Распрацоўшчык Jira і Trello адключае ўсіх карыстальнікаў з Беларусі
Atlassian цалкам згортвае працу з кліентамі з Беларусі і Расіі ад 31 кастрычніка 2022 года.
Нам паведамляюць пра першыя блакаванні: невялікі мінскі стартап 1 снежня не змог зайсці ў свой акаўнт у Jira.
У сакавіку 2022 года Atlassian абвясціла, што мае намер працягнуць працу з невялікімі бізнэсамі з Беларусі і Расіі (сумы, эквівалентныя даходу ў гэтых краінах, планавалася ахвяраваць Украіне). Аднак у верасні гэтае рашэнне змянілася «праз дзеянні расійскага ўрада супраць украінскага народа, якія працягваюцца, і прымус бізнэсу падтрымліваць гэтае незаконнае ўварванне».
— Мы невялікая кампанія ў складзе ПВТ. Зрабілі акаўнт кампаніі ў Jira яшчэ ў 2019–2020 годзе. Пасля пачатку вайны многія з супрацоўнікаў пераехалі, але ў некаторых профілях засталася лакацыя «Мінск». У тым ліку і ў профілі чалавека, які адказвае за плацяжы. 1 снежня наш Jira-праект перастаў працаваць, — кажа дырэктар кампаніі, які пажадаў захаваць ананімнасць.
Паводле яго слоў, апавяшчэнняў ад Atlassian кампанія не атрымала і да блакавання не рыхтавалася. Спачатку каманда падумала, што сэрвіс «упаў».
— Напісалі ў падтрымку. Нам адказалі, што не працягнулі падпіскі і заблакавалі доступ да сэрвісу, бо мы з Беларусі, а Jira пачала блакаваць падпіскі на ўсе сэрвісы з Расіі і Беларусі. З іх ліста зразумела, што калі падпіска была на месяц (лістапад), то сэрвіс будзе заблакаваны. Для астатніх — да канца аплачанага перыяду.
На гэты момант камандзе недаступныя тэхнічная дакументацыя, бэклог і задачы па праектах. Кіраўніцтва спрабуе аднавіць доступ да сэрвісу або дамовіцца пра абнаўленне даных.
Цяпер кампанія выкарыстоўвае Google Docs.
— Спадзяемся, што адновім Jira, каб зрабіць бэкап. Калі адновім, будзем разглядаць падобныя сэрвісы. Пасля такога досведу карыстацца гэтым прадуктам не хочацца.
Калі вы таксама сутыкнуліся з гэтай праблемай і (не) знайшлі рашэнне, напішыце нам у Telegram-бот @devby_insight_bot.
Аўстралійская Atlassian ад 2002 года стварае софт для кіравання распрацоўкай. Найбольш вядомыя прадукты — Jira, Confluence. У 2017 годзе кампанія набыла распрацоўшчыка сэрвісу кіравання праектамі Trello.
Читать на dev.by