CactusSoft таксама. Бельгійская кампанія вывезе мінскую каманду
Бельгійская ІТ-Кампанія CactusSoft з беларускімі каранямі можа да мінімуму скараціць каманду ў РБ. Паводле інфармацыі супрацоўнікаў, топ-менеджмент прапанаваў мінскаму офісу рэлакавацца ў замежныя офісы кампаніі альбо аформіць ІП за мяжой. Папярэдне — да кастрычніка. Дазналіся падрабязнасцей.
Як расказаў dev.by адзін з супрацоўнікаў CactusSoft, кампанія прапанавала камандзе на выбар некалькі варыянтаў. Адзін з іх — рэлакейт у офіс у Грузію або Іспанію. «Але опцыя „пераезд у Іспанію“ даступная толькі распрацоўшчыкам», — сцвярджае суразмоўца. Таксама супрацоўнікам прапанавалі разгледзець варыянт з адкрыццём ІП у Польшчы або Грузіі.
CactusSoft — бельгійская ІТ-кампанія з цэнтрам распрацоўкі ў Беларусі і галаўным офісам у Бельгіі. Была заснаваная ў 2007 годзе. Спецыялізуецца на стварэнні web- і мабільных праграм пад заказ для IoT, Healthcare, Digital Transformation і Blockchain. Сярод кліентаў былі Microsoft, Nokia, Mail.ru, «Яндэкс».
Першапачаткова CactusSoft была беларускай кампаніяй. Яе заснавальнікі — Андрэй і Вера Рашэціны. У 2018 годзе CactusSoft завяршыла ўгоду па аб’яднанні бізнэсу са сваім партнёрам — бельгійскай Litussoft, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг у распрацоўцы праграмнага забеспячэння.
Улетку 2019 года сузаснавальнік і СЕО CactusSoft Вера Рашэціна абвясціла аб сыходзе з кампаніі. Яна з’ехала ў Данію, каб займацца сваім новым праектам — Workee.co (сэрвіс пошуку працы ў сегменце HoReCA — рэстараны, гатэлі). Новай дырэктаркай CactusSoft у Беларусі стала Аксана Астаповіч, якая раней займала ў кампаніі пасаду кіраўніцы аддзела продажаў. Але пазней яна таксама сышла з кампаніі. Гендырэктарам кампаніі на сёння з’яўляецца Брам Ван Ніўвербург.
— Рэлакантам кампанія гатовая аплаціць квіткі на супрацоўніка і сям’ю ў адзін бок і часткова пражыванне. Тыя, хто аформіць ІП у Грузіі, як я разумею, могуць працягваць жыць і ў Беларусі. Але гэты кейс — апошні ў спісе і, хутчэй, на крайні выпадак. Бо ў гэтай сувязі ўзнікае шмат пытанняў датычна легальнасці такой працы і атрымання грошай унутры Беларусі.
У цэлым опцыя са стварэннем небеларускага ІП, наколькі я магу меркаваць, адкрытая. Напрамую спісы краін, дзе можна жыць, не пералічваліся. Але, вядома, не ў Расіі і, відаць, не ва Украіне, — расказала крыніца.
Спецыялісты, якім не пасуе аніводны з прапанаваных варыянтаў, пры жаданні могуць звольніцца. Паводле слоў яшчэ аднаго супрацоўніка CactusSoft, некаторым спецыялістам, у прыватнасці, «з няпоўнай загрузкай ужо прапанавалі знайсці новую працу».
Паводле даных адзінага дзяржрэгістра, «КактусСофт» на дадзены момант — дзейная юрыдычная асоба ў Беларусі. У нас няма пацверджанай інфармацыі, колькі чалавек цяпер працуе ў офісе ў РБ. У профілі кампаніі ў лінкедзіне каля 40 супрацоўнікаў пазначылі Беларусь у якасці актуальнай лакацыі.
У CactusSoft паведамілі, што ва ўсіх падраздзяленнях і лакацыях групы кампаній працуе каля 80 спецыялістаў.
Што кажуць у кампаніі
Мы звярнуліся па афіцыйны каментар да кампаніі. Вось які адказ атрымалі:
— Кампанія CactusSoft сутыкнулася з нявызначанасцю, як і многія іншыя кампаніі. Мы маніторым сітуацыю, у тым ліку агульнасусветную. І абавязаныя падрыхтаваць кампанію да вонкавых фактараў, якія могуць паўплываць на ейную дзейнасць.
Мы будзем падыходзіць пакрокава да вырашэння ўсіх пытанняў. У нас ёсць забавязанні перад супрацоўнікамі, і мы стараемся знайсці для іх найлепшыя варыянты.
На дадзены момант высвятляем настрой супрацоўнікаў. Якія варыянты могуць ім падысці для далейшай працы — рэлакейт, праца ў Беларусі, якія ў іх жыццёвыя сітуацыі. Але мы не можам прадказаць развіццё падзей у будучыні. Шмат вонкавых фактараў, якія могуць паўплываць на кампанію.
Мы не прапаноўвалі сваім супрацоўнікам звальняцца. Але так як не можам прадказаць развіццё падзей, не выключаем, што хтосьці пасля захоча звольніцца сам. Пакуль сітуацыя нявызначаная.
Што тычыцца лёсу беларускага офіса, таксама будзем глядзець па сітуацыі.
За 2022–2023 гады некалькі дзясяткаў ІТ-кампаній закрылі/прадалі свой бізнэс у Беларусі і сышлі з краіны. У гэтым спісе сёння як вядомыя кампаніі з беларускімі каранямі (Flo, Wargaming, Gurtam, Wannaby, OneSoil), так і замежныя (WorkFusion, Appodeal, Softeq Development, Arteza, EIS Group, Playrix).
Большасць ІТ-кампаній з топ-50 пакуль захавалі бізнэс у Беларусі, але колькасць супрацоўнікаў, якія працуюць у офісах у РБ, за апошнія паўтара года скарацілася, паводле нашых ацэнак, у 1,5-2 разы. Напрыклад, найбуйнейшая ІТ-кампанія Беларусі EPAM «згубіла» прыкладна палову штату. Амаль на столькі ж скарацілася беларуская каманда iTechArt. Мінскі офіс Exadel скараціўся амаль у 5 разоў.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі і нашых падлікаў ад студзеня 2022 года ІТ-сектар страціў ужо каля 19 тысяч спецыялістаў.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў.
Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 170 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі. У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
І яшчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by