Як пачаць працаваць на сябе? 7 фрыланс-платформаў для распрацоўшчыкаў і не толькі
Прыкладна паўтара мільёна распрацоўшчыкаў ва ўсім свеце працуюць як фрылансеры. І гэта не значыць, што яны жывуць ад праекта да праекта і не ведаюць, якую зарплату чакаць пры канцы месяца. Сабралі сем фрыланс-платформаў, дзе прапануюць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя праекты, рэйты па $150 на гадзіну і кліентаў з Крэмніевай даліны.
Fiverr
Fiver — фрыланс-платформа і супольнасць спецыялістаў розных сфер. Тут у тым ліку прапануюць свае скілы распрацоўшчыкі, дызайнеры, капірайтары, бізнэс-аналітыкі.
Косты дэвелаперы ставяць розныя: некаторыя гатовыя цалкам распрацаваць софт за $500, іншыя просяць ад $1000 за базавую праграму для дэсктопа. За кастамны софт з API просяць больш за $4000.
TopTal
Трапіць на TopTal — гэта як уладкавацца на працу. З кандыдатамі праводзяць гутаркі, правяраюць іх тэхнічныя і камунікатыўныя навыкі. У выніку адбор праходзяць толькі 3% заяўнікаў. Затое праблем з заказамі няма.
JobDone
На Job Done усё прасцей: проста зарэгіструйцеся на платформе, пазначце досвед і скілы і адпраўляйцеся шукаць заказы. Акрамя распрацоўшчыкаў, тут размяшчаюцца дызайнеры, капірайтары, маркетолагі і нават музыкі. Цэны спецыялісты ставяць па-рознаму: альбо пагадзінная аплата, альбо цана за ўвесь праект.
Turing
Turing — гэта хуткі спосаб атрымаць праектную і добра аплачваную працу ў кампаніях Крэмніевай даліны. На платформе сабралася больш за два мільёны распрацоўшчыкаў розных профіляў са 150 краін. Каб трапіць у іх лік, кандыдат мае прайсці тэсты і інтэрв’ю, у тым ліку тэхнічныя.
Платформа прапаноўвае поўную занятасць для распрацоўшчыкаў. Калі ваш праект падыходзіць да канца, каманда Turing ужо шукае варыянты наступнага праекта.
Праца распрацоўшчыкаў ацэньваецца па гадзінах. Косты розныя: ад $30 да $150 на гадзіну ў залежнасці ад досведу, скілоў, рэгіёна.
Arc
З arc.dev супрацоўнічаюць Spotify, Splice, HubSpot ды іншыя кампаніі з сусветным імем. Платформа старанна адбірае кандыдатаў. Стаць фрылансерам Arc таксама можна толькі пасля сумоўя, дзе правяраюць прафесійныя навыкі і ўзровень англійскай.
На платформе можна знайсці праектную працу, а можна ўладкавацца на кантракт.
Ацэньваюць працу фрылансераў па гадзінах, тыднях (калі вас наймаюць на доўгатэрміновы праект) або прапаноўваюць ганарар за ўвесь праект.
Gun.io
Каб стаць фрылансерам gun.io, праходзіць інтэрв’ю не трэба. Але ваш прафесійны бэкграўнд усё роўна старанна правяраюць: вывучаюць адкрытыя крыніцы, запытваюць фідбэк у былых калег.
Цэны за паслугі можна выстаўляць па гадзінах альбо за цэлы праект. У Gun.io ёсць інструкцыя, як ацаніць сваю працу, калі вы самі не ведаеце.
Guru
На біржы могуць размяшчацца не толькі распрацоўшчыкі, але таксама дызайнеры, перакладчыкі, капірайтары і іншыя. Тут не трэба праходзіць інтэрв’ю, можна проста зарэгістравацца на платформе і самастойна шукаць праекты.
Guru на рынку ўжо каля 20 гадоў. Тут зарэгістраваныя каля 500 тысяч спецыялістаў.
Читать на dev.by