Як мігранты старой хвалі ўладкаваліся ў Польшчы і што думаюць пра свой выбар

Распыталі пра жыццё тых, хто пераехаў у Польшчу 7+ гадоў таму.

85 каментарыя

Пераезд у Польшчу для многіх беларусаў пасля 2020-2022 стаў вымушанай мерай: рэлакавацца прыйшлося праз працу, перакананні, дзеля бяспекі і да т. п. Тыя, хто з’язджаў раней, прымалі рашэнне свабодней і пры камфортнейшых абставінах. Спыталіся, як ім жывецца па 7+ гадах, наколькі яны інтэграваліся і як змяніла Польшчу вялікая хваля міграцыі. Аповеды атрымаліся вельмі розныя: хтосьці проста апісаў сваю гісторыю, а хтосьці зрабіў акцэнт на асабістых назіраннях і высновах. Матэрыял падрыхтаваны каналам для айцішнікаў у Польшчы Dzik Pic у рамках праекта «Наша справа».

Уладзіслаў, 25 гадоў, 8 гадоў жыве ва Уроцлаве

— У 2016 годзе я, маючы карту паляка, праз консульства паступіў ва Уроцлаўскую Палітэхніку. Для гэтага здаў экзамены па гісторыі Польшчы / польскай мове, матэматыцы і фізіцы. Першы год вучыўся на «зэруўцы», каб падцягнуць мову і веды да ўзроўню «матуры» (атэстата сталасці). Потым вучыўся на праграміста. У 2022 годзе атрымаў дыплом інжынера і цяпер працую ў польскай фірме, я там адзіны замежнік на ўвесь штат у ~100 чалавек.

У часе вучобы я трымаўся кампаніі беларусаў і ўкраінцаў, бо польская ў мяне была на ўзроўні «абы здаць экзамен». Аднак я не адчуваў ніякага прыгнёту: аднакурснікі заўсёды прапаноўвалі дапамогу і нават выкладчыкі заплюшчвалі вочы на памылкі ў маўленні/курсавых. 

Праца. На апошніх курсах трэба было праходзіць практыку, але ў палітэху была магчымасць уладкавацца на 3-месячную стажыроўку. Спіс фірмаў падаваў сам універ, трэба было толькі ўдала прайсці сумоўе. Я абраў фірму са стэкам тэхналогій, якія мне падабаюцца (C#, ASP.NET), і ўладкаваўся з першай спробы. Так там і застаўся: пасля стажыроўкі начальнік прапанаваў падоўжыць кантракт, і мне далі праект. Апошні год я сумяшчаў вучобу з працай. Якраз прыйшоў кавід, так што я сядзеў дома на дзвюх лекцыях у зуме адначасова і паралельна працаваў. Было весела.

Пасля атрымання дыплома мяне перакінулі на іншы праект, адразу павысілі зарплату да ўзроўню мідла (і кожныя паўгода павышаюць), так што я задаволены.

З часам мая польская ўзмацнела, я перастаў баяцца памылак і цяпер размаўляю свабодна, пры гэтым чытаю мясцовыя газеты і вяду слоўнічак з прышпільнымі выразамі na co dzień.

Калегі — проста душачкі: адэкватныя людзі, разумныя, часта пытаюцца пра Беларусь, паважаюць і падтрымліваюць. Начальнік, калі даведаўся, што я падаюся на грамадзянства, адразу прапанаваў дапамогу. Словам, адзінага ў кампаніі беларуса цэняць.

Маё асяроддзе — гэта ў асноўным беларусы і ўкраінцы, з якімі пазнаёміўся яшчэ на вучобе. Раней мы любілі збірацца кампаніяй, а цяпер ужо сем’ямі: амаль у кожнага з’явілася жонка. Я са сваёй жонкай пазнаёміўся яшчэ ў 9 класе. Да 2022 года яна заставалася ў Беларусі і вучылася ў БДУІР, але паспела прыляцець на апошнім самалёце 23.02 (праз РФ). Ад тых часоў жывем разам.

Шлюб. У 2023 годзе мы распісаліся ў Батумі. Так як ехаць у Беларусь па даведкі мы не хацелі, то вырашылі пашукаць іншы спосаб. Грузія выявілася выдатным варыянтам, там для ўзяцця шлюбу не трэба нічога, акрамя пашпарта. Яшчэ і на моры пабывалі. 

Потым мы зарэгістравалі шлюб у мясцовым загсе (Urząd Stanu Cywilnego) і аддалі беларускія арыгіналы пасведчанняў аб нараджэнні. Ужо з польскімі версіямі дакументаў жонка падалася на часовы ДНЖ, а я — на грамадзянства.

Жытло. Мае бацькі таксама пераехалі ва Уроцлаў — у 2018 годзе. Тады я пераехаў з інтэрната да іх. Здымаць адну кватэру на ўсіх было танней, чым кватэру і інтэрнат + бацькам патрэбная была дапамога ў акліматызацыі + есці мамчын супчык, зразумела, смачней, чым гатаваць самому. Спачатку мы здымалі жытло на ўскраіне горада, а праз год пераехалі бліжэй да цэнтра. 

У 2019 годзе было крута: ты выбіраў кватэру, а не арэндадаўца выбіраў жыхароў. Спачатку ўладальнік перыядычна прыходзіў паглядзець, ці ўсё добра, але праз пару месяцаў супакоіўся і больш не трывожыў. Так і пражылі там кавід. 

Калі ва Уроцлаў прыехала мая будучая жонка, мы пачалі шукаць асобную кватэру. Пасля двух тыдняў абзвонаў, калі ўжо апускаліся рукі, нам удалося знайсці выдатную кватэру ў цэнтры. Цана кусалася: 3300 злотых на месяц (разам з усімі камунальнымі) + 5500 злотых кауцыі (закладу). Але мы адважыліся.

І, ведаеце, не пралічыліся. Гаспадыня ад тых часоў не падвышала кошту ні разу, а дамова арэнды падпісаная на неабмежаваны тэрмін. Да таго ж неўзабаве гаспадыня пераехала з Уроцлава ў Лондан. Сама будучы мігранткай, яна лёгка згаджалася дапамагчы нам з дакументамі. Жонка цяпер чакае ДНЖ: падалася яшчэ ўвосень 2023-га, але гэта Уроцлаў, таму нават надзеі няма на атрыманне карты сёлета.

Цяпер мы з жонкай збіраем на сваю кватэру — заробкі дазваляюць. Чакаем новую праграму льготнага крэдытавання. Што праўда, дзе купляць жытло — пытанне. Жонка настойвае, што ў Варшаве больш мерапрыемстваў і магчымасцяў для працы. А мне падабаецца Уроцлаў, я тут пражыў амаль траціну свайго жыцця. 

Адаптацыя жонкі. Жонка адаптавалася добра, толькі сумуе па бацьках, якія засталіся ў Беларусі. Яшчэ ў Мінску яна вучыла польскую, бо планавала паступаць у польскую магістратуру. Але далей за А2 справа не прасунулася. Пасля пераезду першыя паўгода ў яе быў моўны бар’ер, але цяпер ужо ўсё як мае быць: добра разумее і ўмее патлумачыцца ў банку, «Жабцы» і  да т. п. Пастаянна шукае новых сяброў, але ў асноўным адгукаюцца беларусы і ўкраінцы. Часам з полькамі перапісваецца ў месенджарах, але да асабістай сустрэчы пакуль не даходзіла.

У жонкі ў прыярытэце цяпер англійская. Яна — QA Engineer. Аформіла ІП (у яе была віза PBH) і працуе на амерыканскую фірму. На сазвонах усе размаўляюць на англійскай, але ў асабістай перапісцы карыстаюцца рускай (большасць калег з Беларусі/Украіны — відаць па прозвішчах).

Адаптацыя бацькоў. Бацькам спачатку было цяжка (ім ужо за 50). Мама па адукацыі настаўніца беларускай мовы, але ў Польшчы спачатку працавала на канвееры па ўпакоўцы касметыкі — 8 гадзін на нагах.

Паралельна мама хадзіла на курсы польскай, каб здаць на сертыфікат B1 для грамадзянства. І ў яе атрымалася! Праз год працы на канвееры яна знайшла працу мерчандайзеркі ў ГЦ (працоўны дзень ад 6 да 10 раніцы).

Папа атрымаў у Польшчы правы дальнабойшчыка. Пару гадоў ён кіраваў фураў, а потым перасеў на Uber, ды там і застаўся. Экзамен па польскай ён не здаваў (кажа, што і ДНЖ яму выдатна пасуе, а грамадзянства няма часу атрымліваць). З кліентамі першым у дыялог ён не ўступае, але калі чалавек камунікатыўны, то заўсёды з ім пагаворыць.

Улетку 2022-га бацькі пераехалі з Уроцлава ў Беласток, бо цэны на жытло падняліся і цягнуць удваіх кватэру ва Уроцлаве ім стала цяжка (я ўжо жыў з жонкай). У Беластоку яны знайшлі выдатную кватэру па прыемнай цане (здаецца, 2300 злотых на месяц за два пакоі, блізка да цэнтра). А працу абое захавалі: мама працуе мерчандайзеркай у той жа сетцы, толькі побач з домам, а тата проста пераключыў у Uber горад і памяняў «начальніка» (пасярэдніка, які займаецца бухгалтэрыяй). 

Лічу, што інтэграцыя ў бацькоў прайшла бездакорна: яны хутка асвоіліся, а да цяжкасцяў прывыклі яшчэ ў Беларусі. Праблем у камунікацыі з палякамі ў іх таксама няма. 

Выснова. За 8 гадоў жыцця ва Уроцлаве з ксенафобіяй я не сустракаўся (алкашы ля «Жабкі» і арэндадаўцы кватэр не лічацца). Што праўда, і я сам не даваў падстаў для канфлікту. Лічу, што трэба проста быць чалавекам, і да цябе пацягнуцца.

У Польшчы я ўжо адчуваю сябе сваім, хоць і па доме сумую. Да 2020 года сустрэць беларуса ва Уроцлаве было вялікім поспехам, а цяпер машыны на беларускіх нумарах не рэдкасць. Стараюся карыстацца паслугамі беларусаў: у стаматалогіі, на СТА, сэрвісным цэнтры па наладжванні кампоў.

Лайфхакаў не дам — сам люблю запазычыць для сябе нешта новае з гайдаў для новапрыбылых

Аляксандр, PM у e-commerce, 11 гадоў жыве ў Варшаве

Жыву ў Польшчы ад 2013 года, калі паступіў у тутэйшы ўнівер. Працую ў е-комерс, нядаўна атрымаў грамадзянства (у мяне карта паляка).

Маё асяроддзе — гэта ў асноўным украінцы (сябры ад часоў вучобы ва Універсітэце Казьмінскага), ёсць школьныя сябры з Беларусі.

Перад пандэміяй я сустрэў сваю «другую палову», яна ўкраінка, прыехала з Кіева вучыцца ў SWPS, цяпер мы жанатыя.

Адчуванні. Спачатку я адчуваў Польшчу як чужую краіну. Са смешнага: тады здавалася, што пераехаў ва Украіну: моцны ўплыў украінцаў быў нават тады. Але на апошнім курсе з’явіліся прыяцелі сярод палякаў, і гэта дапамагло асвоіць мову (раней знаў яе так сабе).

Цяпер жа адчуваю сябе хутчэй палякам, чым беларусам. Стаў мяняцца менталітэт, стаў паводзіць сябе вальней, ці што. Нават у размовах з бацькамі бачу, наколькі розныя цяпер у нас погляды, хоць да пераезду яны не моцна адрозніваліся. 

Праца. Тут мяне паматала. У 10-11 класах я фрылансіў на расійскім рынку распрацоўкі сайтаў, потым пачаў вучыць сур’ёзны бізнэс і пасля магістратуры ў менеджменце пайшоў у электронную камерцыю ў страхавую кампанію.

Цяпер мне здаецца, што як е-комерс-спецыяліст я ўжо досыць вырас, таму пачаў сябе спрабаваць у проджакт-менеджменце. Планую зрабіць некалькі сертыфікатаў (Scrum, Agile PM foundation, асновы UML). Хацелася б быць бліжэй да ІТ — бачу сябе там альбо PM, альбо бізнэс-аналітыкам.

Жытло. Спачатку я жыў у інтэрнаце — вялікім двухпавярховым доме з чатырма ваннымі і дзвюма вялікімі кухнямі, больш падобным да хостэла. Людзей там было вельмі шмат, там у мяне і з’явіліся першыя знаёмствы, яны выдатна дапамаглі ў адаптацыі. 

Таму калі б мяне спыталі, што лепш для замежнага студэнта — зняць кватэру або пасяліцца ў інтэрнаце — параіў бы другое. Так, у інтэрнаце шмат мінусаў, але адаптацыя на раннім этапе важнейшая.

За 11 гадоў я памяняў 6 кватэр. І вось што магу раіць: 

1) здымаць кватэру ў людзей маладзейшых за 55 гадоў. З пенсіянерамі часам цяжка вырашаць пытанні;

2) засяляцца ў дом не старэйшы за 2005 года пабудовы. У старых дамах (асабліва часоў PRL) вельмі шмат непрыемных нюансаў, ад цвілі/прусакоў/клапоў да двухразовай розніцы ў камуналцы ў параўнанні з новым домам;

3) рабіць фотасправаздачу пры засяленні і падпісваць акт здачы пры высяленні;

4) перад падпісаннем кантракта абмеркаваць з гаспадаром пытанні паломак — ва ўсіх розная палітыка.

Жаніцьба. Ажаніцца ў Польшчы замежнікам складана праз спецыфіку мясцовай бюракратыі. Для рэгістрацыі шлюбу трэба пацверджанне, што няма іншых шлюбаў. Для беларуса аформіць патрэбны дакумент праблематычна, нават па даведку з загса ён мае ехаць у краіну асабіста, для ўкраінца гэта таксама праблема.  

У тэорыі яна вырашальная: трэба даказаць у судзе, што з аб’ектыўных прычын не можаш атрымаць дакументы дома. Рашэнне прымаюць на працягу 6-12 месяцаў, пасля гэтага можна афіцыйна браць шлюб. 

Але ажаніцца ў Грузіі хутчэй і прасцей, там для гэтага патрэбны толькі пашпарт. Грузіны ведаюць, што ў іх унікальнае заканадаўства, таму вясельных агенцтваў вельмі шмат. З дапамогай аднаго з іх мы і распісаліся. Нашая агентка (дарэчы, былая мінчанка) дапамагла аформіць паперы і арганізаваць фотасесію — усё за 5 дзён. 

Потым мы зарэгістравалі шлюб у Польшчы. Для гэтага пераклалі ў прысяжнага перакладчыка пасведчанне аб шлюбе з грузінскай на польскую і з ім зарэгістравалі заяву ў мясцовым загсе (трэба заплаціць пошліну). Прычым гэта можна зрабіць у любым загсе, не абавязкова па месцы прапіскі.

Важна. У розных загсах розны час чакання. Напрыклад, у цэнтральным (знаходзіцца недалёка ад Варшавы Цэнтральнай) можна чакаць ад 3 да 5 месяцаў, а ў прыгарадзе Варшавы польскае пасведчанне аб шлюбе могуць зрабіць за пару тыдняў.

Дзяніс, інжынер, 7 гадоў жыве ў Кракаве

Я пераехаў у Кракаў у 2017 годзе. У адзіночку, напэўна, гэта скараціла стрэс на 90%. Проста аддалена з Беларусі прайшоў сумоўе ў Motorola Solutions на System Engineer (sre/ops), кампанія аплаціла рэлакейт.

Працаўладкаванне прайшло лёгка, але ў карпарацыі я прапрацаваў толькі 9 месяцаў, потым тры месяцы шукаў новую працу (не разглядаў галеры накшталт EPAM прынцыпова, шукаў альбо польскі аўтсорс накшталт Capgemini, альбо прадукт), нарэшце атрымаў запрашэнне ў польскі тэлекам-прадукт, і там працую ўжо 6 гадоў. 

Інтэграцыя. Грамадзянства аформіў толькі пасля 2020 года, да таго раз на год рабіў візу. Практычна ўсё маё асяроддзе на працы і па-за яе межамі — палякі.

Я разумеў, што калі буду варыцца ў беларускім/украінскім кам’юніці, то не вывезу ні польскай мовы, ні праблем мясцовага жыцця, дыяспара — гэта заўсёды запаволенне інтэграцыі. Пасля першых пяці гадоў хардкору стане прасцей. 

Так і атрымалася. Пасля 2020 і 2022 некалькі сяброў і знаёмых пераехалі ў Кракаў, і з’явілася кампанія для вольнага часу. Але ў мяне таксама шмат знаёмых і сяброў у польскім ІТ-кам’юніці, якое адкрывае шырэйшыя гарызонты за вендарлок на свае галеры. 

Стаўленне да беларусаў і іншых мігрантаў. Так, пасля 2020 беларусаў у Кракаве стала прыкметна больш. Да 2020 у тым жа Uber шанец сустрэць кіроўцу з Беларусі быў 1 да 100. Цяпер іх нашмат больш. Хваля міграцыі пасля 2020 года асабіста на мяне паўплывала слаба, бо адсотак айцішнікаў у ёй быў не большы, чым у Беларусі, уцякалі ўсе аднолькава. А вось хваля — 2022 амаль цалкам складалася з айцішнікаў.

Unsplash

Паводле маіх назіранняў, да 2021 беларусаў прымалі вельмі добра. У колах палякаў ані разу не чуў, што беларусам пара правальваць. Водгукі былі суперстаноўчыя: сумленныя, спакойныя, простыя, працавікі.

Такое стаўленне захоўвалася да 2022 года. Пасля стала моцна горш, але хутчэй да нацыі, а не да асобных людзей. Я ўсё яшчэ не чуў гісторый пра тое, як камусьці ў твар сказалі дрэннае праз яго нацыянальнасць.

У 2020-2022 мясцовыя не моцна цікавіліся, хто і як сюды мігруе. Пасля 24.02 узровень кансалідацыі палякаў у маім асяроддзі вырас каласальна. Усе знаёмыя канторы збіралі грошы, хтосьці дзяжурыў на мяжы. Да сярэдзіны 2023 гэтая згуртаванасць і гатоўнасць дапамагаць былі вельмі моцныя, але з набліжэннем выбараў усё моцна памянялася.

Мне здаецца, што бягучы польска-беларуска-ўкраінскі крызіс у грамадстве — гэта, у першую чаргу, справа рук TVP і прапаганды PiS.

Яны выкарысталі вайну, каб пазамятаць у эканоміцы пад дыван свае хібы за восем гадоў — сталі ўсім расказваць, што цяпер так цяжка, бо вайна і эміграцыя. 

Людзі, якія разумеюць, як працуе эканоміка, уяўляюць, якія сумы ўкраінцы і беларусы цяпер прыносяць у бюджэт краіны. Крыўда можа быць на канкрэтных людзей, якія прыехалі са здабытымі несумленным шляхам у сваёй краіне грашыма і тут могуць сабе дазволіць перабіваць цэны на жытло, ездзіць на топавых тачках і паводзіць сябе як на багатай тусоўцы ва ўмоўным Мінску або Кіеве. Палякі ў большасці сваёй звычайныя працавікі, ім усё гэта б’е ў вочы, адсюль і непрыязнасць, пад агульны назоўнік якой падпадаюць усе.

Але нельга сказаць, што міграцыя — галоўны фокус увагі польскага грамадства. Унутраная палітыка тут заўсёды нашмат важнейшая. Палякі глядзяць цяпер на тое, як КО будзе «адказваць за базар» перадвыбарных абяцанняў.

Міграцыя — гэта сур’ёзна, але не яна эканамічны геймчэйнджар. Прасадка эканомікі сёння — гэта ў асноўным вынік лакдаўнаў 2020–2021 гадоў (думка не мая, я чую яе ад палякаў). Цяпер палякі кажуць, што добра ўжо пажылі, цяпер будзем жыць нядобра (крэдыты на першае жытло, бурбалкі дывелаперкі, татальная хлусня ад сейма), але ніхто напрамую не звязвае гэтага з міграцыяй. З вайной — так, але не з міграцыяй.

Ці ёсць сутычкі паміж украінцамі, беларусамі і палякамі? Ёсць — проста адкрыйце фід навін. Заўсёды ёсць верагоднасць, што хтосьці з мігрантаў выявіцца непрыстойным. Але сказаць, што мігранты павялічылі ўзровень злачыннасці ў Кракаве, нельга.

Ці прыемна бачыць у цэнтры Кракава тусоўкі рускамоўных «зумеркоў» у фармаце мінскіх/кіеўскіх тусовак (якімі яны былі)? Не. Але дзеля справядлівасці: польскія «зумеркі» ў цэлым такія ж. Я проста спадзяюся, што не беларусы/ўкраінцы зменяць палякаў, а наадварот. Прынамсі, у Кракаве.

Эканоміка. Ці стала трывожней апошнімі гадамі? Асабіста мне не. Я не бачу перадумоў таго, каб эканоміка Польшчы раптам стала адкочвацца назад без прамога ваеннага сутыкнення. Так, посткавід быў цяжкім, інфляцыя рабіла балюча, але тым не менш усе эканамічныя паказчыкі, ад ВУП да індэксаў WIG і WIG20, паказваюць, што ў глабальным сэнсе краіна здаровая. 

Прывабнасць інвестыцый у Польшчу цяпер вышэйшая, чым была хоць калі. Краіна адстойвае свае інтарэсы ў міжнародных інстанцыях, не прагінаючыся, але і не «быкуючы». Мне падабаецца гэты характар, я веру, што гэта прыносіць свой прыбытак і робіць краіну прывабнай для сярэдняга класа з любой часткі Еўропы. Пакуль рана судзіць новы ўрад і прэм’ера, але праз год, думаю, ужо будуць бачныя вынікі новай палітыкі, тады можна будзе рабіць высновы аб тым, якой будзе Польшча наступныя 4-6 гадоў.

Высокі ўзровень мадэрацыі міграцыйных патокаў таксама з’яўляецца плюсам. Паразітуючыя сацыяльна неабароненыя мігранты тут не затрымліваюцца: выяўляецца, каб тут выжыць, трэба працаваць. І гэта паказвае, што нацыяналістычная Польшча — краіна нашмат больш роўных магчымасцяў, чым можна было б пра яе падумаць.

Як стаць сваім. Важна памятаць, што інтэграцыя — гэта перш за ўсё твая задача. Мясцовыя і да цябе нядрэнна жылі, новенькі тут ты, неразумна чакаць, што ўсё само ўпадзе з неба. Мова вельмі важная, пачуццё гумару таксама. Культурна і каштоўнасна беларусы і палякі даволі блізкія, нашмат бліжэйшыя, чым можа падацца з Беларусі. 

Той, хто не адчуваў праблем з камунікацыя ў Беларусі, не разгубіцца і тут. Проста патрэбная ўпэўненая польская, каб думкі перадаваць выразна і не мыкаць. Калі ты лётма схопліваеш і цябе таксама разумеюць, гутарка праз цябе не тармозіцца і не губляецца вайб, усё выдатна. Табе заўсёды дапамогуць і ніколі не будуць сарамаціць за памылкі. 

Стыль жыцця ў польскім ІТ цяпер вельмі падобны да таго, што быў у Беларусі ў 2013–2018 гадах. Ніякага бар’ера, акрамя мовы, няма. Як толькі вы разам вып’еце пару куфляў піва або вішнёўкі і ўсе ўбачаць, што ты spoko koleś, усё стане добра.

Высновы. Праз 7 гадоў гляджу на сваё рашэнне аб пераездзе ў Польшчу ультрастаноўча. Так, складана было пакінуць кампанію і свой соцыум, але наўзамен я атрымаў у цэлым ідэальны горад для жыцця, у якім можна любы свой інтарэс/хобі вывесці на новы ўзровень. Адчуваю сябе абсалютна дома, горад мне падабаецца сваім вайбам, стылем, густам.

Варыянты ехаць далей былі і ёсць. Заўсёды можна «трайнуць» Штаты, ёсць інвайты ад тэлекамаў у Еўропе, ад Скандынавіі да Партугаліі. Але тут я адчуваю сябе на сваім месцы. Можа, у іншай краіне я б выйграў у грошах, але дакладна прайграў бы ў нечым іншым. А цяпер як быццам ёсць ворклайф-баланс і наладжанае жыццё ў фірме, дзе ты на лідзіруючых пазіцыях і табе дазваляецца крыху больш. Гэта важней за лішні касар на месяц.

У Польшчы змянілася ўлада. Вось чаго чакаюць ад новай рэлаканты
Па тэме
У Польшчы змянілася ўлада. Вось чаго чакаюць ад новай рэлаканты
PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму
Па тэме
PBH не апраўдала спадзеваў — чыіх? Разбор пра самую вялікую рэлакейт-праграму

Читать на dev.by