Выдавец «танкаў» у Беларусі і Расіі адхрышчваецца ад ініцыятывы Wargaming у дапамогу Украіне
Учора Wargaming анансаваў новую акцыю, у рамках якой геймеры могуць набыць тэматычныя наборы ў шэрагу гульняў, а атрыманыя сродкі будуць накіраваныя на падтрымку Украіны. Кампанія Lesta Games, якая выдае «Свет танкаў» і «Свет караблёў» у Беларусі і Расіі, паспяшалася заявіць пра недатычнасць да дабрачыннай ініцыятывы.
«С 2022 года мы оперируем проектами „Мир танков“, „Мир кораблей“ и „Tanks Blitz“ на территории России и Беларуси. Наши проекты вне политики и мы не имеем отношения к иным играм и проектам схожей тематики», — подчеркнула Lesta в своём Telegram-канале.
«Ад 2022 года мы аперуем праектамі „Свет танкаў“, „Свет караблёў“ і „Tanks Blitz“ на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Нашыя праекты па-за палітыкай, і мы не маем дачынення да іншых гульняў і праектаў падобнай тэматыкі», — падкрэсліла Lesta ў сваім тэлеграм-канале.
Пецярбургская студыя настойліва рэкамендавала сваім гульцам «быць уважлівымі пры здзяйсненні плацяжоў і пакупак анлайн, каб не парушаць заканадаўства Расійскай Федэрацыі або Рэспублікі Беларусь». Яна дадала, што выступае за выкананне правілаў і прынцыпаў паводзін на ўсіх сваіх публічных рэсурсах і пляцоўках.
Нагадаем, у красавіку 2022 года Wargaming абвясціў аб сыходзе з Расіі і Беларусі і прадаў бізнэс у гэтых краінах расійскай «дачцэ». Lesta атрымала правы на гульні World Of Tanks і World of Warships тут пад брэндамі «Свет танкаў» і «Свет караблёў», а Wargaming — на міжнародным рынку.
Wargaming ахвяруе грошы пацярпелай ад вайны Украіне ўжо паўтара года. Напрыклад, кампанія накіравала $1 млн на медыцынскую дапамогу і абсталяванне ў першы тыдзень вайны, а таксама перадала $100 тысяч на дапамогу пацярпелым ад разбурэння Кахоўскай ГЭС.
Читать на dev.by