Якія тэставыя адмаўляюцца рабіць беларусы. Спіс «адразу не»

У адным выпадку папрасілі зрабіць «праграму з мікрасэрвісамі і аркестрацыяй K8s».

Пакінуць каментарый

Работнікі ІТ-сферы расказалі DzikPic, чаму адмаўляліся выконваць тэставае заданне пры пошуку працы.

«Дэталёвую стратэгію для прадукту? Зручненька!»

— Адмаўлялася ад тэставых на пазіцыю продакт-менеджара, калі заданне палягала ў напісанні дэталёвай стратэгіі для прадукту або распісванні з поўнай дэталізацыяй унікальнай фічы або механікі (з макапамі дызайну, схемай манетызацыі, планам на аб-тэсты і аналітыкай).  Вы даяце мне дзень-два на тое, што я павінна буду рабіць на працы за даўжэйшы тэрмін, і атрымліваеце ад мяне бясплатна патэнцыйна класную ідэю або нават стратэгію — зручненька!

«Цэлы сайт на 5 старонак»

— Калі я шукала працу тэсціроўшчыцай, у якасці тз мне даслалі цэлы сайт на 5 старонак + дадатковыя менюшкі, каб усе пратэсціраваць і напісаць усе магчымыя праверкі. У мяне закралася думка, што так проста шукаюць бясплатнае рашэнне, таму напісала ўсё толькі для адной старонкі, паказаўшы, што гэтага дастаткова, каб ацаніць узровень спецыяліста. Вядома ж, мне даслалі адмову.

«Паўнавартасных пару дзён працы»

— Аднойчы кінуў тз на сярэдзіне, калі зразумеў, што яно зойме паўнавартасных пару дзён працы. З досведу, чым складанейшае тз, тым менш шанцаў, што табе адкажуць нават дзяжурнае «дзякуй за выдаткаваны час, але…». Здаецца, беларускія эйчаркі вышэйшыя за гэта.

«Патэсціраваць прадукт, які яшчэ не выйшаў у рэліз»

— Неяк мне напісала эйчарка ІТ-кампаніі і прапанавала паспрабавацца на прыдатную вакансію. У выніку я атрымаў тз у два невялікія абзацы тэксту з вельмі абстрактнымі фармулёўкамі — патэсціраваць прадукт, які яшчэ не выйшаў у рэліз, і зрабіць для карыстальнікаў кароткі тэкст пра тое, як усё ўладкавана. Ніякай бібліі праекта, ніякай базы даных. Я ўжо думаў над тым, як ветліва адмовіцца, але потым яны ўдакладнілі, што не наймаюць у Польшчы. Я радасна выдыхнуў.

«Такой фігнёй бясплатна займацца не буду»

— Раней пару разоў браў тз на біржах па рашэнні нейкай праблемы. У выніку я траціў час і ўсё ідэальна распісваў, але мяне не бралі — маўляў, кандыдатаў было шмат. Зразумеў, што больш такой бздурой бясплатна займацца не буду».

«Каравы тэкст на рускай пра крыпту»

— Пастукалася ў лінкедзін эйчарка і сказала, што кампанія шукае SMM-менеджара для працы з «праектамі ў блакчэйн-індустрыі, крыптавалютамі і WEB3». Гучала падазрона, але я ўжо была на мяжы. У выніку мне даслалі каравы тэкст на рускай пра крыпту і сказалі, што трэба гэта перакласці на англійскую мову «без дапамогі слоўнікаў і электронных перакладчыкаў». А яшчэ — засекчы час, за які я спраўлюся. Спыталася, навошта гэта SMM-шчыку, а мне адказалі, што патрабаванні да англійскай у іх «сапраўды даволі сур’ёзныя і ў нейкай ступені ўнікальныя». Я адказала: «Не, дзякуй я не галодная».

«Праграма з мікрасэрвісамі і аркестрацыяй K8s»

— Мне аднойчы дасылалі тэставае першым этапам — зрабіць праграму з мікрасэрвісамі і аркестрацыяй K8s. А потым шчыра дзівіліся, чаму былі дыпламатычна пасланыя.

«Калі бачу тэставае даўжэйшае за 3-4 гадзіны»

— Спачатку я ў Беларусі доўга шукаў працу, а потым яшчэ месяц у самой Польшчы. Адправіў кучу рэзюмэ і прайшоў шмат сумоўяў, таму выбарка «адразу не» ў мяне такая:

1. Калі бачу тэставае даўжэйшае за 3-4 гадзіны, адразу дзякую за opportunity і (у залежнасці ад адэкватнасці рэкруцёра) кажу праўду альбо выдуманую прычыну. Ужо былі кейсы, калі я рабіў тэставыя заданні, і ўсё роўна былі рэджэкты, а на цяперашнім рынку нават з добрым тэставым шанец мізэрны. 

2. Тэставае раблю, толькі калі гэта фінальны этап альбо замена тэхсумоўя (патрабаванне ў 3-4 гадзіны застаецца). То-бок уваходнае інтэрв’ю было, можна зрабіць тз і абмеркаваць мой ход думак з камандай, пасля чаго ўжо будзе офер або апошняе інтэрв’ю з менеджарам наймання.

3. Адразу не, калі кампанія гуляе ў wannabe google: дасылае спасылку на hackerrank і просіць за 1,5 гадзіны зрабіць алгарытмы ўзроўню medium-hard. Былі выпадкі, калі абяцаюць даслаць тэставае, а прыходзіць вось такое. Трэба папярэджваць пра падобнае, каб кандыдат падрыхтаваўся.


Читать на dev.by