З беларускага ІТ сышло 12 тысяч спецыялістаў. Падобна на тое, што адток запавольваецца
У ІТ-сектары (злёгку) знізіўся тэмп звальнення спецыялістаў. Паводле даных афіцыйнай статыстыкі, за жнівень з кампаній сышло каля 2,7 тысячы працаўнікоў. Дагэтуль у перыяд ад красавіка да ліпеня кампаніі штомесяц звальнялі па 3+ тысячы чалавек.
У сваю чаргу за жнівень нязначна падрасло найманне адносна ліпеня, але ў цэлым у параўнанні з мінулым годам яно ўпала больш як на чвэрць.
Усяго з пачатку года ІТ-сектар страціў ужо 12 тысяч спецыялістаў.
У жніўні ў параўнанні з леташнім жніўнем звольненых аказалася на 53% больш, але ў параўнанні з сёлетнім ліпенем — на 13% менш.
У сваю чаргу ІТ-вакансіі ў жніўні прыраслі пасля ліпеньскага антырэкорду. У жніўні на беларускім рынку было 5089 актыўных ІТ-вакансій. Гэта +11% да ліпеня.
За месяц упершыню з красавіка ІТ-кампаніі нанялі больш за 1000 новых супрацоўнікаў. Дагэтуль максімальная колькасць працаўладкаваных спецыялістаў была зафіксаваная ў чэрвені — 943.
Усяго за 8 месяцаў кампаніі нанялі больш як 9 тысяч новых супрацоўнікаў — на 26,5% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Звольнілася з ІТ-кампаній з пачатку года ўжо больш за 21 тысячу спецыялістаў. Гэта амаль удвая больш, чым за такі ж перыяд 2021 года. Нагадаем, што ўсяго за мінулы год кампаніі звольнілі 17 тысяч чалавек. То-бок толькі за 8 месяцаў гэтага года з кампаній сышло на 4 тысячы спецыялістаў больш, чым за ўвесь мінулы год.
Чысты адток кадраў з ІТ-сектара за жнівень склаў 1,6 тысячы спецыялістаў, за 8 месяцаў — 12 тысяч.
Читать на dev.by