Айцішнікі палічылі, як за год змяніўся кошт жыцця ў Беларусі
Спыталіся ў айцішнікаў, што жывуць у Беларусі, як змянілася пакупная здольнасць іхніх заробкаў — на фоне астываючага рынку працы і росту цэн.
Пра даступнасць звыклых тавараў і тэхнікі спыталіся таксама.
Змест
Зп $3500
«Раней на цэннікі ўвагі не звяртаў, цяпер шукаю зніжкі»
- Пазіцыя: Software Engineer
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $3500
- Штомесячныя выдаткі: $1500-1700
— Апошнія год-два я пакідаю з заробку адную і тую ж суму, якую трачу на працягу месяца, — каля 1100-1200 долараў. Гэтая сума не змянілася нават пасля шлюбавання. Проста раней яна трацілася інакш і бяздумней. У гэтую суму ўваходзіць купля/дастаўка ежы, таксі, купля бытавой хіміі, спантанныя пакупкі, якія можна і не рабіць, абанементы і г. д. Дадаткова каля 400 долараў сыходзіць на арэнду жытла з камуналкай, інтэрнэтам, яшчэ каля 300 долараў даю жонцы на дробныя выдаткі, астатняе адкладаю.
Калі раней ад 1100-1200 долараў магло штосьці застацца па выніках месяца, то цяпер магу выйсці ў нуль. Я не вяду ўліку выдаткаў і не адсочваю дынамікі цэн, але звыклы спажывецкі кошык прыйшлося скарэктаваць дзеля эканоміі, бо цэны на тавары звыклых брэндаў значна выраслі. Акрамя таго, раней на цэннікі ў крамах я ўвагі моцна не звяртаў, а цяпер уважліва вывучаю зніжкі (але перавагу акцыйным таварам аддаю не заўсёды).
Пры бягучых выдатках імкнуся адкладаць на месяц мінімум 1000 долараў. Калі не ўзнікае непрадбачаных выдаткаў, можна адкласці і 1500 долараў, а ў выпадку буйных пакупак можна сысці ў мінус. Вольныя грошы лічу за лепшае трымаць пад падушкай, але частка грошай ляжыць на картрахунках розных банкаў.
Даступнасць звыклых/жаданых тавараў на фоне санкцый
Дастаць можна ўсё. Пытанне толькі ў фінальным кошце і часе чакання, так як спецыфічны тавар «пад склад» вазілі рэдка, бо ён мог заляжацца, а цяпер для прадаўцоў гэта ўвогуле страціла сэнс.
Напрыклад, тэхніка Apple усё яшчэ трапляе ў Беларусь па розных схемах. Прычым імпарт здараецца адкуль не чакалі. Нядаўна купляў жонцы Apple Watch, і на каробцы была прылепленая этыкетка на ўкраінскай мове.
Але сёння не заўсёды атрымаецца набыць у гандлёвых аб’ектах усё што хочаш. Даводзіцца выкручвацца і шукаць тых, хто можа прывезці тое, чаго няма ў наяўнасці ў аніводнай краме нават па неадэкватнай цане.
Вось прыклад. Я маю хобі — ігру на гітары. Кожныя колькі месяцаў (а часам і тыдняў) трэба праводзіць руцінную аперацыю па замене струн, якія быццам бы ёсць у продажы, але не заўсёды адпаведныя. Знайсці ў крамах неабходнае спалучэнне «вытворца + калібр струн» часам немагчыма, бо камплект проста перасталі вазіць праз тое, што «не хадавы». А калі нейкім цудам атрымліваецца знайсці, то цана ўразіць у дрэнным сэнсе. Таму расходнікамі затарыўся ў запас праз знаёмых, якія ехалі ў Беларусь з Польшчы.
Ёсць альтэрнатыва. У гітарных кулуарах ужо пару гадоў ёсць тэорыя пра тое, што старыя струны можна кіпяціць у вадзе, пасля чаго яны будуць як новыя. Эфектыўнасць метаду не пацверджаная, але ўсё пакуль ідзе да таго, што неўзабаве пачнем правяраць.
Вось яшчэ прыклад. Перыядычна ў продажы можна знайсці новыя наборы LEGO, але асобныя тэматычныя серыі зніклі з крамаў. Пра цэны маўчу, задавальненне і раней было не з танных. Але пад заказ — калі ласка, што заўгодна прывязуць і не па самай куслівай цане. Альтэрнатыва — фабрыка цацак «Палессе» і куча кітайскіх копій LEGO па даступнейшай цане. Мінус — пры зборцы можна зламаць пальцы.
Яшчэ ў дэфіцыце апынуліся рознага роду касметыка і сродкі па доглядзе валасоў/цела/твару. Жонка шмат што купляе пад заказ. Чакана знік шэраг замежных медыцынскіх прэпаратаў і БАДаў. Але штосьці можна легальна правозіць праз мяжу. Складаней стала з выбарам адзення і абутку. Мы і раней часта куплялі іх не ў Беларусі, а цяпер гэта стала яшчэ актуальнейшым. Напрыклад, няма нармальнага выбару якасных красовак вялікіх памераў.
Зп $3000
«Адкладваць, як і год таму, атрымліваецца 1-2 тысячы долараў на месяц»
- Пазіцыя: Senior Backend Software Engineer
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $3000+
- Штомесячныя выдаткі: $1000-2000
— Мае паўсядзённыя выдаткі выраслі. Каля 220 долараў трачу на арэнду кватэры разам з камунальнымі плацяжамі. На харчаванне сыходзіць 550-600+ долараў на месяц. Сярод іншых пастаянных артыкулаў выдаткаў — таксі і каршэрынг. На гэта ідзе 100-200 долараў на месяц. На health and fitness (трэнажорка, дактары, лекі, догляд, масаж і г. д.) трачу 50-80 долараў на месяц.
Заўважыў рост цэн у кавярнях і рэстаранах, выраслі цэны на тэлефоны, ноўтбукі. Прыкметная адсутнасць некаторых тавараў. Напрыклад, знікла некаторая тэхніка для разумнага дома, асобныя прысмакі.
Адкладаць, як і год таму, атрымліваецца ад 1 да 2 тысяч долараў на месяц. Грошы захоўваю ў доларах: частка наяўнымі дома, частка ў банку.
Зп $2500
«Адкладваю ў 2 разы больш, ніж год таму, бо вырас заробак»
- Пазіцыя: Middle Frontend Developer
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $2500
- Штомесячныя выдаткі: $700-850+
— Ад лістапада мінулага года мой заробак вырас амаль у два разы (на 1100 долараў), але ягоная пакупная здольнасць падае праз інфляцыю.
Многія тавары падаражэлі на 10-40% за год-паўтара ў залежнасці ад катэгорыі. Галоўным чынам я гэта заўважаю падчас закупаў да свят.
Падаражэў фактычна ўвесь асартымент недарагіх тавараў, якія я купляю: малочныя прадукты, прысмакі (цукеркі, вафлі), кашы хуткага прыгатавання, хлеб, пельмені, мяса (курыца, свініна), чыпсы, вада, гародніна/садавіна, каўбаса, сасіскі. Тое, што раней каштавала 1,5 рубля, цяпер можа каштаваць 2-2,5 рубля. Здаецца, у грошах прырост невялікі, але па факце — рост на 50%. Падаражэлі і дарагія тавары (алкаголь, тэхніка, дарагія прадукты), але ў працэнтных адносінах менш.
У цэлым на прадукты і дастаўку ежу можа сыходзіць каля 250-450 долараў на месяц. Што праўда, дастаўка ежы — гэта, на мой погляд, лішні артыкул выдаткаў, таму я стараюся яго скараціць.
Тэхніку паспеў абнавіць летам мінулага года. Але ўжо тады сутыкнуўся з бедным выбарам добрых камплектуючых для камп’ютара і вялікай нацэнкай. У Расіі такі ж камп’ютар абышоўся б на той момант на 20% танней.
Каля 350 долараў у сярэднім трачу на арэнду кватэры з улікам камуналкі і інтэрнэту. Але ад месяца да месяца гэтыя выдаткі могуць моцна адрознівацца ў сувязі з тым, што я магу заплаціць адразу за некалькі месяцаў наперад. Каля 150-200+ долараў сыходзіць на забаўкі, 30-40 долараў — на таксі. У цэлым выдаткі за месяц складаюць 860—1400 долараў.
Кожны месяц мне ўдаецца адкладаць 1000—1500 долараў. Гэта ў 2-2,5 разы больш, ніж год таму, за кошт росту заробку. На дадзены момант мне ўдалося назапасіць каля 8-10 тысяч долараў. Частка грошай ляжыць на валютнай карце, частка захоўваецца дома гатоўкай. Буйных пакупак у цяперашняй сітуацыі не планую.
Таксама штомесяц каля 80-100 долараў трачу на розных крыптабіржах. Я больш спекулянт, ніж інвестар. Штомесяц укладаю 1-2 угоды, купляючы/прадаючы штосьці. У ліку апошніх актываў, з якімі былі ўгоды, — нафта, S&P500, Shopify, Paypal, Unity. Самыя ўдалыя ўгоды — Shopify, Paypal і нафта. Напрыклад, Shopify паспеў некалькі разоў купіць/прадаць з 25-30% прыбыткам. Таксама ёсць паспяховыя прыклады аперацый з S&P500. Даход ад угоды атрымаўся ў раёне 10 працэнтаў.
Цяпер разважаю над магчымасцю з’ехаць. З аднаго боку, баюся пераязджаць, з другога, думаю, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца.
Зп $2000
«Эканоміць не пытаюся, купляю што падабаецца»
- Пазіцыя: QA
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $2000
- Штомесячныя выдаткі: $400
— Апошнія паўгода трачу ў сярэднім 400 долараў на месяц. Год таму траціла больш — недзе 550 долараў. Траты зменшыліся, бо за гэты час купіла аднапакаёвую кватэру з рамонтам за 65000+ долараў (уласныя сродкі). Таму больш не трэба плаціць за арэнду. Іншыя траты, магчыма, і павялічыліся, але пытанне пра дзясяткі долараў на месяц, то-бок без дакладнага падліку я такога не заўважу.
На прадукты, камуналку, праезд, дробныя выдаткі ідзе каля 250 долараў на месяц. Гэта мінімальныя траты, калі я нічога сабе не купляла. Каля 150 долараў на месяц — гэта вопратка, абутак, пакупкі ў кватэру, кнігі.
Самая буйная пакупка — мабільнiк Xiaomi за 320 долараў. Спачатку думала пра іншыя фірмы. Раней карысталася самсунгамі, часам і Apple. Але фірма была не прынцыповай, выбірала ў асноўным па характарыстыках. У некітайскіх вытворцаў быў малы выбар мадэляў і цана за аналагічныя мадэлі ў 1,5-2 разы большая. Таму ў выніку спынілася на Xiaomi.
Траты на месяц складаюць 20% майго заробку, таму эканоміць не спрабую, купляю што падабаецца.
Раней сабраныя грошы пайшлі на пакупку кватэры. Пасля 2020 года дэпазітамі карыстацца не рызыкую. То-бок пакуль проста трымаю грошы дома. Не вырашыла, што буду з імі рабіць. Калі не будзе форс-мажораў з тэрміновым пераездам або доўгім сядзеннем без працы, то хутчэй за ўсё ў будучыні грошы пойдуць на змену кватэры і/або дэкрэт.
Зп $1000
«Кінуў курыць»
- Пазіцыя: Java developer, ІП па кантракце
- Кампанія: расійская, аўтсорс
- Заробак: $1000+
- Штомесячныя выдаткі: $850+
— Пасля пачатку [поўнамаштабнай] вайны ва Украіне мой заробак, які я атрымліваю ў расійскіх рублях, спачатку ўпаў, а пазней (летам) вырас праз курсавыя розніцы. Але цяпер у пераліку на валюту я атрымліваю больш за 1000 долараў, або прыкладна на 40% менш, ніж год таму. Гэта звязана, па-першае, з курсавымі розніцамі, па-другое, з падаткамі, якія выраслі для ІП.
Хачу паразмаўляць з кіраўніцтвам пра падвышэнне заробку, але ўсё збіраюся з думкамі. Складана гэта рабіць, калі кожнае атрыманне заробку — гэта латарэя: ці прыйдуць грошы ў 15-х або 25-х чыслах, ці месяц іх увогуле не будзе, а потым прыйдуць адразу два заробкі.
На месяц трачу каля 2500 беларускіх рублёў. Гэта больш, ніж год таму. Прычым тады я мог адкладаць нейкія грошы, а цяпер такой магчымасці няма. Асноўныя артыкулы выдаткаў стандартныя: прадукты, ЖКГ (кватэра свая, таму за арэнду не плачу), паліва, рэчы, рэдка нейкія незвычайныя пакупкі ў падарунак родным. Звычайныя прадукты даражэюць у геаметрычнай прагрэсіі. Прыкметна падаражэлі цыгарэты, гародніна, мясная прадукцыя. У цэлым амаль усе прадукты выраслі ў цане на 10-40%.
Стаў менш карыстацца службамі дастаўкі. Кінуў курыць, каб не марнаваць грошы і здароўе.
У дадзены момант спрабую знайсці працу ў Еўропе, разглядаю, у прыватнасці, Польшчу. Адгукнуўся прыкладна на 100 вакансій, часам мне таксама пішуць у лінкедзіне, але пакуль далей за размову з HR справа не даходзіла. Разлічваю на заробак 1500-2000 еўра.
Дарэчы, калі ў профілі ў сацсетках стаіць РБ, ніхто нават не адказвае, даводзіцца хлусіць, што я ўжо ў Польшчы. З дапамогай сяброў зрабіў e-sim, каб адказваць на званкі (балазе маю польскую працоўную візу).
«Стала часцей гатаваць»
- Пазіцыя: PM
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $1000+
- Штомесячныя выдаткі: $700
— Пры канцы мінулага года я мяняла працу, знайшла новую, але з заробкам на 20% меншым, ніж было. Трапляліся вакансіі з заробкамі пабольш, але так атрымалася, што ў мяне выявілася мала досведу працы ў той ролі, на якую мяне ўзялі ў кампанію. Планую яшчэ раз змяніць працу, але з’язджаць не збіраюся.
На месяц у мяне сыходзіць каля 700 долараў. Год таму выдаткі былі прыкладна такімі ж, але за гэтыя ж грошы можна было больш сабе дазволіць.
Асноўныя выдаткі — арэнда жытла (250 долараў) і прадукты харчавання (каля 300 долараў). Дэфіцыту тавараў не назіраю, бо запатрабаванні сціплыя, але цэны выраслі. Напрыклад, заўважыла, што падаражэла садавіна/агародніна, асабліва несезонная, кава, гарбата, каўбасы.
Пачала радзей купляць гатовую ежу. Я працую з дому, таму магу гатаваць. Перастала купляць напоі, акрамя гарбаты, кавы. Тавары бытавой хіміі выбіраю ў асноўным айчынныя. Адзенне і абутак купляю вельмі рэдка, тэхніку таксама. Ноўтбук купіла ў сакавіку мінулага года за 1000+ долараў.
Пры бягучых даходах і расходах удаецца адкладаць каля 300 долараў. Але бывае і менш.
«Вымушаны праходзіць сумоўе на сеньёра»
- Пазіцыя: Systems engineer
- Кампанія: аўтсорс
- Заробак: $1000+
- Штомесячныя выдаткі: $500+
— За апошні год мой заробак не змяніўся. Апошняе павышэнне было роўна год таму, калі прайшоў сумоўе з джуна на мідла. Праз пару месяцаў заняў ролю каардынатара L3 Support каманды, а заробку так і не перагледзелі, толькі два разы далі прэмію за перфоманс. Хаця з улікам абавязкаў — дакладна мусілі перагледзець заробак.
Вымушаны праходзіць сумоўе на сеньёра, каб атрымліваць больш.
На месяц трачу палову заробку. Асноўныя артыкулы выдаткаў: прадукты харчавання, адзенне, спорт, арэнда жытла, паслугі цырульніка, мабільная сувязь, інтэрнэт, часам медыцына. Раз на год адпачынак, невялікія забаўкі. Інфляцыя адчуваецца. Цэны вышэйшыя, ніж год таму, працэнтаў на 20. Больш за ўсё падаражэлі прадукты харчавання.
Палову заробку адкладаю на рамонт будучай кватэры.
Вы патрацілі на гэты матэрыял 10 хвілін — значыць, штосьці вас зачапіла. Выдаткуйце яшчэ крыху часу, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by