«Куды вы змесціце жоўты трохкутнік?» Якія недарэчнасці адбываюцца, калі айцішнікі праходзяць сумоўе не ў ІТ

А ў вас здаралася?
2 каментарыя

Сумоўе даўжынёй у 4 месяцы і «ніводнага тэхнічнага пытання» 

Андрэй* распавядае, як уладкоўваўся на працу ў банкі. 

— Першы банк — зараз расійскі, але маё першае сумоўе ў ім прыпала якраз на той перыяд, калі ён яшчэ быў беларускім. Расіяне толькі вялі перамовы аб яго набыцці.

Дык вось, я прыйшоў на інтэрв’ю. За сталом у кабінеце сядзела чалавек пяць — адзін мужчына і чацвёра жанчын. Маё рэзюмэ, як я зразумеў, ніхто нават не глядзеў. А я якраз прынес надрукаванае — яны разабралі яго па аркушыках і пачалі вывучаць мой досвед працы.

Было неяк дзіўна: хто галоўны — не зразумець, а яны «атачылі», навыперадкі задаюць пытанні. Але тэхнічных — ніводнага. Такое адчуванне, што пагутарыў з нейкімі адміністратарамі. Прайшло нібыта ўсё добра, сказалі, што мне яшчэ трэба пагутарыць са службай бяспекі. Калі — «паведамім дадаткова».

Прайшоў тыдзень, другі… Яны не патэлефанавалі. Я набраў сам. І зразумеў, што пра мяне, здаецца, забыліся. Ледзь арганізавалі другую сустрэчу — са спецыялістамі бяспекі. Тыя «прабілі» і знайшлі ў мяне (о жах!) адміністрацыйныя правапарушэнні — машыну не там паставіў, хуткасць перавысіў… За 12 гадоў стажу кіроўцы — аж 11 такіх кейсаў.

Адзін са спецыялістаў бяспекі пачаў перада мной выхваляцца: маўляў, у мяне вось ніводнага няма, а тут. Я адказаў, калі б у мяне былі пагоны на плячах — таксама не было б. 

Далей было некалькі тыдняў чакання. Ты тэлефануеш — а ў адказ: «Ой, мы зараз так занятыя». Карацей, як у анекдоце: «Што ж вы ўвесь час прыходзіце сёння? Прыходзьце заўтра!» А потым мне сказалі, што трэба б пагаварыць яшчэ з начальнікам, але ён у адпачынку — «давайце з намеснікам».

І зноў размова ні аб чым — проста «за жыццё», без аніводнага тэхнічнага пытання. 

Потым мне прызначылі сумоўе з эйчарам — мы абмяркоўвалі… офіс: я сказаў, што працую ў опенспэйсе, а яна адказала, што ў іх «арганізацыя класічнага ўзору» — і ўсе па сваіх кабінетах. 

А затым зноў было некалькі тыдняў чакання. Мне казалі, што «зараз усе кадравыя пытанні вырашаюцца ў Маскве», — так як іх набылі. А пазней паведамілі, што трэба б прайсці сумоўе яшчэ і з маскоўскімі супрацоўнікамі. 

Гэта зараз дыстанцыйныя сумоўі — норма, а тады было ў навінку. Мне сказалі: чакай, патэлефануюць у 20:00 вечара. Зазваніў тэлефон — і да майго здзіўлення ўпершыню хтосьці стаў распытваць аб тэхнічных нюансах маёй працы. За 4 месяцы я ж не чуў ніводнага тэхнічнага пытання — затое ўсе такія важныя, шчокі надзімаюць.

Дзяўчына сказала, што сумоўе я прайшоў добра — але адказу давядзецца пачакаць: «Мы ж банк, у нас тут няхутка ўсё». І я зноў чакаў. 

А потым яшчэ праз тыдні два сябар прапанаваў пайсці працаваць да іх у вядомы ІТ-інтэгратар — я прайшоў інтэрв’ю і працаўладкаваўся на новае месца. І тут… тэлефануюць яны. «Андрэй, усё добра, ты — малайчына, але на працу ўзяць цябе не можам, бо з-за крызісу замарозілі наём». 

«Я ў галаўным офісе тэст на прафесію праходзіў — а гэта ад філіяла»

Другая гісторыя, увогуле смешная (дакладней, гэта зараз так бачыцца, а тады было не да смеху, вядома). Я прапрацаваў у тым самым інтэгратары 5 гадоў — і 31 снежня патрапіў пад першае сваё скарачэнне. 

З пачатку года стаў я шукаць новае месца працы — і даведаўся, што аднаму банку, у якім я, дарэчы, ужо працаваў раней, патрабуецца спецыяліст майго ўзроўню. Выслаў рэзюмэ — мяне запрасілі на інтэрв’ю з начальнікам аддзела. 

Я яму спадабаўся. Але… «трэба здаць тэст». Пытаюся, што за тэст. Адказвае, што па прафесіі. Дык у мяне ж і дыплом, і запісы ў працоўнай — чым не тэст. Але не, «так у нас не робіцца». Окей, я пагадзіўся здаць гэты тэст. Прывялі мяне ў пакой, пасадзілі за камп’ютар — а там праграма па ахове працы і тэхніцы бяспекі, толькі дапрацаваная з улікам унутраных дакументаў гэтага банка. Ох, ды адкуль жа я, навічок, ведаю, што ў вас у іх напісана, хлопцы! 

Unsplash

Тым не менш, неяк здаў — прайшоў літаральна па ніжняй мяжы. Ну і атрымаў у адказ маё любімае: «Чакайце, мы вам абавязкова патэлефануем!»

…Прайшло, напэўна, тыдні два — патэлефанавалі. Трэба прайсці тэст у псіхолага, «у нас так заведзена!» Я з’ездзіў у офіс. Жанчына з добрымі і ўважлівымі вачыма падсунула паперкі. А там: «Куды вы змесціце жоўты трохкутнік — у чырвоны ці сіні квадрат?» — і ўсё ў такім духу старонак на пяць. 

Я запоўніў, і напэўна, прайшоў, раз тыдзень пасля мяне запрасілі на наступнае сумоўе — са спецыялістам бяспекі. Яны, вядома, таксама мяне «прабілі» — і потым запрасілі «пагаварыць сам на сам». Добра, хоць лямпай у вочы не свяцілі. 

А потым зноў цішыня на два тыдні і… «Прывітанне! Трэба зноў прайсці тэст па прафесіі». Я ж праходзіў. Але не, аказваецца, я ў галаўным офісе праходзіў — а гэта тэст ад філіяла. Добра, я вырашыў падрыхтавацца, пачытаў штосьці па ахове працы, узгадаў. Прыйшоў — у пакоі чатыры ці пяць жанчын балбаталі «пра сваё, пра дзявочае», ды так гучна, што гэта рэальна перашкаджала. А яшчэ камп’ютар такі стары — ледзь працаваў. 

Мне зноў запусцілі тую ж праграму, я пачаў адказваць, і на трыццаць чацвёртай хвіліне ён перастаў прымаць адказы (а на тэст даецца ўсяго 45 хвілін). Ну-ну! Хоць я ўсё ж прайшоў на наступны этап. Але калі ж ён? Начальнік, што са мной гутарыў кажа: «Твае паперы ўжо пайшлі ў аддзел — усё на кантролі, я іх падштурхоўваю». А тыдні ідуць — ужо тры мінула, калі не больш.

І вось яны прыйшлі на подпіс старшыні праўлення. А той напісаў: «Адмовіць!» Жонка мая была ў шаленстве — 3 месяцы целарухаў, а вынік адмоўны. 


Дзяліцеся недарэчнасцямі на сумоўях у ІТ і не ў ІТ у каментах, добра прабавім пятніцу! 

8 этапов лучше, чем 4? Что айтишники и HR думают о собесах длиной в месяц
Па тэме
8 этапов лучше, чем 4? Что айтишники и HR думают о собесах длиной в месяц
«Куратар — твой другі начальнік». Як служба бяспекі назаляе айцішнікам
Па тэме
«Куратар — твой другі начальнік». Як служба бяспекі назаляе айцішнікам

Читать на dev.by