АІ-бот Grok стаў даступны падпісчыкам X
Чат-бот са штучным інтэлектам стаў даступны падпісчыкам сацсеткі тарыфу Premium, але пакуль толькі ў некалькіх краінах.
Першапачаткова Grok быў даступны падпісчыкам тарыфу Premium+, якія плацяць $16 на месяц, або $168 у год. Цяпер доступ атрымаюць падпісчыкі тарыфу Premium, якія плацяць $8 на месяц. Карыстальнікі змогуць выбраць адзін з двух рэжымаў узаемадзеяння з ботам: звычайны або жартаўлівы.
Ілан Маск прадстаўляе Grok як канкурэнта аналагічным ботам іншых кампаній, такім як ChatGPT ад OpenAI, Gemini ад Google і Claude ад Anthropic. Бізнэсмен падаў у суд на OpenAI, лічачы, што кампанія «здрадзіла» сваім некамерцыйным мэтам. Стартап падаў хадайніцтва з просьбай адхіліць пазоў Маска, а таксама апублікаваў перапіску паміж кампаніяй і мільярдэрам.
Паводле даных The Wall Street Journal, бізнэсмен збіраецца прыцягнуць да $3 мільярдаў блізкіх да яго інвестараў у капітал кампаніі-распрацоўшчыка xAI. Сярод тых, хто можа ўкласці буйную суму, крыніца выдання называе венчурны фонд Gigafund, заснаваны Люкам Носекам. Маск знаёмы з ім яшчэ з часоў PayPal.
Іншы верагодны інвестар — Стыў Джурветсан, знаёмы Маска, які займае пасаду ў радзе дырэктараў Space, як і Носек. Перамовы пакуль вядуцца, сума для xAI невялікая ў параўнанні з канкурэнтамі: OpenAI прыцягнула ад Microsoft $13 мільярдаў, Anthropic — больш за $6 мільярдаў.
Читать на dev.by