. На гутаркі і праверкі масава не клікалі, але мне падалося, што гутарылі больш з пасажырамі аўтобусаў.
У мяне перасячэнне мяжы разам з чаканнем заняло 63-64 гадзіны. Плюс дарога да мяжы і пасля. Разам — каля 73 гадзін на ўсё.
30 гадзін і 10 хвілін
- мяжа: літоўская, у Медніках / Каменным Лагу
- калі: 22-23 снежня
- як: на сваім аўто
- колькі часу: 30 гадзін і 10 хвілін
— Праходзілі мяжу ў Медніках / Каменным Лагу 22-23 снежня. Увесь працэс заняў 30 гадзін і 10 хвілін — гэта было жудасна.
Мы ехалі на сваім аўто. Сама мяжа заняла па 15 хвілін на кожным боку, усё астатняе — гэта гадзіны чакання спачатку да шлагбаума, а потым на нейтральнай тэрыторыі.
Дадатковых праверак на беларускай мяжы не было, ані мяне, ані мужа ні пра што не пыталіся. Хоць мы з мужам былі ў спісах тых, хто данаціў і рабіў «добраахвотныя» ахвяраванні ў РНПЦ анкалогіі (з мяне $1К па курсе і з мужа — столькі ж). Гэта нашае трэцяе перасячэнне мяжы пасля пералічэння кампенсацыі, так што мы не хваляваліся, як пройдзе.
49 гадзін
- мяжа: літоўская, у Медніках / Каменным Лагу
- калі: 26 снежня
- як: на машыне
- колькі часу: 49 гадзін
— Праходзілі мяжу 26 снежня. Чарга расцягнулася на 4 км, асноўны затор быў якраз на беларускім боку.
У саму чаргу мы ўсталі, а 20:00 вечара нядзелі, а пад літоўскі шлагбаум пад’ехалі, а 18:00 аўторка. Самі межы прайшлі за 3 гадзіны. Асаблівых праверак і дадатковых гутарак не было.
Не магу сказаць, што на межах супрацоўнікі працавалі неяк інакш — усё як звычайна, проста ахвотных праехаць вельмі шмат. Плюс народ міма чаргі лезе — а гэта ўсіх затрымлівае.
Маршрутка
8 гадзін
- мяжа: літоўская, у Медніках / Каменным Лагу
- калі: у ноч на 27 снежня
- як: маршруткай
- колькі часу: каля 8 гадзін (легкавушкі ў чарзе стаялі па 30 гадзін)
— Я ехаў на маршрутцы праз Меднікі / Каменны Лог. Кіроўца адразу пад’ехаў да першага шлагбаума літоўскага КПП. Там высветлілася, што наш рэйс нерэгулярны, — таму літоўцы адправілі нас у агульную чаргу.
Мы пачакалі, пакуль пройдзе перазменка (гэта ~30 хвілін), — і наступная змена ўжо ўпусціла нас. Мы адправіліся на bus pass. Там да нас падышоў супрацоўнік літоўскай мытні, распытаў пра рэйс і паўтарыў, што нам трэба ісці праз pass легкавікоў. Кіроўцу давялося здаць назад і прыстроіцца ў канец чаргі для легкавых аўто — але гэта было ўжо ўнутры пункта пропуску.
Калі мы прайшлі літоўскую мытню, нашая маршрутка зноў выруліла на bus pass, каб прайсці памежны кантроль. У выніку на ўсё пра ўсё сышло прыкладна 8 гадзін.
На літоўскім памежным кантролі я звярнуў увагу на адную рэч: там усіх пасажыраў аўтобусаў запускаюць у спецыяльны загончык — і праз шкло відаць, што ў ім адбываецца. Перад намі было пару вялікіх аўтобусаў. І амаль усе пасажыры спачатку ішлі ў прыбіральню — і толькі потым на пашпартны кантроль.
Наведванне прыбіральні займала большую частку часу: на пашпартным кантролі — нікога, а ў прыбіральню — чарга чалавек па 30 з кожнага аўтобуса. А пакуль увесь аўтобус літоўцы не правераць, наступнага яны не запускаюць.
Наконт праверак: я не ўпэўнены на ўсе 100%, але ў нас апытвалі толькі аднаго мужчыну. Ён вярнуўся хвілін праз 10 пасля таго, як усе пасажыры прайшлі кантроль. Потым наш кіроўца пайшоў да памежнікаў па ягоны пашпарт і асабіста прынёс яму ў бус.
Дарэчы, калі мы ўсталі ў канец чаргі для легкавікоў, я пацікавіўся ў аднаго з кіроўцаў, колькі ён стаіць. Да ўезду на КПП Літвы ён прачакаў каля 30 гадзін.
Але я сачыў у профільных тэлеграм-каналах за становішчам і ведаў, што ў той момант чарга была ўжо ў 1,5-2 разы меншай, ніж 1-2 дні таму. Гэта ж пацвердзіў і кіроўца нашай маршруткі.
Аўтобус
17 гадзін
- мяжа: польская (з Польшчы ў Беларусь)
- калі: 21 снежня
- як: на аўтобусе
- колькі часу: 17 гадзін (на машынах — па 35 гадзін)
— У чацвер 21 снежня праходзіў мяжу, з боку Польшчы. Ехаў на аўтобусе. Агульны маршрут з выездам з Варшавы да Мінска склаў роўна суткі, мяжа — 17 гадзін.
На пад’ездзе да мяжы перад намі было 40 аўтобусаў. Калі прайшлі польскую, яшчэ каля 5 гадзін стаялі на беларускай. Нас праверылі вельмі хутка, рэчы нават толкам не глядзелі. Дадатковых гутарак і праверак не было. Людзей з украінскімі пашпартамі папрасілі прайсці першымі, іх правяралі даўжэй, магчыма, задавалі пытанні.
Мы разгаварыліся з хлопцам, які ехаў на асабістым аўто. Ён сказаў, што стаіць ужо 35 гадзін, і ў чарзе адбываецца «люты трэш» — у тым ліку бойкі. Кіроўцы-палякі, паводле ягоных слоў, «зладзілі мафію» — казыралі сувязямі і патрабавалі прапусціць, а інакш «на мяжы вас будуць старанна правяраць». Хтосьці з чаргі прапускаў — і тады адразу некалькі машын укліньвалася.
Яшчэ той хлопец казаў, калі ты заснуў — то ўсё: мала знойдзецца прыстойных людзей, якія цябе абудзяць. Часцей людзі ціхенька абганяюць.
17 гадзін
- мяжа: польская (з Польшчы ў Беларусь)
- калі: 23-24 снежня
- як: на аўтобусе
- колькі часу: 17-20 гадзін
— Праходзіў мяжу з суботы на нядзелю — ехаў на аўтобусе. Увесь працэс заняў каля 17 гадзін, і гэта яшчэ пашанцавала, бо адразу за намі прыехала яшчэ 5-6 аўтобусаў, вось яны чакалі ўжо па 20 гадзін.
Дадатковых праверак і гутарак не было, дапытвалі толькі ўкраінцаў — нам прыйшлося чакаць іх каля гадзіны. І кіроўца адразу сказаў, каб украінцы ішлі наперад на пашпартным кантролі.
Што абурыла: польскія памежнікі чакалі, пакуль збярэцца «пачак» аўтобусаў, — і потым прапускалі на мост. Калі б прапускалі па адным, то было б нашмат хутчэй. А яшчэ на пашпартным кантролі была толькі адная жанчына-памежніца, і яна бегала туды-сюды. Ці то недахоп персаналу на мяжы, ці то астатнім супрацоўнікам проста лянота працаваць.
Чытачы, віншуем! Мы перажылі (амаль) яшчэ адзін складаны год. У 2023 наша каманда працягвала сачыць за беларускім ІТ і трымала вас у курсе самага важнага.
Без вас у нас бы не атрымалася! Вы дзеліцеся з намі досведам і інсайдамі, расказваеце гісторыі, смешныя і сумныя, ствараеце дыскусіі — робіце ўсё, каб беларускае ІТ працягвала жыць нягледзячы на межы і адлегласці. dev.by быў і застаецца месцам сустрэчы нашых чытачоў, дзе б яны не знаходзіліся.
Мы працягваем працаваць, у тым ліку дзякуючы вам. Сёлета нам заданацілі 678 чалавек. Гэта неверагодна кранальна і значна дапамагае нам працаваць далей і верыць у будучыню dev.by. Але нам усё яшчэ патрэбная падтрымка. Вашыя данаты дапамагаюць выплачваць заробкі журналістам.
Даб’ём да 700? Падтрымайце нас:
— Праз Patreon
— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)
— Крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй. З Надыходзячым!
Читать на dev.by