Рынак пад замежнікамі, а вінаваты ПВТ. Улады плануюць замяніць замежны софт беларускім за 5 гадоў

Чыноўнікі збіраюцца найбліжэйшымі пяццю гадамі скараціць выкарыстанне ў краіне замежнага софту за кошт распрацовак і ўкаранення айчыннага. Такія планы прапісаныя ў Канцэпцыі забеспячэння суверэнітэту ў сферы лічбавага развіцця да 2030 года.

Паглядзелі, якія пагрозы бачаць чыноўнікі ў імпартным софце і як збіраюцца пераарыентаваць ІТ-кампаніі на распрацоўку софту для ўнутраных карыстальнікаў.

42 каментарыя

Імпартны софт дамінуе

Як адзначаюць аўтары канцэпцыі, рынак ІКТ у Беларусі сёння манапалізаваны замежнымі кампаніямі.

«Лічбавае развіццё ва ўмовах адкрытасці эканомікі для інавацый абумовіла дамінаванне імпартных праграмных рашэнняў у лічбавай інфраструктуры і залежнасць ад іх», — гаворыцца ў дакуменце.

Гэта прывяло да вялікіх выдаткаў на куплю і суправаджэнне імпартных праграмных прадуктаў. Як вынік — «значныя фінансавыя сродкі працуюць на эканоміку замежных дзяржаў», — адзначаюць аўтары канцэпцыі.

У дакуменце не агучваюцца сумы выдаткаў на куплю імпартнага софту і яго доля ў беларускай эканоміцы. Белстат таксама перастаў публікаваць гэтую інфармацыю.

Некалькі гадоў таму доля выкарыстоўванага імпартнага софту, паводле даных афіцыйнай статыстыкі, толькі ў кампаніях ІКТ перавышала 80%. Гадавыя выдаткі на куплю замежнага софту ў ІКТ перавышалі 70 млн долараў. На софт, распрацаваны ў Беларусі, кампаніі трацілі каля 15 млн долараў.

ПВТ не дапамог

У сітуацыі з дамінаваннем замежнага софту, паводле слоў аўтараў канцэпцыі, часткова вінаватыя і рэзідэнты ПВТ. Бо «задавальненне нацыянальных патрэб у сферы лічбавага развіцця не з’яўлялася прыярытэтным напрамкам дзейнасці буйных ІТ-кампаній».

Кампаніі ПВТ пераважна арыентаваліся на экспарт тавараў і паслуг у ЗША, Вялікабрытанію і іншыя краіны. 

«У сувязі з гэтым дзяржаўныя арганізацыі сутыкнуліся з адсутнасцю айчынных аналагаў замежных аперацыйных сістэм і сістэм кіравання базамі даных, спецыялізаваных праграм для 3D-мадэлявання і іншых, а таксама з праблемамі сумяшчальнасці распрацаваных раней інфармацыйных сістэм са свабодным софтам», — гаворыцца ў канцэпцыі.

Беларускія ўлады ўжо некалькі гадоў спрабуюць прымусіць рэзідэнтаў ПВТ больш працаваць у інтарэсах беларускай эканомікі.

У прыватнасці, у сакавіку 2023 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ПВТ трэба «жорстка варухнуць» у частцы распрацовак для краіны.

— Статус ІТ-краіны прадугледжвае стварэнне прадукту для ўласнай эканомікі. Для гэтага даваліся прэферэнцыі, аддачы пакуль не вельмі відаць, — выказаў незадаволенасць Лукашэнка. — Ці памятаеце вы, з якімі цяжкасцямі мы сутыкнуліся, калі супраць нас увялі тэхналагічныя санкцыі? Мы ўбачылі, як залежныя ад замежнага софту і якія рызыкі гэта нясе. Уявіце, да чаго маглі б прывесці збоі ў софце на буйных хімпрадпрыемствах, або, напрыклад, на АЭС.

Тады ж ён заявіў, што «стварэнне айчыннага софту і яго ўкараненне маюць стаць прыярытэтам для ўсіх арганізацый, якія займаюцца распрацоўкамі».

— Падтрымку стварэння новых інфармацыйных тэхналогій маюць атрымаць не толькі рэзідэнты ПВТ. А Парку трэба сур’ёзна ўключацца ў гэты працэс, ствараць новыя канкурэнтныя прадукты ў інтарэсах краіны, пакідаючы інтэлектуальныя распрацоўкі тут.

Верагодна, ва ўмовах сыходу з краіны многіх беларускіх і замежных ІТ-кампаній гэтая задача яшчэ больш ускладнілася. Што праўда, у Мінсувязі і інфарматызацыі сцвярджаюць адваротнае. 

Там заявілі, што ва ўмовах падзення экспарту (у 2023 годзе ІТ-экспарт знізіўся на 15% — з $3,2 млрд да $2,7 млрд) дзяржава прапанавала ІТ-кампаніям развіваць бізнэс у тым ліку за кошт заказаў на ўнутраным рынку. У Мінсувязі і інфарматызацыі сцвярджаюць, што гэтай магчымасцю рэзідэнты ПВТ сталі актыўней карыстацца.

— ПВТ досыць актыўна пераарыентаваў свае распрацоўкі. Калі раней Парк 13% распрацовак даваў на ўнутраны рынак, то цяпер мы ўжо фіксуем 40-45%, — заявіла пры канцы мінулага года намесніца міністра Ганна Рабава. 

Тэхпадтрымка і санкцыі

Аўтары канцэпцыі паказалі на яшчэ адную праблему, звязаную з залежнасцю ад замежнага софту.

Імпартныя праграмныя рашэнні, набытыя да ўвядзення санкцыйных абмежаванняў, «пазбаўляюцца тэхнічнай падтрымкі з боку пастаўшчыка ў парушэнне ўмоў набыцця».

У шэрагу выпадкаў замежныя праграмныя прадукты маюць крытычнае значэнне для вытворчых працэсаў. Іх замена не ўяўляецца магчымай, «а стварэнне айчынных аналагаў занадта затратнае», прызнаюць распрацоўшчыкі дакумента. 

Сітуацыю пагоршылі і ўведзеныя супраць Беларусі санкцыі. Праз іх у ІТ-кампаній паўсталі цяжкасці з прыцягненнем інвестыцый. Акрамя таго, многім з іх дзеля працягу працы з заходнімі заказчыкамі прыйшлося рэлакавацца. Адпаведна распрацоўкі таксама «сышлі» з краіны. 

Зрэшты, гэта не перашкаджае ўладам рабіць заявы пра чаканы тэхналагічны прарыў у распрацоўках.

У красавіку мінулага года міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заявіў, што ў Беларусі хочуць стварыць сваю аперацыйную сістэму, браўзер і офісны пакет. У верасні Лукашэнка расказаў пра планы распрацаваць у Беларусі айчынны мабільны тэлефон са сваім праграмным забеспячэннем.

ІТ-кадры для лічбавага суверэнітэту ў дэфіцыце

Асобна аўтары канцэпцыі закранулі праблемы падрыхтоўкі ІТ-кадраў.

Паводле іх слоў, айчынная сістэма падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў ІКТ адстае ад патрэб лічбавай эканомікі.

Паводле ацэнак распрацоўшчыкаў канцэпцыі, доля спецыялістаў, якія забяспечваюць лічбавы суверэнітэт, у агульным аб’ёме занятых складае ўсяго 4% і «істотна саступае перспектыўным планам Еўрапейскага Саюза (10% да 2030 года)».

Пры канцы мінулага года прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка таксама паскардзіўся, што беларускія ВНУ рыхтуюць недастаткова інжынераў для эканомікі. А тыя, хто прыходзіць на прадпрыемствы, выяўляюцца «сырымі» спецыялістамі, якіх трэба перавучваць. 

Што прапаноўваюць?

Паводле слоў распрацоўшчыкаў канцэпцыі, нізкі ўзровень укаранення айчынных лічбавых распрацовак — адзін з фактараў «адставання Беларусі на сусветным рынку высокатэхналагічнай прадукцыі і новых вытворчых тэхналогій».

Праблему прапаноўваюць вырашаць комплексна. Вось некаторыя з прапанаваных мер:

  • стварэнне нацыянальнага рэестра айчыннага софту;
  • стварэнне і ўкараненне механізмаў стымулявання дзейнасці беларускіх кампаній, якія распрацоўваюць айчынны софт;
  • мінімізацыя рызык сыходу з рынку распрацоўшчыкаў і пастаўшчыкоў софту;
  • паўторнае выкарыстанне софту, распрацаванага за кошт бюджэтных сродкаў.

У якасці адной з мер развіцця нацыянальнай ІТ-індустрыі аўтары таксама прапаноўваюць распрацаваць заканадаўчую базу для прыярытэтнага выкарыстання айчыннага софту на тэрыторыі Беларусі, а таксама яго тэхнічнай падтрымкі, суправаджэння і мадыфікацыі. 

Яшчэ адная ідэя — перайсці ад выкарыстання софту з закрытым зыходным кодам да свабоднага софту.

На думку аўтараў канцэпцыі, дзяржава мае стымуляваць «выкарыстанне свабоднага софту, асабліва ва ўмовах санкцыйнага ціску, для распрацоўкі або зборкі айчыннага софту».

Прапануецца стварыць у Беларусі супольнасць распрацоўшчыкаў, якая будзе ствараць «айчынны софт на аснове адкрытага софту».

«Большасць краін свету сутыкнулася з залежнасцю ад замежнага сістэмнага і прыкладнога софту. Шэраг краін у мэтах эканоміі дзяржаўных сродкаў перайшоў на свабодны софт (Індыя, Бразілія, Венесуэла, Эквадор, Уругвай, Балівія і іншыя).

Больш развітыя краіны пачалі такі пераход пазней і трапілі ў залежнасць ад замежных праграмных прадуктаў, паколькі дадзеныя рашэнні атрымалі шырокае распаўсюджванне і патрабуецца адаптацыя пад іх уласныя распрацоўкі», — патлумачылі распрацоўшчыкі канцэпцыі сваю ідэю.

Чыноўнікі сабраліся ратаваць ІТ у 2024. Вось які план
Па тэме
Чыноўнікі сабраліся ратаваць ІТ у 2024. Вось які план

Читать на dev.by