Ці вернуцца айцішнікі? Як у Польшчы (не) жывуць на дзве краіны
Мы апрацавалі 1800+ анкет «Праца і жыццё ў Польшчы з пункта гледжання ІТ-экспата» і ўжо апісалі прыкладны партрэт рэлаканта, колькі ён зарабляе, як уладкаваўся ў краіне і наколькі актыўны на новым месцы.
Дзе жыць далей? Намеры беларусаў адносна краіны сталага пражывання і вяртання на радзіму дынамічна змяняюцца.
Леташняя «агульнарэлаканцкая» анкета паказала, што 40%+ мелі намер асесці ў бягучай краіне назаўжды (часцей за ўсё так адказвалі рэлаканты ў Польшчы), кожны чацвёрты планаваў ехаць далей, кожны пяты не ведаў, што рабіць. Амаль 16% казалі, што вернуцца ў Беларусь.
Гэтым разам варыянты прапанаваных адказаў крыху іншыя і геаграфія даследавання абмежаваная Польшчай, але параўнаць вынікі ўсё роўна цікава.
Безумоўных вяртанцаў усяго 4%, большая частка з іх і цяпер жыве на дзве краіны. Амаль траціна не плануе вяртацца, гэтая група істотна прырасла за кошт тых, хто хацеў, але перадумаў. Не вызначыўся па-ранейшаму кожны пяты.
Ну, а большая частка, 42%, хоча вярнуцца, што праўда, пры пэўных умовах.
Прыгледзьцеся да карэляцыі паміж планамі на будучыню і наяўнасцю нерухомасці ў Беларусі. Здаецца, сярод тых, у каго яшчэ застаецца на радзіме жытло, больш «планавых вяртанцаў», што натуральна. Дарэчы, уладальнікаў нерухомасці ў РБ і тых, у каго яе няма, прыкладна пароўну. Кожны пяты ўжо прадаў/перааформіў яе або мае намер гэта зрабіць.
Зусім нязначная частка рэлакантаў адмовілася ад любых сувязяў з Беларуссю, абсалютная большасць так ці інакш іх падтрымлівае. Хоць бы праз чытанне медыя. Дарэчы, 60%+ рэлакантаў хапае навін у тэлеграме.
А вось ездзяць у Беларусь крыху больш за траціну рэспандэнтаў. Кожны другі ўстрымліваецца ад паездак з меркаванняў бяспекі.
А што там пра планы на цудоўную Беларусь будучыні? У 40% яны няхітрыя — проста паспець у ёй пажыць.
Кожны трэці-чацвёрты гатовы так ці інакш удзельнічаць у яе будаўніцтве (ІТ-распрацоўка, фіндапамога, менеджмент). Пры гэтым кожны чацвёрты не верыць, што гэты час надыдзе. А кожны дзясяты не знойдзе часу на ўдзел.
Складаць гэтыя долі не трэба: часцяком гэтак супярэчлівыя пачуцці/намеры ў адных і тых жа людзей.
Разбіўка гэтых адказаў паводле веку шмат у чым проста адлюстроўвае векавую структуру рэлакантаў. Але ёсць і заканамернасць: моладзь (18-25) часцей наладжаная на актыўны ўдзел у жыцці краіны, старэйшыя людзі часцей выбіраюць дапамогу грашыма і пасіўную радасць на адлегласці. А яшчэ сярод іх больш песімістаў, якія не вераць у новую краіну, і тых, хто марыць у ёй проста пажыць.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by