«Хачу пасвіць гусей». Топ-10 кампаній, куды айцішнікі (не) хочуць трапіць у 2026. І чаму
Мы запыталіся ў чытачоў, якую ІТ-кампанію яны б выбралі, калі б у 2026 ім надалася магчымасць уладкавацца ў любую.
Хітрасць асабліва не спрацавала. Самы часты адказ — ні ў якую! Кожны чацвёрты-пяты аддаў бы перавагу застацца ў сваёй кампаніі — што гэта, лянота ці патрыятызм?
Кожны шосты, так і быць, пайшоў бы ў Google. Прыкладна 8-9% рэспандэнтаў згадзіліся на SpaceX і CD Projekt Red. У Netflix, Microsoft, Apple і Perplexity — і таго менш. І амаль ніхто не хоча ў Open AI і Meta! Горш справы толькі ў EPAM з Amazon.
Зрэшты, многія паставіліся да пытання вельмі сур’ёзна і накідалі свае варыянты, якіх ім не прапанавалі. Там — SAP, Bloomberg, Cursor, Cloudflare, Blackberry, Goodbuy Kansas, Unfrozen, Valve.
Вось чаму айцішнікі хочуць туды, куды хочуць:
- «Меншае зло»
- «Не палаю любоўю да Гугла, але з усіх пералічаных ён менш за ўсё касячыць. Трэба гэта выправіць!»
- «Працую з AI, хацеў бы працягнуць, але ў вялікай прадуктовай кампаніі».
- «Вялікая зарплата, тэхнічная кампанія, шмат магчымасцяў, на піку ўсяго».
- «Ствараюць самы лепшы прадукт у маёй сферы».
- «I’m working there».
Cursor
«Моцна веру ў іх вялікі поспех і іх прадуктам карыстаюся сам пастаянна. І гэта пакуль не такая вялізная карпарацыя, як Anthropic ці Google».
SpaceX
- «Цікавая сфера дзейнасці кампаніі».
- «Летуценнік».
- «Адзіная са спіса адказвае за прагрэс чалавецтва як віду, а не абслугоўвае грамадства спажывання».
Blackberry
«qnx, embedded».
Perplexity
«Добрыя рэчы робяць».
Meta
«Ёсць знаёмыя».
Unfrozen
«На Unity распрацоўваюць крутыя гульні».
Netflix
- «У іх пастаянна нестандартныя рашэнні».
- «Люблю кіно».
- «Грошы, статус»
Microsoft
- «Стабільнасць, высокія зарплаты, офіс у Польшчы»
- «Як ні круці, але большую долю добрых інструментаў у IT рабіла і робіць менавіта Microsoft. Плюс зараз яны часткова сталі open source, што ўдвая павялічыла буст».
- «Стэк у маім напрамку; кампанію некалькі разоў прызнавалі лепшым працадаўцам; яшчэ з падлеткавага ўзросту было цікава, як менавіта Майкрасофт уладкаваны знутры».
Open AI
«Актыўна карыстаюся іх прадуктамі».
Goodbuy Kansas
«Лепшая студыя графікі ў свеце».
CD Projekt Red
- «Мару аб гэймдэве, але зараз франтэндзер ангуляр».
- «Звязана з відэагульнямі, размешчаны адносна блізка да маёй радзімы».
- «Вартыя праекты, не настолькі глыбока зайшло выкарыстанне AI».
Apple
«Падабаецца іх прадукцыя».
Valve
«Унікальная кампанія па ўладкаванні, плюс люблю геймдэв».
Пераможца ў намінацыі — «застануся ў сваёй кампаніі»:
- «Не люблю вялізныя карпарацыі».
- «Ад дабра дабра не шукаюць».
- «Працуе — не чапай, жыццё і так невясёлае».
- «Ёсць досвед працы ў буйных кампаніях. Яны развітыя, але моцна завязаныя на свае ўнутраныя інструменты, якія па-за гэтымі кампаніямі не патрэбныя».
- «Не хачу ў патагонку трапіць. Па мне, можна і ў меншых кампаніях нядрэнна зарабляць і мець нашмат менш стрэсу».
- «Добры work-life balance і грошай хапае».
- «Шмат плацяць».
- «Таму што мне і ў Гугле добра».
«Ну іх усіх!»
Але не ўсе хочуць у вялікія/вядомыя карпарацыі. У некаторых запыты па сутнасці:
- «Адназначна нешта маленькае, лакальнае, магчыма нават стартап. Ну, або [хацеў бы] сысці ў іншыя сферы, не звязаныя з ІТ».
- «[Хачу працаваць] там, дзе цікавыя задачы, life balance, шмат грошай».
- «Добрая прадуктовая кампанія, якая ўжо вырасла са стартапа і прыносіць прыбытак».
А пара-тройка чалавек парвала шаблон, паслаўшы карпарацыі куды падалей:
- «Я выгарэў, ну іх усіх нафіг».
- «Ні ў якую, хачу пасвіць гусей і даўншыфціць, а не працаваць на карпарацыі зла».
Так і запішам: «Навагодняе жаданне імярэк: пасвіць гусей».
Читать на dev.by