Як абжыліся рэлаканты з сем'ямі ў Польшчы. Жытло, бюджэт і куды далей
Больш за палову сцвярджаюць, што іхні ўзровень жыцця палепшыўся.
dev.by працягвае вывучаць міграцыйныя працэсы ў ІТ. Мы апрацавалі 1800+ анкет «Праца і жыццё ў Польшчы з пункту гледжання ІТ-экспата» і ўжо апісалі прыкладны партрэт рэлаканта і колькі ён зарабляе. Цяпер расказваем пра яго сямейную сітуацыю, кватэрныя ўмовы, легалізацыю, самаадчуванне ў новай краіне і планы.
Толькі пятая частка айцішнікаў, што пераехалі ў Польшчу, пакуль без пары, астатнія — людзі сямейныя, кожны трэці — з дзецьмі.
Амаль у палове выпадкаў сямейны бюджэт фармуюць абое сужэнцы/ партнёры, прычым у кожным трэцім-чацвёртым выпадку іхні ўнёсак аднолькавы. Амаль кожны трэці айцішнік — адзіны карміцель у сям'і.
А яшчэ ў паловы рэспандэнтаў партнёр — таксама ў ІТ. Не выключана, што айцішнікі з сужэнцамі-айцішнікамі і сем'і, дзе абое партнёры ўкладваюцца ў сямейны бюджэт, гэта адныя й тыя ж сем'і.
Польшча — вялікая, і не ў кожным горадзе сустрэнеш айцішнікаў з Беларусі. Больш за ўсё іх у сталіцы, шмат іх у лакацыях з офісамі буйных кампаній — Уроцлаве, Кракаве, Гданьску. Але рэдкі рэлакант даедзе да Шчэціна або Катавіцаў.
Ад 1 ліпеня 2023 года Польшча скасавала рэжым эпідпагрозы, і падоўжаныя, здавалася, да бясконцасці візы вось-вось абнуляцца. Але ў айцішнікаў усё нядрэнна з легалізацыяй: больш як траціна ўжо мае дазвол на жыхарства, яшчэ траціна — дзейныя візы. Кожны пяты чакае дэцызіі (рашэння па дазволе).
Яшчэ нядаўна лічылася, што ў статусе «пачакуна» можна правесці да двух гадоў, асабліва калі падацца ў Ніжнесілезскім або Паморскім ваяводствах. Але цяпер, мяркуючы з адказаў, сітуацыя паляпшаецца. У самым марудлівым горадзе, Уроцлаве, большасць айцішнікаў, якія падалі заявы ў 2022 годзе, атрымалі дазвол на пражыванне праз 5 месяцаў (што праўда, пасля гэтага ім давялося яшчэ 4+ месяцы чакаць пластыкавую картку).
У іншых рэгіёнах карту рыхтуюць за 3-5 тыдняў. А на дэцызію, як правіла, сыходзіць 3-4 месяцы. Рэкардсмен хуткасці — Беласток, там інспектары ўкладваюцца ў адведзеныя законам 2 месяцы.
Зрэшты, гісторыі пра пакутлівае чаканне дазволу на працягу года і нават двух — па-ранейшаму не рэдкасць. Верагодна, часцей за ўсё яны здараюцца з айцішнікамі-ІП.
Глядзіце самі. Падкрэслім, што мы ўзялі медыянныя значэнні, а не сярэднія, каб нармалізаваць вынік. Напрыклад, 5 рэспандэнтаў у Гданьску (з 62 у цэлым па ваяводстве) чакалі рашэння 10 месяцаў і даўжэй. Але большасць атрымалі рашэнні за 3-4 месяцы (34 анкеты, або 55 адсоткаў).
Графікі тэрмінаў чакання складзеныя на базе заяў, пададзеных у 2022 годзе:
У траціны сямейны месячны даход на аднаго чалавека не перавышае 2К долараў. У кожнага чацвёртага даход ад 2К да 5К.
У кожнага пятага атрымліваецца рабіць заначку ў памеры 10-30К на год. У такой жа колькасці не атрымліваецца адкласці і 1К.
А якая ў рэлакантаў маёмасць? Мы папрасілі ўлічыць у адказах і нерухомасць, але яе многія, верагодна, адкінулі. Толькі кожны дзясяты адказаў, што ягоныя актывы перавышаюць 100К.
Кожны пяты мае ў актыве ад 10К да 30К. Кожны чацвёрты-пяты не назапасіў і 5К. Мільянеры таксама ёсць, але іх мала.
Кватэрнае пытанне ў большасці рэлакантаў не вырашанае. Пераважная большасць здымае. Дорага. Ці ўжо не вельмі — прызвычаіліся? Глядзіце самі, якія расцэнкі ў розных рэгіёнах. А многія ўжо будуюць планы на куплю нерухомасці. Кожны дзясяты марыць пра прыватны дом.
Ці лепш рэлакантам у Польшчы, ці горш? Адмоўны досвед прыкладна ў кожнага дзясятага. Больш за палову сцвярджаюць, што ўзровень іхняга жыцця палепшыўся.
Пры гэтым узровень жыцця і агульная задаволенасць рэлакацыяй — розныя рэчы. Плюсік па першай шкале не абавязкова азначае плюсік па другой. На пазітыве па выніках рэлакацыі — 38%. А палова мігрантаў ацэньвае свой пераезд нейтральна.
Цяжкасці легалізацыі — галоўны фактар стрэсу, але ніхто не касаваў і тугі па Беларусі. А вось такі фактар, як негатыўнае стаўленне з боку палякаў, амаль на нулі. Дый традыцыйныя для мігрантаў праблемы з уладкаваннем дзяцей у Польшчы, здаецца, не настолькі істотныя.
Ну, і пра планы. Кожны трэці жыве без іх або не разумее, чаго хоча. Астатнія плануюць альбо асесці ў Польшчы (іх больш за ўсё), альбо ехаць наперад/назад, у Беларусь.
Кожны дзясяты збіраецца ехаць далей. У лідарах новых лакацый — ЗША, Нідэрланды, Партугалія, Іспанія, Германія.
У наступных частках раскажам пра каштоўнасці і інтарэсы кам’юніці, сувязі з домам і планы пра вяртанне ў Беларусь.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by