АІ заменіць жывых праграмістаў праз 5 гадоў — кіраўнік Stability AI
Заснавальнік і гендырэктар Stability AI Эмад Мостак у нядаўнім інтэрв’ю зрабіў смелы прагноз: прафесія праграміста вымра праз 5 гадоў. Кіраўнік кампаніі, вядомай оўпэнсорсным графічным генератарам Stable Diffusion, лічыць, што штучны інтэлект з часам будзе граць усё важнейшую ролю ў нашым жыцці і выцесніць жывых кодараў.
«Праз пяць гадоў праграмістаў не будзе», — заявіў прадпрымальнік. Між тым ён перакананы, што АІ зменіць свет да лепшага, а АІ-інструменты ў цэлым толькі пашыраць магчымасці людзей, а не створаць пагрозы замены.
Паводле яго слоў, ужо цяпер 41% усяго кода на GitHub напісаны АІ. За апошнія тры месяцы Stable Diffusion стала абыходзіць папулярнасцю на платформе такія крыптавалюты, як біткойн і эфір. Гэта сведчыць пра ўсё шырэйшы распаўсюд інструментаў на базе АІ.
Stability AI хоча не толькі быць лідарам у АІ-сферы: яна мае амбіцыйныя праекты ў розных галінах ад фолдынгу бялку і аналізу ДНК да моўных мадэляў і апрацоўкі аўдыявізуальных даных. У перспектыве кампанія задумваецца пра стварэнне асноў для комплекснай АІ-інфраструктуры з магчымасцю персаналізацыі.
Мостак лічыць, што ў найбліжэйшай будучыні карэнным чынам зменіцца камунікацыя людзей і доступ да інфармацыі. На яго думку, на працягу года АІ-мадэлі накшталт ChatGPT будуць усталёўвацца проста на смартфоны і не будуць патрабаваць падключэння да інтэрнэту.
Читать на dev.by