ІТ-вакансіі ў Беларусі пікіруюць (то-бок прабіваюць дно) трэці месяц запар. Але ўсё крыху лепш, чым здаецца
Упершыню амаль за год мы звярнуліся да статыстыкі ІТ-вакансій у Беларусі на агульнадаступных інтэрнэт-рэсурсах. Паглядзелі — і ўбачылі новы калапс. Але ёсць і абнадзейлівыя навіны.
Пры канцы года мы вырашылі азірнуцца на крывую ІТ-вакансій за год (апошняе такое даследаванне dev.by рабіў у студзені). І выявілі, што — вы будзеце смяяцца — за гэты час рынак у Беларусі намацаў новыя глыбіні.
Большая частка крывой актыўных вакансій 2024 года пралягае крыху вышэй, чым крывая 2023 года. Аднак, пачынаючы ад верасня, яна рэзка і няўхільна пайшла ўніз, у выніку кастрычнік і лістапад (апошні месяц, па якім ёсць даныя) паставілі новыя антырэкорды: 3562 і 3113 актыўных вакансій. Лістападаўскае гістарычнае дно на 14,7% глыбейшае за леташняе снежаньскае — тады мы канстатавалі правал, абумоўлены крызісам, памножаным на сезонны фактар.
Традыцыйна снежань — час святаў і падвядзення вынікаў і, адпаведна, найгоршы месяц для наймання, а восень яшчэ актыўны сезон. Аднак ад пачатку верасня да пачатку снежня колькасць актыўных ІТ-вакансій скарацілася на 39%.
На столькі ж за апошнія тры месяцы ўпала і колькасць актыўных кампаній. Новае дно — 1302 актыўныя кампаніі — пралягае на 24% глыбей, чым правал снежня 2023 года. І верагодна, у снежні яно апусціцца яшчэ ніжэй.
Параўноўваць цяперашняе становішча з рэаліямі пазамінулага жыцця сэнсу няма, але ўсё ж нагадаем: на піку попыту, вясной-летам 2021 года, актыўных кампаній было ў тры з лішкам разы больш, актыўных вакансій — у пяць з лішкам разоў больш.
Дзеля справядлівасці заўважым, што такая адмоўная дынаміка характарызуе не столькі ІТ-галіну, колькі рынак офісных вакансій у Беларусі ў цэлым. У зводную статыстыку акрамя ІТ-пазіцый могуць трапляць таксама каляайцішныя вакансіі накшталт SEO, SMM і запраўшчыка картрыджаў. І ёсць падставы меркаваць, што менавіта паляпшэнне дакладнасці класіфікацыі/фільтрацыі на інтэрнэт-рэсурсах такога кшталту вакансій прывяло да рэзкага абвалу паказчыкаў мінулай восенню. Груба кажучы, запраўшчыкі картрыджаў сышлі з катэгорыі ІТ у нейкую іншую, і на графіку ўтварыўся правал. Зрэшты, гэта не да канца тлумачыць, чаму падзенне працягваецца тры месяцы запар.
У любым выпадку, каб ацаніць рынак уласна ІТ-вакансій, лепш глядзець на крывую ў разрэзе ПВТ. І ў гэтым пункце нараджаецца слабая нагода для аптымізму.
Калі год таму дынаміка ў разрэзе ПВТ была горшая за зводную, то сёлета яна крыху лепшая. Прынамсі антырэкордаў сёлета яна не ставіла. Самы нізкі пункт — 736 актыўных вакансій і 192 актыўныя кампаніі — быў якраз у снежні 2023 года. Ад тых часоў назіраліся ўздымы і падзенні. Аднак у сярэднім крывая-2024 ляжыць на паўпаверха вышэй за крывую-2023.
Першыя чатыры месяцы года колькасць актыўных вакансій і кампаній планамерна расла і ў красавіку дасягнула 1405 і 310 адпаведна. Пасля прыкладна 15-адсоткавага падзення ў маі былі пяць месяцаў адноснай стабільнасці. У лістападзе крывая зноў пайшла ўніз, вярнуўшыся прыкладна да майскага ўзроўню, аднак цяперашнія адзнакі — 1184 актыўныя вакансіі і 264 актыўныя кампаніі — усё ж прыкметна вышэйшыя за леташнія.
Чым абумоўленае калі не паляпшэнне, дык спыненне нястрымнага падзення ІТ-вакансій у рэзідэнтаў ПВТ? З усяго відаць, вычарпаннем рэзерваў для далейшай рэлакацыі кампаній і абнаўленнем складу рэзідэнтаў Парка. Іншымі словамі, новыя рэзідэнты абнаўляюць вакансіі лепш, чым гэта рабілі тыя, хто сышоў.
Яшчэ адзін фактар — рост расійскіх заказаў, якія стымулююць аўтсорс у Беларусі. Наш кастрычніцкі агляд ІТ-вакансій у аўтсорсе паказваў, што даволі актыўна наймаюць Innowise Group, Belhard, Andersen, Aston. Акрамя таго, прыкметную ролю ў ажыўленні наймання відавочна адыграла пашырэнне ў Беларусі расійскага прадукту, перш за ўсё T-Банка (Тинькофф Цэнтр Распрацоўкі) і «Лесты». Вось тут мы пісалі пра тое, якія прадуктовыя кампаніі ў Беларусі каго наймаюць.
Ад студзеня 2018 года мы агрэгуем аб’явы пра беларускія вакансіі для ІТ-спецыялістаў на 20 агульнадаступных інтэрнэт-рэсурсах — джаббордах (уключаючы jobs.dev.by і rabota.by) і агрэгатарах вакансій — і пераўтвараем іх у аналітычныя метрыкі. Ад ліпеня 2020 года ў базе даных улічваюцца таксама вакансіі ў Linkedin.
Такім чынам, 2024 год прадэманстраваў, з аднаго боку, новы антырэкорд на беларускім рынку ІТ-вакансій, з другога — некаторую стабілізацыю ўласна айцішнага найму, у разрэзе ПВТ. Хутчэй за ўсё гэта вынік абнаўлення складу ПВТ, павелічэння расійскага попыту і таго, што падаць асабліва больш няма куды. Што тычыцца антырэкорду ў цэлым па рынку, ёсць падставы меркаваць, што ён носіць тэхнічны характар і колькасць рэальных вакансій знаходзіцца прыкладна на ўзроўні мінулага года або крыху вышэйшым.
Ці можна назваць гэта поспехам? Хіба што на фоне катастрафічнага правалу папярэдніх гадоў. Нягледзячы на сякія-такія пазітыўныя зрухі ў рэзідэнтаў ПВТ, рынак ІТ-наймання ў Беларусі па-ранейшаму знаходзіцца ў дэпрэсіўным стане.
Читать на dev.by