У Coherent Solutions (ISsoft) на паўгода замарозілі заробкі. Для ўсіх краін
Амерыканская аўтсорс-кампанія Coherent Solutions прыняла пастанову на паўгода замарозіць перагляд заробкаў. Пра гэта супрацоўнікам паведаміў CEO і заснавальнік Ігар Эпштэйн. Рашэнне закранае ўсе без выключэння падраздзяленні ўнутры кампаніі, а таксама ўсе лакацыі, уключна з мінскім офісам распрацоўкі — ISsoft.
Такой інфармацыяй з dev.by падзяліўся супрацоўнік беларускай кампаніі.
У звароце да супрацоўнікаў (ёсць у распараджэнні рэдакцыі) Ігар Эпштэйн растлумачыў, што кампанія замарозіла заробкі зыходзячы з сітуацыі, якая склалася. У ліку прычын, якія паўплывалі на гэтае рашэнне — вялікая колькасць спецыялістаў на бэнчы, рост выдаткаў, праблемы з новымі заказамі.
Замарозка заробкаў працягнецца да 31 сакавіка 2023 года (рашэнне пачало дзейнічаць ад 19 кастрычніка — заўв. dev.by) для ўсіх лакацый. У Coherent Solutions ёсць офісы ў Беларусі, ЗША, Літве, Польшчы, Украіне, Балгарыі, Румыніі, Малдове, глабальны штат — 2000+ чалавек.
Пры гэтым усе павышэнні заробкаў, якія абмяркоўваліся або планаваліся ў перыяд замаразкі 19 кастрычніка — 31 сакавіка, ссоўваюцца на 6 месяцаў наперад (напрыклад, калі супрацоўнік разлічваў на павышэнне заробку ў снежні, яго чакае перанос на чэрвень).
Змены закранулі і спецыялістаў, якія паспелі атрымаць павышэнне заробку па выніках рэв’ю ў верасні. Наступнае рэв’ю, запланаванае для такіх супрацоўнікаў праз 12 месяцаў (у верасні 2023 года), будзе перанесенае на красавік 2024 года.
Паводле слоў Ігара Эпштэйна, кампанія разглядае замарозку заробкаў як папераджальны крок, які дазволіць захаваць рэсурсы ва ўмовах эканамічнай нявызначанасці. Ён удакладніў, што карпарацыя працягвае расці, але не так хутка, як чакалася.
CEO запэўніў супрацоўнікаў, што ў выпадку паляпшэння эканамічнай сітуацыі кампанія перагледзіць рашэнне пра замарозку заробкаў. Але ў дадзены момант кіраўніцтва не бачыць для гэтага перадумоў.
Між тым кампанія вырашыла не замарожваць асобныя выплаты.
Чаго (каго) не закранула замарозка:
- сацыяльных выплат;
- бонусаў пры прыёме на працу;
- бонусаў пры пераездзе ў іншую лакацыю;
- кампенсацыі пры легалізацыі;
- бонусаў за кіраванне групай;
- бонусаў за ўдзел у асэсментах і інтэрв’ю суіскальнікаў;
- супрацоўнікаў з заробкам ніжэйшым за верхнюю мяжу заробку джуна ў сваёй лакацыі;
- супрацоўнікаў, якія перайшлі з няпоўнага на поўны працоўны дзень.
Мы звярнуліся па падрабязнасці ў ISsoft, але там адмовіліся ад каментароў.
ISsoft заснаваная ў Мінску ў 2004 годзе. Гэта адзін з найбуйнейшых беларускіх распрацоўшчыкаў ІТ-рашэнняў для рынкаў ЗША і Заходняй Еўропы. Станам на чэрвень 2020 года ISsoft уваходзіла ў топ-10 найбуйнейшых беларускіх ІТ-кампаній, у Беларусі працавала 1200+ чалавек. Офісы кампаніі адкрытыя ў Мінску, Гомелі, Горадні і Берасці.
У матчынай кампаніі Coherent Solutions ёсць офісы ў ЗША, Балгарыі, Румыніі, Літве, Малдове, Украіне, Польшчы. Глабальны штат — 2000 + чалавек.
Читать на dev.by