ІТ-сектар страціў 13+ тысяч спецыялістаў. Пік звальненняў, відаць, пройдзены
У ІТ-сектары трэці месяц запар скарачаецца колькасць звольненых супрацоўнікаў. За верасень з кампаній сышло 2,3 тысячы спецыялістаў — гэта мінімум за апошнія сем месяцаў, вынікае з даных афіцыйнай статыстыкі.
Агульны адток спецыялістаў у галіне таксама запавольваецца. Усяго ад пачатку года ІТ-сектар скараціўся на 13,3 тысячы чалавек.
У верасні з кампаній звольнілася на 49,5% больш спецыялістаў, чым у верасні мінулага года. Але ў параўнанні са жніўнем гэтага года звольненых аказалася на 14% менш, а ў параўнанні з ліпенем — на 25% менш.
Калі ў красавіку-ліпені кампаніі звальнялі на месяц больш за 3 тысячы чалавек, то ў жніўні-верасні ўжо менш за 2,7 тысячы. Пры захаванні такой дынамікі ў чацвёртым квартале колькасць звольненых можа ўпасці да 1,2-1,8 тысячы на месяц.
Зрэшты, «мабілізацыйныя» эфекты яшчэ ўбачым у статыстыцы наступных месяцаў.
Найманне спецыялістаў пасля невялікага росту ў жніўні і верасні вярнулася да звыклых лічбаў апошніх месяцаў. Усяго кампаніі ўзялі на працу 967 чалавек. У параўнанні з вераснем мінулага года найманне знізілася на 54%, у параўнанні са жніўнем гэтага года — на 7,5%.
Сумарна за 9 месяцаў кампаніі нанялі 10+ тысяч новых супрацоўнікаў — на 30% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Звольнілася з ІТ-кампаній ад пачатку года больш за 23,4 тысячы спецыялістаў — амаль удвая больш, чым за такі ж перыяд 2021 года.
Чысты адток кадраў з ІТ-сектара за верасень склаў 1,3 тысячы спецыялістаў. Гэта мінімальная колькасць за апошнія паўгода. Сёлета толькі ў сакавіку адток быў ніжэйшы.
У цэлым за студзень-верасень чысты адток ІТ-спецыялістаў перавысіў 13 тысяч.
Читать на dev.by