Ізраіль знік з карт кітайскіх анлайн-сэрвісаў
Кітайскія інтэрнэт-карыстальнікі звярнулі ўвагу, што на картах мясцовых тэхнагігантаў Alibaba і Baidu чамусьці больш не адлюстроўваецца назва Ізраіля, піша Wall Street Journal.
Пры гэтым міжнародна прызнаныя межы блізкаўсходняй дзяржавы паказаныя як раней. Таксама на картах прысутнічаюць палесцінскія тэрыторыі і назвы гарадоў і іншых лакацый найбліжэйшых краін, у тым ліку Кіпра, Іарданіі і Ірака.
Калі менавіта адбылася такая трансфармацыя з кітайскімі анлайн-картамі, невядома. Але мясцовыя карыстальнікі абмяркоўваюць змяненне ад моманту атакі ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка.
У каментары The Telegraph прадстаўнік Baidu зняпраўдзіў, што Ізраіль быў наўмысна прыбраны з карт кампаніі. «Там, дзе прастора абмежаваная, нашыя карты могуць не адлюстроўваць назваў або сцягоў некаторых тэрыторый», — адзначыў ён, дадаўшы, што знайсці патрэбныя краіны і зоны ў Baidu Maps можна пры дапамозе пошукавай функцыі.
Як адзначае Associated Press, Кітай выступае за існаванне незалежнай палесцінскай дзяржавы і заклікае да неадкладнага спынення агню і аказання гуманітарнай дапамогі палесцінцам. Пекін адмовіўся асудзіць ХАМАС, але заявіў, што выступае супраць любых нападаў на грамадзянскае насельніцтва.
Аднак простыя інтэрнэт-карыстальнікі ў Кітаі выказваюцца куды менш дыпламатычна: у мясцовай — і строга мадэраванай — сацсетцы Weibo з’явілася мноства антысеміцкіх пастоў. Людзі абвінавачваюць у вайне ў Газе ЗША і выказваюць падтрымку Палесціне.
Читать на dev.by