«Пазіцыя ліда самая рызыкоўная ў EPAM». Як цяпер звальняюць
У ІТ-індустрыі працягваецца не самы просты перыяд. Сабралі некалькі свежых кейсаў пра бэнч і звальненні.
Змест
Польшча
«Мідлам і сеньёрам шанцуе больш — для гэтых пазіцый звычайна больш за ўсё запытаў»
Адзін з экс-супрацоўнікаў кампаніі расказаў dev.by гісторыю свайго нядаўняга звальнення.
— Працаваў Software Engineer у польскім офісе EPAM. Заказчык пасля Новага года перагледзеў кантракты і скараціў шмат пазіцый. Пры канцы лютага скончылася і мая пазіцыя на праекце. Месяц правёў на бэнчы, які быў 100% аплачваным.
У красавіку RM паклікаў на размову сам-насам. Я тады ўжо меркаваў, да чаго ўсё ідзе. Падключылі HR і паведамілі пра звальненне. Далі 15 хвілін пасля званка пераслаць сабе на асабістую пошту дакументы і заблакавалі рахунак. Восенню-зімой мінулага года гэтак жа скарацілі майго папярэдняга RM, які прапрацаваў у кампаніі 13 гадоў. Але яго на бэнчы пратрымалі чатыры месяцы.
Разышліся ў цэлым па-джэнтльменску.
Красавік і май лічыўся ў штаце і атрымаў за гэты перыяд дзве паўнавартасныя зарплаты. Па заканчэнні мая атрымаў у якасці кампенсацыі яшчэ два заробкі ў сувязі са звальненнем з ініцыятывы працадаўцы. Прычым заробкі былі вышэйшыя за звычайныя. Хутчэй за ўсё не рабіліся ўнёскі ў накапляльную пенсію, у выніку розніца выйшла блізу 500 долараў з заробку.
Паводле слоў суразмоўцы, у польскага EPAM праблема з праектамі. Распрацоўшчыкі занадта дарагія і ўсё часцей падключаюць да праектаў грузінскі/індыйскі офісы.
Новую працу экс-супрацоўнік EPAM пачаў шукаць яшчэ ў снежні мінулага года, бо ўжо тады пайшлі чуткі, што на праекце могуць зрэзаць пазіцыі. Да красавіка атрымалася знайсці аддаленую працу. «Па B2B чыстымі выйшла ў 2 разы больш, чым на «ўмове аб працы», «таму асабліва не перажываў праз гэтае звальненне».
— Наогул пазіцыя Lead самая рызыкоўная ў EPAM. На бэнчы доўга не трымаюць. Мідлам і сеньёрам шанцуе больш — для гэтых пазіцый звычайна больш за ўсё запытаў. А пазіцыю Lead банальна прадаць не могуць. Дый раней было праблематычна знайсці праект. Так што парада тым, хто працуе ў EPAM — можа, варта пачакаць з асэсментамі і кар’ерным ростам?
Беларусь
«Склалася ўражанне, што звальнялі выбарачна»
— Працаваў на пазіцыі мідл у замежнай аўтсорсінгавай кампаніі (фаўндар і галаўны дэпартамент знаходзяцца ў ЗША) з юрыдычнай асобай у Беларусі. Агульны штат кампаніі — 700 чалавек. Канкрэтна ў нашым аддзеле працавала каля 80.
Летась звальненні былі адзінкавымі, калі доўга (на працягу трох месяцаў) не маглі падабраць праект. Сёлета перадумоў для звальнення не было. Адзінае, у кампаніі два гады быў замарожаны перагляд заробкаў, і, шчыра кажучы, я свой ужо даўно перарос. Таму лічыў свой рэйт дастаткова выгадным для кампаніі.
Скарацілі мяне на падставе будучага бэнчу. Якраз заканчваўся невялікі праект, яму заставалася некалькі тыдняў. А новага праекта, як паведамілі, не прадбачыцца.
Паколькі ў мяне адносіны былі аформленыя B2B, пра звальненне апавясцілі за два тыдні, а потым на двор. Але сваю частку працы на праекце я выканаў, не стаў падстаўляць каманду.
Я быў не адзіным звольненым, прычым кампанія скараціла спецыялістаў не толькі ў Беларусі, але і ў іншых лакацыях, у прыватнасці, у Польшчы, Чарнагорыі, Грузіі.
Склалася ўражанне, што звальнялі выбарачна. Якімі крытэрамі кіравалася кампанія, я не зразумеў.
Дакладнай лічбы звольненых не знаю, але толькі з нашага аддзела звольнілі каля 10%. Пры гэтым частку супрацоўнікаў адправілі ў адпачынкі (хто яшчэ не паспеў там пабываць), частку адправілі ў неаплачваны адпачынак.
Пасля таго, як нас звольнілі, некалькі моцных дэваў з розных лакацый сышлі з уласнага жадання. Перастрахаваліся і не сталі чакаць удар у спіну ад кампаніі.
Новай працы пакуль не знайшоў. Яшчэ да звальнення думкі пра змену працы, вядома, былі. Але мяне задавальняла, што магу працаваць з Беларусі. У мяне тут дом, сям’я і пажылая мама.
«Не ведаю, колькі прабуду на бэнчы»
— Працую ў мінскім офісе беларускай аўтсорсінгавай кампаніі са штатам 200-300 чалавек. Мяне скарацілі з праекта, на якім працаваў каля трох гадоў, але пакуль не звольнілі, а адправілі на бэнч.
Па ўмовах бэнчу, некалькі месяцаў кампанія выплачвае зарплату 100%, потым плаўна зніжае працэнт.
Праект — субпадрад для ІТ-кампаніі з адной з краін ЕС (вялікі прадукт для ўнутранага рынку гэтай краіны). Некалькі тыдняў таму лід паведаміў, што іх менеджментам было прынятае рашэнне аб скарачэнні ў сувязі з праблемамі з бюджэтам.
З усіх распрацоўшчыкаў, наколькі мне вядома, пад скарачэнне трапіў толькі я. Яшчэ скарацілі пару чалавек з каманды з боку заказчыка.
Не думаю, што новы праект будзе ў найбліжэйшыя тыдні. Таму не ведаю, колькі прабуду на бэнчы. Пра абмежаванне тэрмінаў знаходжання на бэнчы не чуў.
Новых вакансій пакуль не разглядаў. Адпачну пару тыдняў. Потым буду асвяжаць веды і што-небудзь падвучваць.
А як маецеся вы — раскажыце ў каментах.
Читать на dev.by