Сертыфікаваны рамонт новых айфонаў будзе каштаваць дорага. Але многія беларусы ведаюць і іншыя спосабы прывесці смартфон ад Apple да прытомнасці.
19 верасня першыя пакупнікі новых iPhone 17 і iPhone Air атрымалі свае смартфоны ў Аўстраліі і Новай Зеландыі — з гэтых краін пачаліся продажы новай лінейкі гаджэтаў ад Apple. Зрэшты, некаторыя журналісты і блогеры змаглі ацаніць навінкі раней. Сярод цалкам прадказальнага спісу пераваг і недахопаў, якія знайшлі карыстальнікі новых айфонаў у «раннім доступе», звяртае на сябе ўвагу «эксперымент» Рэйманда Вонга, у якога iPhone Air выпаў з кішэні.
Паводле слоў журналіста, прылада практычна не пацярпела: «Утварылася некалькі зусім нязначных пацёртасцяў па кутах, але 6,5-цалевы дысплэй застаўся без адзінай драпіны».
Аднак, пасля пачатку продажаў iPhone 17 пакупнікі скардзіліся, заўважаючы драпіны на дэманстрацыйных мадэлях новых айфонаў.
За тыдзень да старту продажаў новай лінейкі Apple раскрыла кошт негарантыйнага рамонту новых смартфонаў — і, натуральна, ніякай эканоміі ў параўнанні з рамонтам айфонаў ранейшых пакаленняў тут няма.
Так, замена экрана ва ўсіх чатырох новых мадэлях абыдзецца ў $329. Замена батарэі ў iPhone 17 каштуе $99, у трох астатніх мадэлях $119. А за ліквідацыю няспраўнасцяў, якія трапляюць у катэгорыю Other damage («Іншыя пашкоджанні»), афіцыйны сайт Apple прапануе заплаціць $599 для iPhone 17, $699 для iPhone Air, $749 для iPhone 17 Pro і $799 для iPhone 17 Pro Max.
Apple прэзентавала iPhone 17 і самы тонкі iPhone Air
Такі прайс-ліст можа адпудзіць ад наведвання аўтарызаваных сэрвісных цэнтраў многіх «яблычнікаў», якія не раскашэліліся на гарантыйную праграму AppleCare. Менш дарагія паслугі па рамонце айфонаў прапануюць і неаўтарызаваныя сэрвісы — праўда, часам з непрадказальным вынікам.
Сваім досведам рамонту смартфонаў Apple з намі падзяліліся беларускія ўладальнікі ў розных лакацыях. У некаторых выпадках гэты досвед аказаўся даволі яскравым.
«Камера не вытрымала такога напору вады, а бойфрэнд перайшоў у катэгорыю «былых»
Ксенія (Польшча):
— У мяне вельмі багатая гісторыя з рамонтамі айфонаў. Напэўна, таму, што я не вельмі асцярожна абыходжуся з тэлефонамі.
Першы айфон з’явіўся ў мяне ў 2017 годзе. Гэта быў iPhone SE першага пакалення. Вельмі яго люблю, трымаю ў шуфлядцы да гэтуль. Першы раз прыйшлося яго рамантаваць у 2019 годзе. Прыехала ў Польшчу да бойфрэнда і вырашыла абнавіць iOS. І тэлефон перастаў уключацца. Я запанікавала, аднесла яго першы выпадковы сэрвіс мабільнікаў на суседняй вуліцы. Адрамантавалі недзе за 10 хвілін, кошту не памятаю.
Потым я вярнулася ў Мінск, пайшла на канцэрт беларускіх рэпераў. І ад радасці SE-шка выпала з рук, моцна пабіўся экран. На шчасце, мая знаёмая сустракалася з уладальнікам сэрвісу рамонту тэлефонаў, і ён памяняў мне экран па сабекошце, за 90 рублёў.
У кавідную вясну 2020 я ехала на заняткі ў аўташколу. Маленькая SE-шка выпала з кішэні, экран зноў разбіўся. І яго зноў прыйшлося мяняць у тым жа месцы.
Пазней я пераехала ў Польшчу і купіла сабе iPhone SE другога пакалення. З ім таксама былі праблемы. Спачатку мой бойфрэнд вырашыў праверыць яго воданепранікальнасць і засунуў яго пад горны вадаспад. Камера мабільніка не вытрымала такога напору вады, а бойфрэнд перайшоў у катэгорыю «былых». А затым я паехала катацца на байдарках і ўтапіла тэлефон. На шчасце, добры сябар працаваў у сэрвісе мабільных тэлефонаў і камп’ютараў і памяняў часткі, што выйшлі з ладу, зноў па сабекошце (нешта ў раёне 200 злотых).
Восенню 2023 года адбылося самае страшнае. Я набыла сіроп ад кашлю, паклала ў сумку, але дрэнна закрыла бутэлечку. І яе змесціва разлілося на тэлефон. Гэта была не проста вада. А салодкая, густая вадкасць. У выніку «памёр» дынамік тэлефона. Як мне потым сказалі, сіроп трапіў на нейкую плату, і адрамантаваць прыладу ўжо не атрымаецца. Я паплакала, таму што не планавала расставацца са шматпакутнай SE-шкай. Але прыйшлося.
Цяпер у мяне iPhone 14 Pro. На шчасце, яшчэ ні разу не аддавала яго ў сэрвіс.
«З двух дохлых айфонаў зварганілі адзін працоўны, прычым за адэкватныя грошы»
Іван* (Беларусь):
— Некалькі разоў рамантаваў айфон у адным і тым жа месцы. Знайшоў яго пасля многіх няўдалых спроб. Гэта NewtonLabs у Мінску, на Кірава 19. Там працуюць вельмі добрыя спецыялісты. Калі трэба зрабіць цуд — гэта да іх. У маім выпадку яны з двух дохлых айфонаў (5S) зварганілі адзін працоўны, прычым за адэкватныя грошы. Калі правільна памятаю, гэта было 150 рублёў у 2019 годзе.
Бонусам — у іх добры сайт з указаннем коштаў, і ёсць свой YouTube канал, прысвечаны тэматыцы гаджэтаў Apple. Шмат гадоў рэкамендую іх сябрам і знаёмым.
Алеся* (Беларусь-Польшча):
— У Беларусі я заўсёды рамантавала айфоны ў Newton Labs. Гэта лепшыя хлопцы, і па стаўленні да кліента, і па прафесіяналізме. Могуць увогуле не ўзяць грошай, калі там проста нешта ўмоўна пачысціць трэба было.
Аднойчы пры рамонце (замена экрана) здарыўся брак, шлейф адышоў. Так хлопцы самі арганізавалі адпраўку тэлефона ў сэрвісны цэнтр Apple у Вільню, і назад мне прыйшоў новы на замену. А на час зацягнутага рамонту мне далі тэлефон на замену.
Столькі разоў ратавалі мне шкло і батарэі. Увогуле, максімальна станоўчы быў досвед. Па коштах — я дакладна не згадаю, ужо не ў Беларусі, даўно да іх не хадзіла. Але, наколькі памятаю, кошты заўсёды адпавядалі тым, што пазначаны ў іх на сайце. Праўда, часам яны прапануюць нейкі неарыгінальны аналаг неабходнай дэталі — тады кошт можа быць нават танней за той, што пазначаны на сайце. З апошняга — мама мяняла дысплэй на «сямёрцы». І нібыта гэта каля 200 рублёў было, але больш за год таму. Пакуль, дарэчы, у яе больш нічога не ламалася.
Пасля пераезду ў Польшчу карысталася паслугамі AppleFix ва Ўроцлаве. На iPhone 12 Pro летам 2022 года памяняла заднюю накрыўку і шкло камер за 850 злотых. Замена батарэі на тым жа айфоне абышлася ў 400 злотых (прыкладна 95 еўра), на iPhone X замена батарэі і экрана каштавала 650 злотых (150 еўра).
«Прынеслі новую прыладу — а праз чатыры дні яе ў мяне скралі»
Сяргей (Беларусь):
— Рамонт iPhone даводзілася рабіць у Мінску, у YourApple. Не ведаю, наколькі сертыфікавана гэта майстэрня, яны сябе называлі «сэрвісам Apple». Гэтай вясной я рамантаваў iPhone12 Pro для пляменніка. Вырашыў яму аддаць свой стары, разбіты і з дохлым акумулятарам.
Мне памянялі батарэю (не арыгінал, але тэлефон нармальна яе вызначыў), і цалкам заднюю панэль, уключаючы зону вакол камер. Абышлося ўсё ў 280 рублёў.
Годам раней у гэтым жа тэлефоне цалкам мяняў модуль экрана з матрыцай, тады рамонт абышоўся ў $200. Дэталь была арыгінальнай. Але ў заменнага экраннага модуля праз месяц «памёр» тачскрын. Я тады быў не ў Беларусі, прыйшлося зноў яго мяняць у іншым сэрвісе.
Алег* (Іспанія):
— Я рабіў рамонт даўным-даўно. Годзе так у 2015, калі выйшаў iPhone 5 ці 5s. А ў новым смартфоне была праблема — сім-модуль адвальваўся. Я якраз з сябрамі паехаў у Барселону. Зайшоў там у фірмовы цэнтр Apple на праспекце Пасеа-дэ-Гарсія, паказаў праблему, і праз пяць хвілін мне прынеслі новую прыладу. Усё бясплатна.
Я яго актываваў, перанёс дадзеныя. А праз чатыры дні яго ў мяне скралі ў Льёрэт-дэ-Мар [курортным горадзе на поўнач ад Барселоны].
Як беларускія выпускнікі паступаюць у Польшчу і Расію — і ці паўплывала вайна. 4 гісторыі
dev.by шукаў маладых людзей, якія паступілі сёлета ў ВНУ за мяжу, — адгукнуліся 4 чалавекі. Двое выбралі Польшчу, яшчэ двое Расію (для аднаго гэта часовы варыянт, ён плануе перапаступіць налета).
Спыталі ў хлопцаў, як яны выбіралі ВНУ, куды паступалі аднакласнікі і як на выбар паўплывала поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну (і ўчорашнія навіны пра мабілізацыю).
EnCata будзе штампаваць заводы, якія штампуюць дамы
«Будаўнічая галіна цалкам дысфункцыянальная», — кажа СЕО EnCata Алег Кандрашоў. І прапануе «рэанімаваць будаўніцтва»: паўтарыць поспех Генры Форда і запусціць канвеер, які будзе штампаваць модульныя дамы. А яшчэ — запусціць мабільныя заводы з гэтымі канвеерамі.
Першы тэставы дом з жалезнымі сценамі і вокнамі ў падлогу ўжо пабудаваны — у ім 2 гады як жыве СЕО. А зараз у Вялікім камені дабудоўваюць тэставы завод.
Ці ёсць будучыня ў праекта і якая, расказвае dev.by Алег Кандрашоў.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.