Як будуць перадаваць кампаніі пад вонкавае кіраванне. І чым рызыкуе ІТ
Урад вызначыў парадак перадачы пад часовае вонкавае кіраванне. dev.by дазнаўся меркавання юрыста.
Пастанова Саўміна № 56 ад 24 студзеня 2023 года зацвердзіла Палажэнне пра парадак перадачы камерцыйных арганізацый пад часовае вонкавае кіраванне. Яно прынятае ў мэтах выканання амаль аднайменнага закона. Згодна з гэтым законам, нагадаем, пад часовае вонкавае кіраванне могуць быць перададзеныя камерцыйныя арганізацыі, удзельнікамі якіх з’яўляюцца «асобы з замежных дзяржаў». Любых, а не толькі тых, што прызнаныя недружалюбнымі.
Такім чынам, як гэта будзе? Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам фармуюць рэестры кампаній, зыходзячы з іх значнасці для рэгіёнаў, і аналізуюць іх дзейнасць «на прадмет наяўнасці падстаў для перадачы пад часовае вонкавае кіраванне».
Падставы:
— кіраванне камерцыйнай арганізацыяй уласнікам фактычна спыненае;
— кіраўніцтва распачынае «эканамічна неабгрунтаваныя дзеянні, якія могуць прывесці да фактычнага спынення дзейнасці, ліквідацыі і (або) банкруцтва такой камерцыйнай арганізацыі, прычынення шкоды камерцыйнай арганізацыі».
— іншыя выпадкі, вызначаныя Саўмінам.
Калі кампаніі ў рэестры няма, а падставы ёсць, яе ўсё роўна могуць аддаць пад вонкавае кіраванне.
Выканкамы інфармуюць пра свой намер Саўмін і прымаюць рашэнне «па выніках разгляду» ўрадам «накіраванай інфармацыі».
Потым прызначаецца часовы кіраўнік кампаніі. Ён атрымлівае заробак за кошт дадзенай кампаніі, яго памер ад 1 да 4 сярэдніх зп па краіне. Колькі менавіта, вырашыць выканкам.
Акрамя гэтага, у студзені моцна падаўжэў спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Там цяпер 30+ ІТ-кампаній (а ўсяго — амаль 1900). Ім забаронена адчужаць долі (акцыі) без дазволу Мінфіна. А яшчэ рэарганізоўваць юрыдычныя асобы і выходзіць з іх «акцыянерам з недружалюбнай дзяржавы».
dev.by спытаў юрыста, як на практыцы можа выглядаць вонкавае кіраванне ІТ-кампаніяй і якія рызыкі для ІТ-бізнэсу нясуць падвойныя абмежаванні: вонкавае кіраванне з аднаго боку і забарона на адчужэнне долей/рэарганізацыю/выхад з іншага.
Чаму ІТ у зоне рызыкі
— Цяпер выканкамы створаць рэестры і будуць глядзець, ці ўсё ў кампаній як мае быць паводле названых крытэраў. Да тых, у каго не, будзе павышаная ўвага.
ІТ-кампаніі ў зоне рызыкі. Многія з іх згарнулі або згортваюць дзейнасць у Беларусі, бізнэс фактычна рэлакуецца ў суседнія краіны, а беларускія юрыдычныя асобы выкарыстоўваюцца выключна для наймання людзей, якія з нейкіх прычын не могуць рэлакавацца.
Выканкамы могуць параўнаць паказчыкі ўмоўна 2021 і 2022 года (або I і II паўгоддзя 2022 года) і прыйсці да высновы, што «ўласнікам маёмасці камерцыйнай арганізацыі ўчыненыя эканамічна неабгрунтаваныя дзеянні, якія могуць прывесці да фактычнага спынення дзейнасці, ліквідацыі і (або) банкруцтва такой камерцыйнай арганізацыі, прычынення шкоды камерцыйнай арганізацыі». І ўвесці вонкавае кіраванне.
Натуральна, гэта тычыцца толькі прадпрыемстваў з замежнымі інвестыцыямі. Кампаній з выключна беларускім складам удзельнікаў гэта не павінна закрануць (прынамсі, юрыдычных падстаў да гэтага няма).
Чаму кампаніі без замежнага ўдзелу таксама пацярпяць
Вонкавае кіраванне і забарона на адчужэнне долей — розныя інструменты і яны па-рознаму ўплываюць на бізнэс.
Забарона на адчужэнне долей для «недружалюбных» паўплывае на тыя кампаніі, якія плануюць прыцягнуць інвестыцыі за кошт увядзення новага ўдзельніка і памяншэння долі «сваёй кіпрскай кампаніі».
а) па-першае, адчужаць долю сапраўды няможна, а ўваход удзельніка праз дадатковы ўнёсак не факт што спрацуе (дэ-юрэ гэта не адчужэнне долі замежнага ўдзельніка, але ўсё роўна незразумела, як на гэта паглядзіць выканкам: бо доля ў лічбах паменшыцца);
б) па-другое, у патэнцыйных інвестараў няма гарантый, што іх не ўключаць у спіс «недружалюбных» з усімі вынікамі.
Фактычна гэтыя два аспекты — рызыка вонкавага кіравання для кампаній з замежным удзелам і істотнае пашырэнне спісу кампаній, у якіх нерэзідэнтам забаронена адчужаць долю — згулялі супраць і чыста беларускіх кампаній, якія жадалі прыцягнуць замежнага ўдзельніка.
У такой сітуацыі замежны ўдзельнік альбо не пойдзе на ўгоду наогул, альбо пойдзе зусім на іншых умовах (будзе патрабаваць вялікіх гарантый/фінансаваць з вялікім дысконтам), ніж пры стабільным заканадаўстве.
Верагодна, частка кампаній сыдзе з рынку, падаўшыся на ліквідацыю і сплаціўшы ўсе неабходныя кампенсацыі. Такім чынам, яны проста панясуць больш выдаткаў, ніж пры паступовым згортванні дзейнасці.
Які эфект ад вонкавага кіравання
З перадачы ІТ-кампаніі пад вонкавае кіраванне таксама нічога добрага не атрымаецца.
Эфект такі ж, як і ад затрымання топ-менеджараў любой беларускай кампаніі. Заказчыкі адмаўляюцца працаваць з кампаніяй, калі ёю не кіруе СЕО, якому яны давяраюць, і яна з прыбытковай адразу ж робіцца стратнай. Трымаць людзей трэба, а плаціць зп ужо няма за што.
Читать на dev.by