Мастакі зладзілі масавы пратэст супраць нейрасетак
Платформу ArtStation, на якой мастакі з усяго свету дзеляцца сваімі працамі, запоўніла адная і тая ж выява, апублікаваная мноства разоў рознымі карыстальнікамі сэрвісу, расказвае «Код Дурава».
На малюнку ў чырвоным перакрэсленым крузе напісана «AI», а ўнізе сказана: «Не выявам, створаным штучным інтэлектам».
Усё пачалося ў аўторак, калі многія аўтары пачалі адкрыта выказвацца супраць выкарыстання нейрасетак для генерацыі кантэнту, бо апошнім часам на галоўнай старонцы рэсурсу з’яўляюцца якраз выявы, створаныя АІ, а не арыгінальныя працы. Многіх карыстальнікаў рэсурсу гэта абурае, бо ўжо неаднаразова былі выпадкі, калі працы нейрасетак траплялі ў раздзел Explore, а гэта найпапулярнейшы спосаб дэманстрацыі сваёй працы сярод іншых аўтараў.
Мастакі лічаць несправядлівым тое, што іх уласныя працы супастаўляюцца з малюнкамі нейрасетак. Гэта звязана з тым, што АІ-алгарытмы не прыдумляюць нечага новага, а навучаюцца на працах рэальных мастакоў, пераймаючы іх стыль. Пасля навучання такія сістэмы паспяхова капіруюць большую частку выяў рэальных мастакоў і ствараюць на іх аснове новыя працы, выдаючы за ўласныя.
Сярод мастакоў існуюць розныя меркаванні наконт нейрасетак і іх перспектыў у мастацтве. Так, некаторыя лічаць, што «машына перамагла», а мастакам застаецца толькі ствараць унікальныя творы мастацтва, якія нейрасеткі не змогуць выкарыстоўваць для саманавучання праз недахоп даных.
Іншыя перакананыя, што штучны інтэлект будзе працаваць поруч з мастакамі над творчымі задачамі, але замяніць іх не зможа. Таксама адзначаецца, што навучанне нейрасетак на датасэтах з працамі мастакоў адбываецца з парушэннем ліцэнзійных правоў на выявы і мае рэгулявацца.
Супраць нейрасетак змагаюцца не толькі мастакі, але і самі хостынгі выяў. Так, у верасні Getty Images з юрыдычным меркаванняў забараніў публікаваць працы, створаныя штучным інтэлектам.
Читать на dev.by