Х катастрафічна губляе аўдыторыю пад кіраўніцтвам Маска
Сацсетка Х, якую паўтара года таму купіў Ілан Маск, імкліва губляе карыстальнікаў. Пра гэта піша NBC News са спасылкай на звесткі аналітычнай платформы Sensor Tower і звесткі, якія публікуюцца самой Х.
У лютым мабільная праграма Х налічвала 27 млн штодзённых актыўных карыстальнікаў (DAU) у ЗША. Гэта на 18% менш, чым годам раней. Ад лістапада 2022 года — першага поўнага месяца, калі Х стала належаць Маску, — карыстальніцкая база Х у ЗША альбо заставалася нерухомай, альбо падала. Агульнае падзенне за гэты час склала 23%.
У глабальным маштабе ўсё таксама дрэнна. DAU мабільнай праграмы Х у лютым упала да 174 млн — мінус 15% год да года. Агульнасусветная карыстальніцкая база Х ад моманту ўгоды прадэманстравала невялікі рост толькі ў адным месяцы — у кастрычніку.
У іншых сацсетак глабальная аўдыторыя за той жа перыяд злёгку павялічылася: у Snapchat — на 8,8%, у Instagram — на 5,3%, у Facebook — на 1,5%, у TikTok — на 0,5%. Калі разглядаць толькі ЗША, то ўсе пяць праграм сышлі ў мінус, але значна менш, чым Х.
Прычына падзення аўдыторыі мабільнай праграмы Х можа быць звязаная з расчараваннем карыстальнікаў у кантэнце, тэхнічнымі праблемамі платформы, а таксама ростам папулярнасці платформаў, сканцэнтраваных на ўсё больш папулярным фармаце кароткіх відэа — Instagram і TikTok. Частка аўдыторыі можа перацякаць у Threads — аналаг Х ад Meta.
Акрамя таго, ад сацсеткі сталі адварочвацца рэкламадаўцы. Раней Маск публічна паслаў іх «к чорту», толькі трохі грубей. У Sensor Tower кажуць, што 75 з 100 топавых амерыканскіх рэкламадаўцаў платформы знізілі выдаткі на рэкламу тут з кастрычніка 2022 года.
Пры гэтым штомесячная аўдыторыя Х, паводле яе ж даных, складае 550 млн чалавек — на 1,5 больш, чым у мінулым ліпені. Колькасць спамповак Х у лютым у ЗША, паводле даных Apptopia, дасягнула 2,9 млн разоў. Гэта на 14% больш год да года, але ўсё роўна менш за тыя 3,7 млн, якія праграма набрала ў кастрычніку 2022 года.
Читать на dev.by