IGN: ашуканцы-падлеткі адмываюць на Roblox дзясяткі тысяч долараў
Журналісты IGN апублікавалі расследаванне пра ашуканцаў у Roblox — гульнявой платформе. Часта ўзломамі акаўнтаў займаюцца падлеткі, бацькі якіх не падазраюць пра дзясяткі тысяч долараў, заробленых несумленным шляхам.
Карыстальнікі на платформе Roblox могуць траціць спецыяльную прэміяльную валюту — робаксы. На іх можна купляць віртуальныя прадметы, цана якіх можа дасягаць дзясяткаў тысяч долараў. Таксама геймеры могуць набываць калекцыйныя рэчы ад вядомых брэндаў, якія пастаянна ладзяць калабарацыі з платформай.
Журналісты даведаліся пра існаванне супольнасці махляроў, якія дзейнічаюць на Roblox. У Discord-канале карэспандэнт сустрэў махляра, які заявіў, што займаецца крадзяжом прадметаў, а таксама паказаў скрыншоты ўзламаных акаўнтаў. Для ўзлому ашуканцы выкарыстоўваюць спецыяльны скрыпт, які дазваляе ўзломваць пін-коды гульцоў.
Узломшчык не расказаў дэталяў схемы махлярства, але паказаў журналісту скрадзеныя прадметы. Сярод іх былі калекцыйныя рэчы і даныя чыёйсьці крэдытнай карты. Выявілася, што хакеру ўсяго 13 гадоў, што ён пацвердзіў падчас сазвону. Падлетак расказаў, што зарабляе на ўзломах каля 2 тысяч еўра на тыдзень і нядаўна купіў сабе камп’ютар коштам 2600 еўра. Ён траціць грошы на сябе і сяброў, чым выклікае падазрэнні ў бацькоў.
Таксама ўзломшчыкі выхваляюцца адно перад адным сваёй «здабычай». У адным з каналаў яны абменьваюцца скрыншотамі з выкрадзенымі віртуальнымі прадметамі і подпісамі накшталт «EZ money!» («лёгкія грошыкі»). Іншы падлетак, які таксама зарабляе ўзломамі, звычайна высочвае маладых ахвяр з дарагімі прадметамі, бо іх лягчэй падмануць. Паводле слоў хакера, ён зарабляе каля $10 тысяч на тыдзень.
Ашуканцы прыдумалі схему «адмывання» грошай, для гэтага яны выкарыстоўваюць «анлайн-Roblox-казіно», у якім робяць стаўкі на віртуальныя прадметы. Два карыстальнікі, якія ўдзельнічаюць у змове, пачынаюцца гуляць адно супраць аднаго ў гульню «кідок манеткі». Яны робяць стаўкі на скрадзеныя прадметы, якія на кароткі час пераходзяць акаўнт-боту, што належыць казіно. Калі казіно вяртае прадметы, яны робяцца ўжо «чыстымі» і іх можна прадаваць.
Як адзначае выданне, распрацоўшчыкі Roblox рэгулярна ўзмацняюць абарону платформы і імкнуцца рабіць яе бяспечнай для дзяцей. У верасні яны анансавалі пашыраны фільтр чата для дзяцей малодшых за 13 гадоў. Штодзённая аўдыторыя Roblox перавышае 58 мільёнаў карыстальнікаў.
Читать на dev.by