Як наймалі апошнімі гадамі бігтэхі, што цяпер звальняюць тысячамі. І як будзе падаць іх выручка

Пяць найбуйнейшых ІТ-кампаній ЗША — Meta, Amazon, Apple, Alphabet і Microsoft — у сярэднім нарасцілі штат на 45% у 2020 годзе і яшчэ на 20,5% — у 2021-м. Такія лічбы падае Reuters са спасылкай на Refinitiv. Сціплейшай за ўсіх выявілася Apple — адзіная з пералічаных кампаній, якая пакуль не анансавала масавых скарачэнняў.

3 каментарыя

Цяпер, у спробе ўтрымаць прыбыткі і згладзіць неспакой інвестараў на тле росту продажаў, які запавольваецца, амерыканскія тэхнагіганты найбліжэйшымі месяцамі будуць адчайна скарачаць штат і выдаткі, якія раздуліся ў паспяховы пандэмійны перыяд, лічаць аналітыкі. Так, у Wedbush сцвярджаюць, што многія тэхнакампаніі апошнім часам трацілі зашмат грошай, і галіне яшчэ трэба будзе перажыць скарачэнне 5-10% супрацоўнікаў.

На іх думку, ніводная з пяці кампаній у квартале, які завяршыўся ў снежні, не зробіць справаздачы пра рост прыбытку. Чакаецца, што больш за ўсё прыбытак упадзе ў Meta і Amazon.

У студзені аналітыкі знізілі прагноз па агульнай выручцы пяці кампаній на 5% у параўнанні з кастрычнікам — да $561, 4 млрд. Спецыялісты FactSet лічаць, што з усіх 11 сектараў, прадстаўленых у S&P 500, якраз бігтэхі больш за ўсё пацягнуць індэкс уніз, а падзенне прыбытку ў ІТ-сектары складзе 9,5%. У інвесткампаніі Ironhold паляпшэння сітуацыі чакаюць не раней як праз тры кварталы, і прагназуюць далейшыя звальненні.

Чакаецца, што прыбытак Amazon упадзе на 38%, а рост прыбытку будзе найгоршым больш як за 22 гады. Падзенне квартальнага прыбытку Meta можа дасягнуць 42% і стаць пятым запар, а падзенне выручкі — 7% і стаць для яе рэкордным. Абедзве агрэсіўней за ўсё наймалі ў перыяд пандэміі, цяпер жа першая скарачае 18 тысяч чалавек, другая — 11 тысяч.

Microsoft, якая звальняе 10 тысяч, мае даць справаздачу пра рост выручкі ў 2,4% — найменшым за 24 кварталы, а прыбытак можа зваліцца на 9%.

Выручка Apple, паводле прагнозаў, упадзе ўпершыню за 15 кварталаў. Збольшага гэта звязана са складанасцямі кітайскага падрадчыка Foxconn, на чыіх заводах па зборцы айфонаў пры канцы мінулага года выбухнулі пратэсты.

Рост выручкі Alphabet, якая пазбавіцца ад 12 тысяч супрацоўнікаў, стане найменшым за 10 кварталаў, лічаць эксперты.

На іх думку, каб утрымаць каціроўкі, у 2023 годзе гэтыя кампаніі могуць арганізаваць зваротны выкуп акцый. Кошт іх каштоўных папер за 2022 год абрынуўся на 26-60% — для параўнання, зніжэнне ў цэлым па рынку склала каля 20%.


Читать на dev.by