Як забарона ЗША на пастаўкі софту ў Беларусь адаб'ецца на ІТ-галіне. Меркаванне СЕО
Выдаткі вырастуць, але ІТ выжыве.
12 верасня набудуць моц новыя абмежаванні, якія наклала на Беларусь (і Расію) Бюро прамысловасці і бяспекі (BIS) Міністэрства гандлю ЗША.
Нагадаем, пад забарону (фармальна — пад ліцэнзаванне BIS) трапляюць экспарт, рээкспарт і перадача ў РБ і РФ такіх катэгорый софту, як:
— Планаванне рэсурсаў прадпрыемства (ERP);
— Кіраванне сувязямі з кліентамі (CRM);
— Бізнэс-аналітыка (BI);
— Кіраванне ланцужкамі паставак (SCM);
— Сховішча карпаратыўных даных (EDW);
— Камп’ютарызаваная сістэма кіравання абслугоўваннем (CMMS);
— Софт для кіравання праектамі, жыццёвым цыклам прадукту (PLM);
— Мадэляванне інфармацыі пра будаўніцтва (BIM);
— Камп’ютарны дызайн (CAD);
— Камп’ютарная вытворчасць (CAM);
— Інжынірынг на заказ (ETO).
Ліцэнзія не патрабуецца для софту, прызначанага сельгасарганізацыям і медпрадпрыемствам.
Як гэтыя абмежаванні адаб’юцца на беларускай ІТ-галіне і ці ёсць спосабы змякчыць наступствы, спыталі ў кіраўніка буйной сэрвіснай кампаніі.
Ён звярнуў увагу, што санкцыі закрануць не толькі новыя продажы софту, але і абнаўленні цяперашніх ліцэнзій.
— Але хто з вытворцаў і ў якой форме прыменіць санкцыі, цяпер цяжка сказаць. Таксама пакуль незразумела, якія меры кантролю будзе ўжываць той ці іншы пастаўшчык софту.
Відавочна, што ў ІТ-кампаній у Беларусі будуць дадатковыя выдаткі і пэўныя нязручнасці. Але ІТ-галіну ў краіне гэта дакладна не разбурыць.
А ці існуюць контрмеры?
— Па-першае, можна паспрабаваць перайсці на неамерыканскі софт, — выказаў меркаванне наш суразмоўца. — Што праўда, гэта дорага і рызыкоўна, бо ЕС таксама можа накласці такія санкцыі. Па-другое, можна выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі для выкарыстання небеларускіх IP.
Да таго ж, як я разумею, для ІТ-аддзелаў сельгаспрадпрыемстваў і медструктур выкарыстанне гэтага софту будзе дазволенае і пасля 12 верасня.
Вось яшчэ адзін метад — перайменавацца ў калгас, напрыклад. Жарт.
То-бок паліклінікі і бальніцы, здаецца, змогуць працаваць на ліцэнзійным софце. Калі гэты софт у іх наогул ліцэнзійны.
Читать на dev.by