Адмовіўся працаваць ноччу — абвінавацілі ў сабатажы. Як правільна расстаўляць межы з кіраўніцтвам

Чытачы dev.by, якія працуюць у аўтсорсе, скардзяцца: кіраўнік і калегі часта пішуць уначы і патрабуюць неадкладнага адказу. А калі адмаўляешся адказваць, абураюцца і «абвінавачваюць у сабатажы».

Спыталіся ў HRD з 17-гадовым досведам, як правільна расстаўляць межы абавязкаў і працоўнага часу.

14 каментарыяў

«Прыйшоў супрацоўнік і паставіў перад фактам: званок ужо прызначаны — апоўначы»

Марыя, Sales and Account manager, у ІТ — ад 2010 года:

— Гісторыя гэтая здарылася пару гадоў таму, я працавала ў адной аўтсорсінгавай кампаніі. 

У службу маркетынгу паступіў запыт: кліент хацеў бы стэлефанавацца, а 0:00 ночы. Да мяне прыйшоў іх супрацоўнік і паставіў перад фактам: «Званок ужо прызначаны — апоўначы». 

Я адказала яму, што не гатовая працаваць ноччу — і папрасіла перанесці званок, нагадаўшы, што ў цэлым просьбы пра званкі ў неардынарны час трэба спачатку ўзгадніць з адказным супрацоўнікам і, толькі атрымаўшы ягоную згоду, прызначаць анлайн-сустрэчу, а не прыходзіць і ставіць яго перад фактам. І так, я гатовая была пагутарыць з кліентам — але найпазнейшае, а 22:00. 

У аўтсорсінгу так бывае: званкі могуць праводзіцца даволі позна — і я часта на такія хадзіла, але заўсёды праз папярэдняе ўзгадненне.

Чым усё скончылася: спачатку заклікаць да майго сумлення (і наязджаць) прыйшоў кіраўнік аддзела, а потым і дырэктар кампаніі. Я проста казала ім, што здзіўленая таму, што маю тлумачыць, чаму не пайду на званок апоўначы. 

Потым мяне яшчэ нейкі час прама ці ўскосна папракалі ў тым, што я сабатую працу і працую дрэнна, «і наогул гэта мой абавязак — хадзіць на званкі», і гэта «важна для кампаніі». Месяцы праз 3-4 я звольнілася. Не праз гэтую гісторыю, але яна была перадапошняй кропляй.

І так, варта патлумачыць: я ўсведамляю, што мая праца не заканчваецца, а 18:00 вечара — мне здаецца, да гэтага гатовыя ўсе ў маёй прафесіі, улічваючы, што кліенты вельмі часта знаходзяцца ў іншым часавым поясе. Але я заўсёды прама казала, што найпазьней я гатовая размаўляць з імі, а 22:00, а не апоўначы.

Як дзейнічаць у такой сітуацыі? Парада эйчара

— Часам можна апеляваць да працоўнага заканадаўства — што, напрыклад, дарэчна ў кейсе чытачкі dev.by. Сказаць: «Прабачце, у маёй працоўнай дамове не прадугледжана, што я буду адказваць на вашыя паведамленні ўначы» — гэта больш канфліктная пазіцыя.

Каб змякчыць, можна сфармуляваць так: «Я разумею, што вы больш эфектыўныя ў начны час, але я — не. Я стараюся не працаваць ноччу, каб захоўваць прадукцыйнасць наступнага дня. Калі ласка, калі вы раздаяце ноччу задачы — не чакайце, што я адкажу вам раней за 9:00 наступнага ранку».

Новая практыка: прайсці сумоўе «паравозікам». Айцішнікі ходзяць па чарзе на інтэрв’ю, а потым расшарваюць заданні
Па тэме
Новая практыка: прайсці сумоўе «паравозікам». Айцішнікі ходзяць па чарзе на інтэрв’ю, а потым расшарваюць заданні

«Сабатаж — гэта катэгарычнае: „Не буду, кропка!“ Расстаўленне межаў прадугледжвае альтэрнатывы»

Па каментар мы звярнуліся да Кацярыны (прозвішча яна папрасіла не паказваць) — HRD з досведам працы 17 гадоў:

— Так бывае, што кіраўнікі абвінавачваюць супрацоўніка, які расстаўляе межы, у сабатажы. 

Мне здаецца, гэта варта ведаць усім — і работнікам, і іх наймальнікам: сабатаж — гэта адмова браць у працу якія-небудзь задачы альбо ж іх невыкананне без тлумачэння прычын (або прычыны неадэкватныя)

Калі ж чалавек сумленна і без залішніх эмоцый кажа калегам/кіраўніцтву, што адказваць на паведамленні пасля 19:00 для яго непрымальна, — гэта пазначэнне межаў.

Як размаўляць пра межы працоўных задач і часу

Чалавек, які сам здольны пазначыць межы, прымае і межы іншага — кіраўніка, калег і гэтак далей. Калі ён не можа выканаць задачу, ён тлумачыць, чаму: напрыклад, у яго ўжо ёсць яшчэ сто чатыры задачы, і з іх дзесяць — прыярытэтных. 

Ён абавязкова прагаворвае гэта і дадае: «Тваю задачу магу ўзяць тады і тады», — калі дойдзе яе чарга. І цікавіцца, ці задавальняе гэта яго суразмоўцу. «Калі не, паразмаўляй, калі ласка, з маім кіраўніком, хай ён расставіць мне іншыя прыярытэты».

Калі камунікацыя выглядае такім чынам, супрацоўніка няможна вінаваціць у тым, што ён сабатуе працу — не, ён гатовы яе выконваць, проста не на шкоду іншай працы і сабе. 

Менавіта таму я настойліва рэкамендую: 

  • расстаўляючы межы, тлумачыць, чаму вы не можаце чагосьці зрабіць (узяць тую ж сто пятую задачу, напрыклад) — «таму што інакш я пратэрміную выкананне іншых задач»;
  • адпраўляць да чалавека, які можа прыняць рашэнне па той жа задачы і расставіць твае працоўныя прыярытэты інакш, з улікам гэтай самай задачы — то-бок да кіраўніка.

Нават калі ў камунікацыю ўключаецца кіраўнік і пачынае нешта мяняць, — то і яму можна і трэба пазначыць сваю часавую ёмістасць. 

Напрыклад, вы разумееце, што не можаце выканаць задачу ў працоўны час, і для гэтага трэба будзе затрымацца. Чалавек, які хвалюецца за свае межы, папярэдзіць пра гэта кіраўніка: «Я стараюся завяршаць свае задачы да 18:00 і не пераносіць на непрацоўны час, калі я ўжо не эфектыўны. Калі гэтая задача вельмі тэрміновая, давайце мы зараз прыбярэм яшчэ нейкую з маіх маіх бягучых задач, я выканаю яе пазней».

Адстойваючы свае межы, вельмі важна быць паслядоўным у сваіх словах і дзеяннях: бо калі чалавек спачатку кажа так, а потым робіць інакш, — гэта дае астатнім зразумець, што межаў у яго і няма (альбо ж ён не ўмее іх адстойваць). 

У такім выпадку калегі або кіраўнік сапраўды могуць здзіўляцца: «А што здарылася? Так жа добра раней працаваў: і днём, і ноччу ў любую пару года», — так, для іх адмова нешта рабіць чалавека, у якога перапоўнілася раптам чаша цярпення, выглядае як сабатаж. 

Калі чалавек папярэдзіў кіраўніцтва аб тым, што ён можа адказваць на паведамленні ў працоўных чатах толькі да 19:00 ад панядзелка да чацвярга, «а ў пятніцу і выходныя не адказваю» — значыць так таму і быць, усё: і нешта змяніцца можа толькі ў выпадку «пажару». 

Ці трэба пазначаць межы яшчэ на этапе ўладкавання на працу? 

Я лічу, што людзям варта пазначаць свае прынцыпы да таго, як яны прымуць офер: «не працую пасля 18:00» (і растлумачыць прычыны), альбо «ніколі не затрымліваюся», альбо «ніколі не працую ў выходныя», «бяру адпачынак ад 1 да 14 чэрвеня кожны год, таму што…» — дамовіцца «на беразе», што называецца.

І так, гэта можа паўплываць на выбар кампаніі — да гэтага таксама трэба быць гатовымі. 

Яшчэ варта разабраць сітуацыю, калі супрацоўнік першы час, каб зарэкамендаваць сябе, гатовы паступацца сваімі межамі — але пасля хоча іх адваяваць. Скажу, што часам гэта няпроста, бо ад гэтага моманту ён становіцца нязручным. Але ўсё ж гэта варта зрабіць — і пачаць трэба з размовы са сваім кіраўніком.

Вядома, гэтая размова можа быць складанай — асабліва, калі кіраўнік да яе не гатовы і/або калі ён сам не мае межаў (і тады ён чакае і ад сваіх падначаленых таго ж, што робіць сам — а любыя нязручныя размовы ўспрымае ў штыкі: «Што за глупства!»). 

Я б рэкамендавала пачаць гэтую размову з таго, што вы хочаце быць максімальна карыснымі ў працоўны час, каб пазбегнуць перапрацовак. Варта паказаць, што вы ўсведамляеце патрэбы кіраўніка, разумееце, што ў кампаніі ёсць нейкая загрузка — і такія сітуацыі могуць паўтарацца.

«Я гатовы ісці вам насустрач і ў складаны для кампаніі час раз ці два на месяц затрымлівацца на гадзіну, альбо адпрацоўваць гэтыя гадзіну-дзве ў суботу», — гэтыя словы дадуць зразумець, што вы гатовыя на кампрамісы, але таксама пазначаць, што форс-мажоры не павінны быць сістэмай.

Можна апеляваць да таго, што кіраўніку і самому выгадна, каб яго супрацоўнік адпачываў пасля працы — таму што так ён прадукцыйны. А калі ён працуе нон-стоп на працягу многіх гадоў, узрастае небяспека зрабіць памылку праз стомленасць. Так, гэта маніпулятыўная тэхніка, але яна дае паказаць кіраўніку выгаду ад таго, што супрацоўнік не жыве, як вавёрка ў коле.

І яшчэ: не заўсёды супрацоўніка абвінавачваюць у сабатажы, часам яму проста намякаюць (ці кажуць прама), што ён «дрэнна працуе». Я скажу так: калі хтосьці кажа: «Ты дрэнна працуеш!» — ён павінен даць пацверджанне сваіх слоў. Калі я прыходжу на ўсе 30 сустрэч — а продажаў няма, гэта азначае, што я добра працую? Патрэбныя якасныя паказчыкі ацэнкі працы.

«Сумоўе — не споведзь, а перамовы». Як размаўляць з працадаўцам пра доўгія паўзы ў кар’еры?
Па тэме
«Сумоўе — не споведзь, а перамовы». Як размаўляць з працадаўцам пра доўгія паўзы ў кар’еры?
«Потихонечку ходим по собесам». Как прошёл год у работников крупного аутсорса в Беларуси и Польше
По теме
«Потихонечку ходим по собесам». Как прошёл год у работников крупного аутсорса в Беларуси и Польше

Читать на dev.by