«Вырашыла нікому нічога не казаць». Як айцішніцы шукаюць працу ў цяжку
Варшаўскае бюро Bloomberg узначаліць цяжарная шэфіня. Дзяўчыну завуць Зося Ванат, яна напісала ў LinkedIn, што найманне жанчын у цяжку (а сама Зося на сёмым месяцы) мае быць нармальнай практыкай.
А мы пагутарылі з чытачкамі, якія таксама праходзілі сумоўі, быўшы цяжарнымі. І вось што з гэтага выйшла — у нас два кейсы.
«Я ўдзячная свайму кіраўніку, бо разумею, што ён мог бы сказаць: ідзі на бальнічны / у дэкрэт, — і ўзяць іншага джуна»
Яўгенія (імёны змененыя), тэсціроўшчыца, Беларусь:
— Спачатку трохі перадгісторыі: да таго, як увайсці ў ІТ, я працавала ў адной кампаніі ў Мінску, зацяжарыла — але страціла дзіця на маленькім тэрміне.
На працы я нікому не казала ні пра сваю цяжарнасць, ні пра тое, чаму раптам трапіла ў бальніцу, — але калі прынесла бальнічны ў аддзел кадраў, па офісе папаўзлі чуткі, якія неўзабаве дайшлі і да мяне. Думаю, дзяўчаты з аддзела кадраў загуглілі, што азначаюць лічбы і літары ў дыягназе і падзяліліся з кімсьці — а інфармацыя пайшла па ланцужку.
Тады быў канец года, ва ўсіх у нашым аддзеле міналі тэрміны кантрактаў. Мяне выклікаў да сябе кіраўнік і сказаў: прынятае рашэнне нікому кантракта не працягваць, а замяніць увесь аддзел новым софтам. Але мяне, «улічваючы сітуацыю», могуць пакінуць — маўляў, трэба камусьці кантраляваць працу софту. Але заробак мне знізяць на 30%.
Я не помніла сябе ад злосці: не праз тое, што нас захацелі замяніць, — а вось праз гэтае «ўлічваючы сітуацыю» (а яшчэ таму, што веданне «сітуацыі» не перашкодзіла ім прапанаваць мне толькі 60% ад майго ж заробку). Так што я сказала: «Не трэба ўлічваць маю сітуацыю, пра сваю падумайце», — і напісала заяву аб звальненні.
Я засталася без працы. Але, калі шчыра, я вырашыла, што так нават лепш: адпачну паўгода — аднаўлюся, як рэкамендаваў мой гінеколаг. А муж сказаў: калі цябе вырашылі замяніць софтам, то, можа, табе перавучыцца на таго, хто распрацоўвае софт, каб больш ніхто не мог адабраць у цябе працу.
Я пайшла на курсы Java-распрацоўнікаў, але вельмі хутка зразумела, што гэта не маё — і перавялася ў групу тэсціроўшчыкаў. Вось там мне сапраўды падабалася!
Калі, пасля заканчэння курсаў, стала шукаць працу, я зразумела, што ў цяжку. Памятаючы, чым скончылася першая цяжарнасць, вырашыла, што да 12 тыдняў наогул нікому нічога не скажу.
Адная эйчарка спытала ў мяне, ці не плануем мы з мужам дзяцей, я стушавалася і сказала: «Як атрымаецца», — потым сябе дакарала, што не прадумала адказ на такое пытанне загадзя.
У выніку мяне ўзялі на стажыроўку ў іншую кампанію, а пазней — і на працу. Да 20 тыдняў у мяне наогул не быў заўважны жывоцік. Затым ён пачаў акругляцца, але, паколькі была зіма, я перайшла на аб’ёмныя кардзіганы — ніхто б не здагадаўся. А потым раптам пачаўся кавід — і ўвесь наш офіс перайшоў на аддаленую працу. Для мяне гэта быў падарунак.
Так, праз нейкі час мне давялося прызнацца свайму менеджару, што я цяжарная — бо ў 30 тыдняў жанчыне ў Беларусі ўжо афармляюць бальнічны. Ён адрэагаваў нармальна (у яго ёсць дзеці). Я сказала, што хачу працягнуць працаваць, пакуль працуецца — а ён, засцерагаючы мяне, стараўся даваць нескладаныя задачы (цяпер я гэта разумею).
Нарадзіўшы дзіця, ужо праз 3 месяца я дамовілася, што буду патроху працаваць (з малым дапамагалі мамы — мая і мужава). А калі сыну споўнілася 1,5 года, я выйшла на поўны дзень.
Я ўдзячная свайму кіраўніку, бо разумею, што ён мог бы сказаць: ідзі на бальнічны / у дэкрэт, — і ўзяць іншага джуна. А ён важдаўся са мной і дапамог вырасці да мідла.
Калі пазней я шукала новую працу, эйчары некалькі разоў пыталіся, ці ёсць у мяне дзеці і як я буду працаваць з такім маленькім дзіцем. Я адказвала, што працую ад таго моманту, як сыну споўнілася тры месяцы — без аніякіх праблем. І калі кампанія задаволіць мае чаканні па зарплаце — я змагу аплачваць працу няні.
«Паводле законаў Вялікабрытаніі веданне пра цяжарнасць не павінна паўплываць на рашэнне пра офер»
Ганна, фронтэнд-распрацоўшчыца, Вялікабрытанія:
— Я шукала лепшую працу, будучы цяжарнай на ранніх тэрмінах. На жаль, у мяне пачаўся таксікоз — і пасля пары няўдалых сумоўяў, на якіх мне было цяжка сабрацца з думкамі, я вырашыла не працягваць, а адкласці пошук да лепшых часоў.
Эйчарам і рэкруцёрам я не казала пра сваё становішча — паводле законаў Вялікабрытаніі, дзе я працую, веданне пра цяжарнасць або яе адсутнасць не павінна паўплываць на рашэнне пра офер.
Пасля родаў я яшчэ 9 месяцаў фармальна лічылася на старой працы, пакуль не сышла шукаць новае месца. Мая статыстыка прыкладна такая: ~50 адпраўленых рэзюмэ, 10 прапаноў прайсці сумоўе, 1 офер.
Рэзюмэ пачала рассылаць у ліпені гэтага года, а ў 20-х чыслах жніўня ў мяне ўжо быў офер. На новую працу выйшла ў сярэдзіне кастрычніка.
Спецыяльна я нікога на сумоўях не апавяшчала, што маю маленькае дзіця. У маёй камандзе пра гэта ведаюць, але пакуль гэта не ўплывае на маю прадукцыйнасць і праца зробленая, — гэта не важна. Майму сыну амаль год, ён ходзіць у садок.
Читать на dev.by