З-за мяжы можна! ІТ-курсы няможна. Яшчэ падрабязнасці пра новы падатак
Падатковы камітэт працягвае праліваць святло (рознай ступені яркасці) на нюансы ППД для айцішнікаў.
Аўтар тэлеграм-канала Айці людзі Андрэй Пакляк адправіў у падатковую пералік пытанняў пра ППД і атрымаў пісьмовыя адказы. dev.by абраў галоўнае.
Працаваць на ППД з-за мяжы можна. Ніякіх перашкод падаткавікі не бачаць
«Заканадаўствам не прадугледжанае абмежаванне па месцы знаходжання плацельшчыка падатку на прафесійны даход».
І легалізаваць грошы з замежных рахункаў таксама можна?
Больш за тое, здаецца, падаткавікі кажуць, што грошы могуць паступаць на замежныя рахункі.
«Заканадаўствам прадугледжана атрыманне наяўных грашовых сродкаў, а таксама паступленне замежнай валюты на рахункі плацельшчыка ў банках, як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і па-за яе межамі».
Магчыма, гэта намёк тым айцішнікам, якія адкрылі ІП у Грузіі і вярнуліся ў Беларусь: на радзіме не супраць таго, каб з грошай, атрыманых на грузінскія рахункі, заплацілі ППД.
Лепш удакладняць у кожным канкрэтным выпадку асобна. Дакумент-адказ Андрэю Пакляку наўрад ці зберажэ вас ад праблем.
Праз фрыланс-біржы працаваць можна
Тут адказ дакладны.
«ІТ-паслугі можна аказваць праз фрыланс-біржы з прымяненнем падатку на прафесійны даход».
Навучаць ІТ і англійскай на ППД няможна
Тут таксама адказ ясны. Трактоўка такая: курсы і навучанне — не рэпетытарства.
Рэпетытарства — гэта «дача кансультацый, накіраваных на аказанне дапамогі ў засваенні змесціва асобных вучэбных прадметаў, навучальных дысцыплін, адукацыйных галін, тэм, у тым ліку дапамога да падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання».
Ці можна ў ППД дызайнерам, BA, эйчарам ды іншым «нетэхнічным» айцішнікаў? Зноў незразумела
ПК не раз заяўляў, што аказваць ІТ-паслугі па ППД можна. Але што лічыць ІТ-паслугамі? Ці можна працаваць на новым падатку бізнэс-аналітыкам, дызайнерам, тэхрайтарам, эйчарам, рэкруцёрам і да т. п.?
ПК спасылаецца на вядомы пп. 4.12 у саўмінаўскім пераліку відаў дзейнасці (распрацоўка вэб-сайтаў, усталяванне (наладжванне) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп’ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп’ютары), а таксама артыкул 7 закона (той, які пра працу праз інтэрнэт).
Але ў тым і рэч, што з артыкулам 7 усё незразумела: далёка не ўсе паслугі ў сеціве падпадаюць пад ППД у трактоўцы падаткавікоў.
Дык ці можна ў ППД бізнэс-аналітыкам, дызайнерам, тэхрайтарам, эйчарам і рэкруцёрам? Адказ на канкрэтнае пытанне максімальна размыты: можна «толькі з улікам усіх пададзеных вышэй абставін».
У ліку гэтых абставін — шмат разоў паўтораныя ўмовы пра тое, што праца мусіць выконвацца самастойна, аддалена, заказчык не павінны быць наймальнікам і г. д.
Відавочна, мае сэнс задаваць пытанне пра ІТ-паслугі зноў і зноў.
Читать на dev.by