Інвестары: хайп вакол АІ становіцца вельмі падобны да бурбалкі даткомаў
Стыхійнае развіццё сферы штучнага інтэлекту можа скончыцца тым жа, што і бурбалка інтэрнэт-кампаній на мяжы тысячагоддзяў. Такое меркаванне выказаў дасведчаны ESG-інвестар Джэймс Пені ў гутарцы з Bloomberg.
«Кампаніям дастаткова проста згадаць слова „АІ“ у сваіх фінансавых справаздачах, каб іх акцыі падаражэлі. Гэта вельмі нагадвае тое, што адбывалася ў перыяд даткомаў», — адзначыў дырэктар па інвестыцыях у TAM Asset Management.
Бум даткомаў пачаўся пры канцы 1990-х, калі інвестары сталі масава ўліваць грошы ў інтэрнэт-кампаніі і іхнія каціроўкі ўзляцелі. Некаторыя, напрыклад, Amazon, паспяхова пераадолелі буру, але многія збанкрутавалі.
Паводле даных Банка Амерыкі, у адзін з тыдняў мая на фоне ажыятажу вакол АІ у тэхналагічныя фонды былі інвеставаныя рэкордныя $8,5 млрд. Паводле некаторых прагнозаў, аб’ём рынку генератыўнага АІ у 2032 годзе можа дасягнуць $1,3 трлн.
Мінулага месяца вытворца чыпаў — у тым ліку для АІ-задач — Nvidia нясмела пагрукаўся ў «клуб трыльянераў», калі яго рынкавая капіталізацыя ненадоўга перавысіла $1 трлн на працягу гандлёвага дня, а днямі ўпэўнена асталяваўся ў ім. Каціроўкі кампаніі за гэты год выраслі больш як на 170% і, на думку аналітыкаў, працягнуць расці.
Нягледзячы на тое што цяпер у АІ-сферы можна зрабіць вялікія грошы, Пені мяркуе, што ўсё можа скласціся сумна, калі людзі не перастануць раздзімаць хайп вакол АІ-прадуктаў. Ад гэтага перасцерагае і гендырэктар OpenAI Сэм Альтман: ён лічыць, што інвестары занадта захапіліся тэмай.
«Я думаю, рынак трохі забягае наперад. Я схіляюся да таго, што яму давядзецца прытармазіць», — дадаў Пені, падкрэсліўшы небяспеку такіх высокіх тэмпаў росту рынку.
Читать на dev.by