Колькі каштуюць жытло, прадукты і медыцына ў Лос-Анджэлесе: гід па рэлакейце ад Lead Engineer
Каліфорнія — пункт прыцягнення айцішнікаў з усяго свету. А яшчэ традыцыйна адзін з найдаражэйшых штатаў для жыцця. Беларускі Lead Engineer пераехаў у Лос-Анджэлес у кастрычніку 2022 і падрабязна расказаў dev.by, як атрымаць візу і легалізавацца ў ЗША, колькі грошай трэба мець з сабой для камфортнага пераезду на Заходняе ўзбярэжжа (а яшчэ на арэнду жытла, медстрахоўку і ежу) і чаму знакаміты каліфарнійскі вайб — гэта не выдумка.
Змест
Бэкграўнд да пераезду ў Штаты
Сёлета будзе 10 гадоў, як я ў ІТ. Я пачаў працаваць праграмістам на трэцім курсе БДУІРа. На чацвёртым перайшоў у кампанію па распрацоўцы софту — мне прапанавалі вельмі добрыя ўмовы ($1800 на 2015 год) і калабарацыю з моцнымі распрацоўшчыкамі.
Сярод праектаў, якімі я займаўся на аўтсорсе, быў адзін амерыканскі. Заказчыку падабалася мая праца, і ў нейкі момант ён прапанаваў супрацоўнічаць напрамую. Ён абгаварыў нюансы з маім працадаўцам, пасля чаго я звольніўся і працягнуў працаваць на амерыканскі SaaS прадукт ужо як ІП. Па факце ў маім працоўным працэсе нічога не змянілася, хіба што сышоў трэкінг часу.
У 2020 годзе заказчык прапанаваў мне злётаць у ЗША ў дзелавую паездку/адпачынак і паглядзець, як там усё ўладкавана. Кампанія дапамагла сабраць поўны камплект дакументаў на візу: запрашэнне, рэзюмэ ды іншае. І раптам мне адмаўляюць з фармулёўкай, што гэты заказчык — мой адзіны кліент, які плаціць мне напрамую, і яны не бачаць дастатковых падстаў для майго вяртання назад.
Я планаваў яшчэ раз падацца праз месяц — працэдура прадугледжвае, што пасля адмовы ты маеш права на працягу паўгода здзейсніць яшчэ адную спробу і табе абавязкова дадуць іншага візавага афіцэра. Але тут здараецца кавід, Штаты закрываюць межы, і ўсе мае планы пра паездку ў ЗША глухнуць.
У верасні 2021 я зноў падняў гэтую тэму, і мы з заказчыкам запусцілі працэс атрымання візы H-1B — тып для высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Што такое віза H-1B і хто можа на яе прэтэндаваць
H-1B — неіміграцыйная віза, якую спансуе і запытвае працадаўца, а не замежны працаўнік самастойна. Заказчык з ЗША мае падаць прашэнне ва ўрад наконт дазволу замежнаму спецыялісту (як правіла са сфер STEM — навука, тэхналогіі, інжынерыя, матэматыка) працаваць у Злучаных Штатах абмежаваны перыяд часу. То-бок падача на гэты тып візы мае на ўвазе, што ў Амерыцы ты ўжо маеш працадаўцу.
Далей для падачы мне трэба было зрабіць апастыль і evaluation дыплома (у выніку маю беларускую адукацыю спецыяліста прыраўнавалі да ступені магістра ў амерыканскай сістэме) і запоўніць даўжэзны апытальнік пра сямейнікаў, папярэдніх працадаўцаў, college degree і гэтак далей.
Усё астатняе ўзяў на сябе мой заказчык. Дакладней, ён аплаціў паслугу візы пад ключ, якая каштавала 10 тысяч долараў і мела на ўвазе, што неабходны пакет дакументаў падрыхтуюць за мяне адвакаты. Яны займаліся бюракратыяй, у якую я нават не ўнікаў.
У сакавіку 2022 я пераехаў з Беларусі ў Польшчу і чакаў рашэння наконт візы ўжо там. Праблема з візай H-1B у тым, што квота на выдачу віз гэтага тыпу дзесьці 60 тысяч на год. А падавалася летась на яе прыкладна 300 тысяч чалавек, то-бок мае шанцы складалі 20 адсоткаў.
Але мне прыйшоў станоўчы адказ. Мы з маёй дзяўчынай за тыдзень арганізавалі вяселле, аформілі адносіны і пачалі рыхтаваць поўны пакет дакументаў — ужо на падачу ў консульства.
Важна разумець: тое, што цябе выбралі па праграме H-1B, яшчэ не азначае, што ты атрымаеш візу ў пашпарт і кудысьці паедзеш. Гэта проста падстава для звароту ў консульства. Выніковае рашэнне прымаецца на сумоўі.
Інтэрв’ю нам прызначылі на верасень. Усё прайшло вельмі добра. У мяне спыталіся пра адукацыю, працу, сям’ю. Мы паказалі пераклады ўсіх дакументаў. Афіцэрка адрэагавала ў духу: «Wow, guys, you really do have everything». Карацей, нам далі візу, і ў кастрычніку 2022-га мы ўжо паляцелі за акіян.
Я асабліва не разважаў над штатам, а ведаў, што пайду шляхам найменшага супраціву і адразу палячу ў LA, проста таму, што там жыў мой бос. Разумеў, што ён мне заўсёды дапаможа і падкажа што трэба.
Яшчэ адным важным аргументам на карысць Каліфорніі быў клімат. Як бы я ні любіў Беларусь і Мінск, я стаміўся ад шэрага надвор’я. Яно добрае ў той перыяд, калі ты падлетак і слухаеш сумныя песні. Але калі табе пад трыццатнік, без сонца становіцца цяжкавата. Лос-Анджэлес у кастрычніку сустрэў нас гарачым надвор’ем. У снежні тут было +17-20 градусаў Цэльсія.
Як легалізавацца ў ЗША
З візай H-1B ты можаш знаходзіцца ў ЗША тры гады з магчымасцю падаўжэння да шасці гадоў. Але мой статус дазваляе паралельна падаць дакументы для атрымання Green Card. Таму пасля прыезду мы адразу ўзяліся за збор і падрыхтоўку дакументаў для «грынкі», на што сышло яшчэ ў раёне 10 тысяч долараў. Пры станоўчым рашэнні карта выдаецца на 10 гадоў з магчымасцю падаўжэння на такі ж тэрмін і дае роўныя з грамадзянамі ЗША правы, акрамя права галасаваць. Калі ўсё рабіць хутка, то за год-паўтара ты атрымліваеш дазвол на жыхарства.
Што праўда, я чытаў, што ўсё залежыць ад штата падачы. Напрыклад, Каліфорнія лічыцца даволі дэмакратычнай, прагрэсіўнай і лаяльнай да эмігрантаў. Калі ж ты паедзеш у рэспубліканскі штат, усё можа скончыцца адмовай.
Наколькі я ведаю, падацца на «грынку» па-за Штатамі няможна. Выключэнне — праграма падачы на дазвол на жыхарства для таленавітых людзей. Для маёй спецыяльнасці складана на гэта разлічваць — думаю, ёсць шанец, калі ты круты чувак, які распрацаваў новую архітэктуру працэсараў, напрыклад. Шараговаму праграмісту разлічваць на гэта цяжка.
Колькі грошай трэба мець для пераезду і жыцця ў LA
Мы прыехалі ў Штаты з 30 тысячамі долараў. За 80 дзён арэнды AirBnb заплацілі ў раёне 13 500 долараў. Вядома, гэта дарагавата. Але мы здымалі жытло пасутачна плюс у вельмі добрым раёне Venice паблізу акіяна.
Крыху пазней мы арандавалі частку дома ўжо на доўгачасовых умовах. На месяц ягоная арэнда каштуе 3500 долараў. Але нам аднаразова прыйшлося заплаціць 10 500 долараў (двайны дэпазіт плюс кошт першага месяца, так як у нас яшчэ не было крэдытнага рэйтынгу — інакш дэпазіт быў бы меншы). Плюс у раёне дзясяткі трэба на тое, каб абставіць дом мэбляй, бо жытло ў ЗША звычайна здаецца пустым.
Так што для камфортнага пераезду, без моцных хацелак, 30 тысяч трэба з сабой мець. Хоць гэты бюджэт, вядома, можна ўціснуць. Скажу шчыра, мы не шыкуем, але і не ўціскаемся.
Паводле маіх адчуванняў, у LA для камфортнага жыцця на дваіх трэба мець 8-10 тысяч долараў на месяц да выліку падаткаў.
Я як Lead engineer зарабляю 140 тысяч на год, або ў раёне 11 600 на месяц. Гэта камфортны заробак. На падаткі ў мяне сыходзіць адсоткаў 30. Пры гэтым падаткі залежаць ад гадавога даходу: чым больш ты атрымаў, тым больш таксы ты заплаціш.
Тут ёсць фіксаваны deduction — 25 900 долараў — сума, якая адымаецца ад агульнага даходу і не абкладаецца падаткам. Плюс тут можна атрымаць шмат падатковых вылікаў. Напрыклад, калі б я плаціў тры тысячы баксаў не за арэнду, а за іпатэку, гэтая сума не абкладалася б падаткам. Таму лагічна з часам наняць бухгалтара, які дапаможа пісьменна спланаваць бюджэт і арганізаваць усё такім парадкам, каб заробак ішоў уверх, а падаткі пры гэтым заставаліся на тым жа ўзроўні.
Як выбраць бяспечны раён у LA і ці варта баяцца бяздомных
З майго досведу, перш ніж здымаць жытло ў Лос-Анджэлесе на доўгатэрміновы перыяд, лепш нейкі час пажыць на Airbnb і надаць час знаёмству з наваколлем. Інакш ёсць рызыка зняць ката ў мяшку і потым выявіць, што ў цябе небяспечны neighborhood.
Мой заказчык адразу падзяліўся са мной спісам добрых раёнаў. Але жытло там аўтаматычна даражэйшае, а яшчэ яго менш (бо з добрых лакалізацый людзі, як правіла, не з’язджаюць). Вось гэты топ-ліст: Eagle Rock, Highland Park, Atwater, Los Feliz, Sawtelle, Pasadena, Monrovia, Azusa, Orange.
Пры гэтым трэба разумець, што Лос-Анджэлес уладкаваны вельмі незвычайна. Ён як сыр з дзіркамі: унутры вялікага горада ёсць некалькі іншых гарадоў, як Santa Monica або Beverly Hills, са сваімі законамі.
У гайдах звычайна пералічаныя раёны, куды лепш не совацца або дзе высокі ўзровень злачыннасці. Напрыклад, у LA не раяць ездзіць у Skid Row у цэнтры горада, дзе вельмі шмат бяздомных. Я чуў, што яны могуць абрабаваць, але сам нічога падобнага не назіраў.
Калі мы толькі прыехалі ў Лос-Анджэлес, пачалі гугліць, дзе купіць сімкі на тэлефон. Выявілася, найбліжэйшы пункт быў у 25 хвілінах хады. Вырашылі прайсціся пешшу, хоць ужо пачынала цямнець. І тут упершыню ўбачылі, як на вуліцы ляжаць бяздомныя, частка з іх акупавала дом на колах, дзе яны складавалі ўсякі хлам. Вядома, мы зазналі невялікі культурны шок. Але тут працуе такое правіла: ты не чапаеш іх, яны не чапаюць цябе. Сустракаюцца, вядома, crackheads, у якіх на амфетаміне паехаў дах. Яны могуць сядзець пасярод вуліцы, торгацца, штосьці гарлапаніць як вар’яты, але яны звычайна бяспечныя.
Аднойчы з жонкай назіралі кіношны кадр. Вяртаемся са шпацыру з сабакам, а ў 100 метрах ад нас стаяць паліцэйскія нарады, у небе лётае верталёт, тут жа SWAT — мясцовы АМАП. Як мы зразумелі з размоў, у дом па суседстве прабраўся бяздомны з мачэтэ. І яны задзейнічалі столькі рэсурсаў, каб выдварыць яго адтуль. У выніку запусцілі слезацечны газ і вывелі яго. Гэта самае небяспечнае, што здаралася ў акрузе.
Але гэты прэцэдэнт выклікаў грамадскую дыскусію: з аднаго боку, органы правапарадку добра спрацавалі і засцераглі астатніх, а з другога — мясцовыя скардзіліся ў чатах: «На што ідуць мае падаткі, і нафіга праз аднаго бяздомнага з мачэтэ зганяць кучу людзей?».
Арэнда жытла і нюансы амерыканскіх дамоў
Мы паглядзелі ўсяго тры варыянты жытла, перш ніж вызначыліся з выбарам дома. У асноўным усім дамам у Лос-Анджэлесе каля сотні гадоў. Праз добры клімат драўніна тут жыве вельмі доўга.
Цяпер мы арандуем палову дома ў цэнтральнай частцы LA — раён Larchmont Village. Нам прыкладна 30 хвілін язды да пляжа, Beverly Hills і downtown, што лічыцца вельмі блізка. А па суседстве знаходзіцца Koreatown, і ягоны ўплыў вельмі адчуваецца. На суседнім бульвары амаль усе надпісы дублююцца на карэйскай.
Дом, у які мы засяліліся, толькі пасля рамонту і да нас тут ніхто не жыў. Мы арандуем верхні паверх, падобны да стандартнай еўрапейскай трошкі, прыкладна 75 квадратаў. Умовы вельмі файныя: цэнтральнае кандыцыянаванне, дах са скосамі, што вельмі ўтульна, дзве спальні — тут чамусьці ўсё вымяраецца не колькасцю пакояў, а колькасцю спальняў.
Амаль усе дамы ў Штатах здаюцца без мэблі — ёсць толькі кухня. Для рэлакантаў гэта можа быць праблемай. Асабіста мы пераязджалі з трыма валізамі і чатырма клеткамі з жывёламі. Зразумела, што ўсё жыццё з сабой не спакуеш. Затое ёсць шанец абставіць жытло з нуля пад сябе.
Можна, вядома, выбраць таннейшую альтэрнатыву дамам і дуплексам і арандаваць апартаменты. Гэта па-свойму класны варыянт, бо часта на тэрыторыі ЖК ёсць свая пральня, трэнажорная зала, TV, Internet. Але ты жывеш менш адасоблена. І яшчэ шмат у якіх апартах спецыфічная палітыка ў дачыненні да жывёл — дазволена максімум два. У нас жа тры каты і сабака, таму шматлікія варыянты аўтаматычна адкідаліся.
Некаторае жытло можна арандаваць у гаспадара напрамую — на адным з праглядаў з намі прысутнічала сама ўладальніца. А вось цяперашні дом мы здымаем праз management company — усе плацяжы і рашэнне бытавых пытанняў — праз пасярэдніка.
Пры афармленні арэнды трэба падаць нумар сацыяльнага страхавання, праз які яны прабіваюць цябе і пераконваюцца, што ты не які-небудзь злачынец або банкрут. Таксама звычайна яны чэкаюць credit score — твой крэдытны рэйтынг. Але так як мы толькі нядаўна пераехалі ў Амерыку і яшчэ не паспелі абзавесціся крэдытнай гісторыяй, то мне прыйшлося проста даць заклад.
Што такое social security number і credit score і нашто яны патрэбныя
Кожны легальны рэзідэнт ЗША мусіць звярнуцца ў Social Security Office для атрымання нумара сацыяльнага страхавання. Ён патрэбны для афармлення страховак, атрымання крэдытнага рэйтынгу, здзяйснення буйных пакупак. Карацей, social security number можна параўнаць з PESEL у Польшчы. Да яго ўсё прывязваецца.
Яшчэ адная асаблівасць Амерыкі ў тым, што тут прынята жыць у крэдыт і нарошчваць credit score, то-бок крэдытны рэйтынг. Калі ў Еўропе ўсе прызвычаіліся карыстацца дэбетавымі карткамі, якія дазваляюць здзяйсняць траты толькі ў рамка балансу (у мінус ты не сыдзеш), то ў амерыканцаў значна папулярнейшыя крэдыткі.
Чым вышэйшы ў чалавека credit score, тым вышэйшая ягоная плацежаздольнасць і добранадзейнасць. Credit score вызначаецца крэдытнымі агенцтвамі, якія на аснове тваіх трат, пазык, своечасовых плацяжоў выстаўляюць табе рэйтынг.
Цікава, што чым больш credit age гісторыі і чым больш крэдытных акаўнтаў у цябе аформлена (у ідэале — больш за 20, сярод якіх некалькі крэдытных карт, іпатэка на кватэру, машыну і гэтак далей), тым лепшы твой рэйтынг.
Credit score запытваюць, калі ты хочаш здзейсніць нейкую вялікую куплю або арандаваць жытло. Чалавек з добрай крэдытнай гісторыяй можа адкрыць банкаўскую карту з вялікім балансам, напрыклад, у некалькі тысяч, але потым іх, ясная рэч, трэба вярнуць.
Крэдыткі таксама выгадна выкарыстоўваць, бо яны даюць розныя бонусы: напрыклад, ёсць карты з cashback, назапашваннем міль на на палёты або пойнтаў, якімі ты можаш вельмі выгадна расплачвацца ў рэстаранах.
Але калі ты толькі прыязджаеш у Штаты з нулявой крэдытнай гісторыяй, ніхто не выдасць табе добрай крэдыткі. Затое ты можаш адкрыць secured credit card. Для гэтага трэба прыйсці ў банк, даць грошы і папрасіць зрабіць іх балансам тваёй крэдыткі. І калі за год у цябе не будзе ніякіх парушэнняў і спазненняў у пагашэнні запазычанасцей, табе гэтыя грошы вернуць. А паралельна з гэтым ты пачнеш зарабляць свой рэйтынг. Я так і зрабіў.
Цяпер у крамах я стараюся расплачвацца крэдыткай, а потым адразу перакідаю на яе выдаткаваную суму са свайго дэбетавага рахунку, каб пагасіць запазычанасць. Выходзіць трохі мудрагеліста, затое пры канцы справаздачнага перыяду мой payment usage — адсотак выкарыстанага балансу — роўны нулю, што вельмі добра для росту credit score. А ён беспасярэдне ўплывае на тое, пад які адсотак мне будуць даваць усякія пазыкі ды іпатэкі.
Ці абавязкова ў Штатах мець машыну (і чаму аўто за пару тысяч USD — добры варыянт для LA)
Без машыны тут складана і дорага. LA рэальна гіганцкі: напрыклад, калі мы шукалі сабе канапу, то знайшлі прыдатную ў краме за 70 км ад нас, — і гэта ўсё яшчэ быў Los Angeles County. У акрузе жыве 10 мільёнаў чалавек. І яны расселеныя не ў шматпавярхоўках, а ў нізкапавярховай Амерыцы. Праз гэта горад вельмі расцягнуты па плошчы.
Калі мы жылі ў раёне Venice (у якога вельмі класная лакацыя і сапраўдны каліфарнійскі вайб), без машыны можна было яшчэ абысціся.
Да акіяна нам было каля 20 хвілін пешшу, у раёне — шмат кавярняў і рэстаранаў. Але нават адтуль, калі мне пару разоў трэба было з’ездзіць да начальніка падпісаць дакументы, мне даводзілася аддаць за паездку на uber туды і назад 100 долараў.
Да таго ж у Штатах няма канцэпцыі «крама на раёне». Па прадукты заўсёды трэба ехаць на машыне, ну або ісці пешшу хвілін 40 у адзін бок.
Можна, вядома, перамяшчацца на грамадскім транспарце. І ён у LA насамрэч добры, але людзі да гэтага тут не прывучаныя. Хоць ёсць пазітыўныя тэндэнцыі: у горадзе імкнуцца актыўна развіваць чыгунку мясцовага прызначэння, каб трохі разгрузіць дарогі. Так як машын рэальна вельмі шмат — на freeway чатыры-шэсць палос у адзін бок. І калі ты выязджаеш сама ў розрух — ад 9 да 11 альбо ад 15 да 19 вечара — будзеш стаяць у корку, дакладней, вельмі павольна рухацца.
Цяпер мы пасяліліся ў больш аддаленым раёне, таму машына вельмі дарэчы. Я купіў BMW. Дакладней, мой выдатны заказчык сказаў: «Выбірай любую машыну да 50 тысяч долараў, потым разбярэмся». Дагэтуль не ведаю, як мы будзем разбірацца — магчыма, два гады мне проста не будуць выплачваць навагоднія бонусы або неяк паступова аднімуць з заробку. Асобна я аформіў страхоўку на машыну — deluxe coverage з добрым пакрыццём абышоўся ў 300 долараў.
Але тачку тут у любым выпадку рэкамендую купляць, нават калі і танную, за пару тысяч. Яна будзе старая, але з добрым кузавам, бо ў Лос-Анджэлесе добры клімат, і тут нічога не гніе.
А вось мясцовыя ў асноўным ездзяць на «амерыканцах»: Mustang, GMC, Cadillac. У іх ва ўсім манія на гіганцкае. Мы прыйшлі ў дом, а там пліта большая за сярэднюю беларускую разы ў два, хоць тыя ж чатыры фаеркі. Пытаемся, для чаго. А яны кажуць: «Але ж можна паставіць вялікія патэльні».
Колькі грошай сыходзіць на прадукты і ці ёсць пытанні да іх якасці
Звычайна мы закупляемся ў Costco (гэта найбуйнейшая ў свеце сетка складоў/крам самаабслугоўвання клубнага тыпу). Сяброўства там каштуе 100 долараў, але сябе акупляе. Усе прадукты ў Costco прадаюцца ў велізарных тарах — асабліва зручна для куплі розных круп або каш. Дазакупляемся мы ў меншых супермаркетах. У выніку на прадукты на тыдзень сыходзіць прыкладна 200-250 долараў.
Дарэчы, заўважыў, чым даўжэй мы ў Штатах, тым меншым робіцца сярэдні чэк у крамах. Спачатку мы закупляліся на 300 долараў, потым на 250, 200… Тут жа капіталізм у чыстым выглядзе, і спачатку ты не можаш утрымацца ад куплі чагосьці новага — усё хочацца пакаштаваць. Тут працуе такая логіка: ты ніколі не ведаў, што табе гэта трэба, пакуль не ўбачыў на прылаўку крамы. У амерыканскіх крамах можна знайсці што заўгодна: ад жоўтых ківі да аднаразовых трусоў для месячных.
Для тых, хто турбуецца пра натуральнасць ежы, тут заўсёды ёсць опцыя эка-прадуктаў. То-бок ты заходзіш у гіпермаркет і бачыш на адной паліцы звычайныя бананы за 69 цэнтаў за фунт (0,45 кг), а побач ляжаць арганічныя — за 79. Я, напрыклад, не бачу асаблівай розніцы і заўсёды бяру неарганічныя прадукты, але кожны вольны выбіраць.
Яшчэ тут вельмі развітая канцэпцыя замарожанай ежы. Напрыклад, за 15 долараў можна купіць шэсць стэйкаў з ласося. Яны ўжо замарынаваныя, запраўленыя, застаецца толькі закінуць у духоўку — і смачная вячэра гатовая. Мне вельмі падабаецца.
У плане садавіны ў LA проста рай — такой разнастайнасці я не сустракаў нідзе. І настолькі смачных трускалак ніколі не еў— хтосьці скажа, гэта праз хімозу, але яна проста суперсалодкая.
За беларускай малочкай таксама асабліва не сумую — хіба што ў нас яна тлусцейшая, а так у якасці не заўважыў розніцы. Яшчэ не стае глазураваных сыркоў — але я прызвычаіўся, што такіх нідзе, акрамя як у Беларусі, і няма.
Што тычыцца ежы ў рэстаранах, то ў Амерыцы яна падабаецца мне больш, ніж у Польшчы. Порцыі ўсюды гіганцкія — наясіся на сто адсоткаў. Наконт коштаў страў магу сказаць, што лічбы тыя ж, што і ў Польшчы, толькі замест злотых — долары.
Калі заказваць ежу з дастаўкай, на дваіх атрымліваецца долараў 30-40. Macdonald’s будзе таннейшы, а Taco Bell — смачны мексіканскі фастфуд — пакуль самы бюджэтны варыянт з усяго, што я тут сустракаў.
Яшчэ ў Амерыцы ўсюды прынята пакідаць гасцінец — добрым тонам лічыцца 20 адсоткаў ад рахунку. Хоць можаш пакінуць і 10, і 15 адсоткаў, але мой заказчык сказаў: калі ты зарабляеш нармальна, то лепш пакідаць добрыя гасцінцы, бо ў фудтраках і кавярнях людзі, як правіла, працуюць за нізкі заробак, і tips ім вельмі дапамагаюць.
Чаму ў ЗША важна мець страхоўку і ці можна знайсці лекі без рэцэпта
Вядома, у ЗША лепш мець добрую медыцынскую страхоўку. Тут ёсць два асноўныя тыпы insurance — HMO і PPO. Першая лічыцца бюджэтнейшай і мае на ўвазе, што ты маеш сямейнага доктара — primary care physician, ці проста PCP, — які вядзе тваю гісторыю і пры неабходнасці накіроўвае да нейкага вузкага спецыяліста.
У выпадку з PPO ты можаш наўпрост запісацца да патрэбнага спецыяліста, праверыўшы праз сайт, ці пакрывае прыём у гэтага доктара твая страхавая.
Мы карыстаемся PPO страхоўкай, якую аплачвае кампанія. Яна, як правіла, каштуе даражэй за HMO і ў нашым выпадку абыходзіцца прыкладна ў тысячу долараў на чалавека на месяц. Гэтая страхоўка пакрывае medical, dental і vision паслугі.
Датычна dental скажу адразу: калі вы збіраецеся ў Штаты, лепей вырашайце ўсе пытанні з зубамі загадзя. Якая б класная страхоўка ў цябе не была, яна ўсё роўна максімум пакрые прафілактычныя візіты, лячэнне карыесу і прафгігіену, але не лячэнне каналаў або ўстаноўку імплантаў.
Паставіць адзін імплант абыдзецца ў Амерыцы ў пару тысяч долараў. Таму тут людзі імкнуцца стабільна хадзіць да стаматолага два разы на год — калі прэвентыўна назірацца, ты наўрад ці заробіш сабе сур’ёзныя праблемы з зубамі.
У кожнай страхоўкі ёсць свае ліміты. Напрыклад, у нашым выпадку, пакуль кошт паслуг за год не дасягне 4200 долараў, мы са страхавой аплачваем лячэнне напалову. Усё, што вышэй за гэты ліміт, табе цалкам пакрывае страхоўка.
Але калі ў чалавека няма ніякай страхоўкі, можна трапіць на вялікія грошы. Я чуў гісторыю хлопца, які прыехаў у Амерыку нелегалам. На працы ён сур’ёзна пашкодзіў палец — здаецца, яго нават прыйшлося прышываць, за што бальніца выкаціла рахунак у паўмільёна долараў (а ў чалавека, нагадаю, не было страхоўкі). У выніку ўсё вырашылася добра: хлопцы быццам бы прымудрыліся сабраць гэтую суму на краўдфандынгавай платформе GoFundMe. Але прыклад паказальны.
Яшчэ тут раяць запытваць у медцэнтрах падрабязны чэк, у якім па пунктах распісана, за што з вас спісалі грошы. І любую з гэтых пазіцый можна аспрэчыць, умоўна: «У сэнсе, вы знялі пяць тысяч долараў за пластыр?».
Цяпер у Амерыцы набіраюць папулярнасць сайты з ідэяй #powertothepatients, дзе пазначаецца рэальны кошт медыцынскіх паслуг. Ведаючы гэтую інфармацыю, ты можаш адкрываць дыспуты са страхавой або з клінікай і аспрэчваць выстаўленыя рахункі.
Яшчэ адзін адметны момант — гэта вельмі жорсткі кантроль над лекамі ў ЗША. Напрыклад, у Беларусі болепатольныя накшталт Кетанолу можна купіць без рэцэпту. У Амерыцы гэта лічыцца вельмі моцным болепатольным, які выпісваюць толькі пасля аперацыі.
Але тут ёсць свае даступныя альтэрнатывы без рэцэпту, якія надзіва добра працуюць. То-бок ты можаш знайсці лягчэйшы аналаг ад цыстыту, мігрэні, болі ў спіне — ад чаго заўгодна. А вось кантактныя лінзы і акуляры ў Амерыцы адпускаюцца толькі па рэцэпце. Балазе, я зрабіў лазерную карэкцыю яшчэ ў Беларусі і выдатна зэканоміў. Так што, калі задумваецеся пра пераезд, пытанні па зроку таксама раю вырашаць дома.
Фальшывыя ўсмешкі, каліфарнійскі вайб і капіталізм, які перамог
Прыязджаючы ў ЗША, ты адразу бачыш усе плюсы. Але потым выразна заўважаеш і мінусы. Гэтая краіна не хавае ад цябе сваіх праблем — яны на слыху: дарагое жыццё, праблема бяздомных, гвалт з боку паліцыі…
Тут трэба быць акуратным з тым, што і каму ты кажаш, бо ёсць адчуванне, што ў Амерыцы цябе могуць засудзіць за што заўгодна. Лепей ніколі не ўжываць абраз і не казаць нічога правакацыйнага. У Беларусі ты кагосьці паслаў — перакінуліся парай фраз і разышліся, а тут за такое могуць і позву ў суд даслаць. Наогул, у Штатах працуе такое правіла: што б ты ні зрабіў — трапіў у аварыю, увязаўся ў канфлікт — лепш наймі адваката.
Мне зразумела, чаму многія людзі тут не прыжываюцца: Амерыка хоць і зразумелы, але ўсё ж такі іншы свет. Тут можа быць цяжка людзям, якія сумуюць за радзімай.
Я ж збольшага чалавек свету. Мне хочацца жыць там, дзе камфортна. Для мяне галоўныя плюсы Каліфорніі — гэта клімат, прырода, цікавае творчае асяроддзе — усведамленне, што ты знаходзішся побач з Галівудам, дзе здымаюцца ўсе гэтыя фільмы, вельмі натхняе.
Мне падабаецца мой узровень жыцця тут. Хтосьці скажа, што ў Беларусі на гэты ж заробак я жыў бы лепш, плаціў бы менш падаткаў і выдаткоўваў менш грошай. Але я перакананы, што мой узровень жыцця ўсё роўна быў бы ніжэйшым. Можа быць, мой дом выглядаў бы круцей, але калі казаць пра сферу паслуг або даступнасць нейкіх тавараў, то краіну капіталізму, які перамог, у гэтым плане не перасягнуць. Тут ёсць усё.
А яшчэ тут усе супердружалюбныя. Я бачу вельмі добрае і чыловае стаўленне да эмігрантаў. Калі я жыў у Польшчы, то ўвесь час адчуваў сябе чужым. Можа быць, так было праз моўны бар’ер. У Лос-Анджэлесе ў першы ж дзень падчас шпацыру з сабачкам да нас падыходзілі людзі і пыталіся: «Спадарства, а вы адкуль?». Гэта краіна мігрантаў, ты адчуваеш, што тут усе такія, як ты. Таму ні пра якую дыскрымінацыю не можа быць і гаворкі.
Кажуць, што ўсмешкі амерыканцаў штучныя. Хай так, але ў такім грамадстве ты ў любым выпадку адчуваеш сябе лепей.
Часам пытаюцца, ці насамрэч існуе асаблівы каліфарнійскі вайб. І я магу сказаць, што так. Прычым гэта тое, што не апісваецца словамі. Гэта трэба адчуць. Мне чамусьці прыходзіць да галавы такая паралель: вы прыязджаеце з сябрамі на лецішча — і кожны займаецца сваёй справай. Нікому не трэба нічога тлумачыць. Адзін распаліў мангал, другі арганізаваў музыку. І ўсё так гарманічна. Табе проста добра.
Вы выдаткавалі на гэты матэрыял пяць хвілін. Выдаткуйце яшчэ 15 секунд, калі ласка.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by