«З досведам меншым за 5 гадоў совацца не варта». Джун паспрабаваў працаваць у Канадзе, але вярнуўся ў РБ
Міхаіл — Java Backend Developer і студэнт апошняга курса БДУІР.
Улетку гэтага года ён амаль кінуў універсітэт дзеля працы ў Канадзе ў невялікім стартапе, які стварае сэрвіс дастаўкі ежы. Але пасля трох месяцаў працы ў Таронта вярнуўся ў Беларусь. Пра свой досвед экспрэс-рэлакейту студэнт БДУІР расказаў dev.by.
Мінск-Таронта
— У мяне ёсць школьны сябар, які жыве ў Канадзе. Мы даўно падтрымліваем з ім сувязь. Так выйшла, што знаёмыя сябра адкрылі стартап і набіралі людзей у каманду, у тым ліку былі вакансіі і па маім стэку — Java Backend. Сябар расказаў мне пра праект, я звязаўся з удзельнікамі, паспяхова прайшоў сумоўе, і мне прапанавалі працу.
Першапачаткова мне прапанавалі варыянт аддаленай працы. Праз праблемы з плацяжамі і пераводамі абяцалі плаціць у крыпце. Але ў часе размовы з HR я згадаў, што маю пяцігадовую канадскую візу (адкрыў яе два гады таму, калі наведваў сябра). І мне прапанавалі пераехаць. Паабяцалі зрабіць усе неабходныя дакументы для афіцыйнага працаўладкавання і аформіць джоб-офер, так як мая віза не дае вольнага доступу да рынку працы.
Як мне расказалі, у Канадзе апошні год дзейнічае спрошчаная сістэма атрымання оферу. Раней кампаніям трэба было даказваць, што яны шукалі кандыдата на мясцовым рынку мінімум паўгода, не знаходзілі і з гэтай прычыны рэлакавалі патрэбнага супрацоўніка з іншых краін. Сістэму спрасцілі.
І мне сказалі: прыязджай, на месцы ўсё вырашым. Я авантурны хлопец — пагадзіўся, доўга не раздумваючы. З БДУІР планаваў потым адлічыцца (калі ўсё атрымаецца на новым месцы).
«Зразумеў, што з дакументамі ніхто асабліва не чухаецца — так далей жыць не варыянт»
— Уласнік стартапа — этнічны індус. Яму 25 гадоў. У стартапе таксама працаваў яго брат. У іх, як я зразумеў, вельмі багаты бацька. Менавіта ён і вылучыў грошы на адкрыццё і развіццё праекта.
Стартап распрацоўвае web-сэрвіс дастаўкі ежы.
У Канадзе, як і ў Беларусі, вельмі мала месцаў, дзе можна кругласутачна паесці або заказаць ежу. Хлопцы правялі рэсёрч і высветлілі, што такі сэрвіс вельмі запатрабаваны на рынку. Але яны пайшлі далей і захацелі цалкам аўтаматызаваць працэсы, стварыўшы кухню, дзе асноўнымі працэсамі гатавання ежы і зборкі заказу займаліся б робаты. Вось такая была авантурная ідэя.
У камандзе былі Backend Developer і Frontend Developer, Business Analyst, адзін QA і PM. Я займаўся непасрэдна распрацоўкай web-сэрвісу, які прымае і апрацоўвае заказы. Таксама была невялікая група, якая на базе мясцовага ўніверсітэта займаліся робататэхнікай. Але з імі я амаль ніяк не перасякаўся.
Працэсы ў стартапе былі выбудаваныя звыклым для мяне чынам. Задачы — у Jira, камунікацыя — у Slack. Каманда маладая, з усімі было лёгка размаўляць.
У мяне быў гібрыдны фармат працы. Першыя тры тыдні я амаль заўсёды працаваў у офісе, а потым у мяне быў свабодны рэжым.
Мне плацілі 4 тысячы канадскіх долараў на месяц (каля $3 тыс). Назапашваць не атрымлівалася. Таронта не толькі дарагі горад, але тут яшчэ і шмат спакус, асабліва для студэнта. Шмат месцаў, дзе можна патусавацца, грошы ж ёсць. Але я не толькі тусаваўся. Паездзіў па Антарыё (правінцыя ў цэнтральнай частцы Канады), убачыў акіян, Ніягарскі вадаспад.
Першы час працаваў без афіцыйнага працаўладкавання, чакаў. Праз тры тыдні пацікавіўся, як ідуць справы з дакументамі. Мне сказалі: усё нармальна, супакойся. Праз нейкі час удакладніў яшчэ раз і атрымаў падобны адказ.
А потым зразумеў, што з дакументамі ніхто асабліва не чухаецца — і далей жыць у паўлегальным статусе не варыянт. І ў жніўні сказаў хлопцам, што збіраюся з’ехаць. Яны спыталі: што не задавальняе? Ты жывеш у гэтай краіне, атрымліваеш заробак. Магчыма, дакументы атрымаеш цягам паўгода, бо гэта складаны працэс.
Знаёмыя беларусы распавялі, што аформіць усе неабходныя дакументы на працу за паўгода нерэальна. Канадскія кампаніі ў першую чаргу нацэленыя на рэлакацыю суперкваліфікаваных спецыялістаў, у якіх 6-7 гадоў досведу. Але нават працэс афармлення такіх спецыялістаў з атрыманнем дазволу на працу займае не менш як 8 месяцаў.
Што ж казаць пра мой паўгадавы досвед працы ў Беларусі!
Пра кошт жыцця ў Канадзе
Пералёт з Беларусі ў Канаду абышоўся прыкладна ў 1400 канадскіх долараў (крыху больш за $1000).
Першы час на дваіх з калегам здымалі кватэру ў Таронта. Плаціў за яе 1,1 тыс. канадскіх долараў (больш за $800). Але потым пераехаў жыць да сябра.
У Таронта наогул бяда на рынку нерухомасці — кватэры днём з агнём не адшукаеш. А калі нешта І знойдзеш, то альбо раён не надта, альбо оверпрайс.
Кошт арэнды пакоя пачынаецца ад 1000 канадскіх долараў (каля $740). Але гэта будзе дрэнны раён з наркаманамі, блашчыцамі, шумнымі суседзямі. Арэнда нармальных апартаментаў стартуе ад 3000 канадскіх долараў ($2200) на месяц.
Дарэчы, мясцовыя, з якімі пазнаёміўся, скардзіліся, што ў іх няма нават аддаленых перспектыў купіць сабе дом з улікам інфляцыі і ваганняў цэн на нерухомасць. Паказвалі мне графікі, што для куплі дома ім трэба працаваць ледзь не 120 гадоў.
Канада — дарагая краіна. Што здзівіла (але да чаго і хутка прызвычаіўся), дык гэта да цэннікаў на тавары. Яны пазначаныя без ПДВ (12%), але пры канчатковым разліку выніковая сума будзе ўжо з улікам ПДВ. Пра гэта трэба было памятаць пры пакупках у краме.
Дарагая мабільная сувязь. Напрыклад, мая sim-карта каштавала каля 50 канадскіх долараў ($37).
А вось таксі адносна недарагое. Паездка на адлегласць у 4 км абыдзецца прыкладна ў 15-20 канадскіх долараў ($11-15) з улікам трафіку.
Але я стараўся карыстацца грамадскім транспартам. Разавы праязны каштуе 3,30 канадскіх долараў ($2,4), ён дзейнічае тры гадзіны на ўсе віды транспарту — аўтобус, трамвай, электрычка, метро.
Што тычыцца цэн на прадукты, то ў Канадзе, як я заўважыў, прынята закупляцца вялікімі аб’ёмамі: напрыклад, калі купляюць курыцу, то адразу 2-3 кілаграмы. Пакідаеш умоўна 500 канадскіх долараў ($370) у Costco, і табе прадуктаў хапае на 2-3 тыдні ў залежнасці ад таго, як і чым ты харчуешся.
Але калі хадзіць у крамы, напрыклад, у Walmart, па мінскай звычцы кожныя выхадныя або кожныя два дні, то будзеш выдаткоўваць нашмат больш грошай.
Я адзін раз купіў у краме літаральна дзве пачкі макаронаў, 600 грам курыцы, кетчуп, нейкі напой і заплаціў за ўсё каля 50 канадскіх долараў ($37). Для разавага паходу ў краму і такога набору прадуктаў гэта зашмат.
«Шукаю новую працу — у кампаніях на рынку СНД»
У выніку пасля трох месяцаў у Канадзе я вярнуўся ў Мінск. Працягваць працаваць у стартапе аддалена не было ўжо ніякага жадання. Перспектыў у праекце я не бачыў. Што адбываецца цяпер у стартапе, не ведаю. Але робаты на кухні так і не з’явіліся.
Пасля вяртання думаў: давучыцца ў БДУІР ці закінуць? Але ўсё ж такі вырашыў атрымаць адукацыю, бо вышэйшая адукацыя вітаецца на Захадзе — такі трэнд.
Цяпер шукаю новую працу — у кампаніях на рынку СНД. Як паказаў досвед, не варта совацца на рынак Еўропы або ЗША з досведам меншым за 5 гадоў.
Читать на dev.by