КДБ ладзіць конкурс у Ліцэі БДУ. Сярод намінацый праграма для піяру спецслужбаў
Ліцэй БДУ сумесна з Афіцэрскім сходам КДБ ладзіць культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных», паведамляецца на сайце ліцэя. У конкурсе 6 намінацый. У адной з іх трэба стварыць «праграмныя прадукты, якія спрыяюць развіццю цікавасці да прафесіі супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Конкурс ладзіцца ад 1 кастрычніка да 10 снежня 2022 года. У ім могуць удзельнічаць вучні і выкладчыкі Ліцэя БДУ.
Намінацыі:
- «Графічны раман (комікс)»;
- «Віруснае відэа»;
- «Літаратура»;
- «Музыка»;
- «Харэаграфія»;
- «Дзіджытал рашэнне».
Напрыклад, у намінацыі «Віруснае відэа» ўдзельнічаюць стваральнікі «кароткіх відэа пра гераічны вычын чэкістаў-Герояў Савецкага Саюза». У намінацыі «Графічны раман (комікс)» — стваральнікі коміксаў, «якія ілюструюць жыццёвы шлях і дзяржаўную дзейнасць Ф. Э. Дзяржынскага». У намінацыі «Дзіджытал рашэнне» — распрацоўшчыкі «мабільных і VR-праграм, адукацыйнага софту, відэагульняў, якія спрыяюць развіццю цікавасці да прафесіі супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Мэты конкурсу такія (арфаграфія крыніцы захаваная):
- патрыятычнае выхаванне беларускай моладзі;
- папулярызацыя гістарычнай спадчыны выбітнага ўраджэнца беларускай зямлі, заснавальніка ВЧК-КДБ Ф. Э. Дзяржынскага сродкамі графічных раманаў (коміксаў) — асаблівага жанру мастацтва, які прадстаўляе сабой сінтэз літаратуры і графікі, у якім сюжэт твора перадаецца праз малюнак;
- прыцягненне ўвагі моладзі да гераічнага вычыну чэкістаў-Герояў Савецкага Саюза сродкамі відэаролікаў у фармаце кароткіх відэа;
- стварэнне сучасных літаратурных, музычных і харэаграфічных твораў, у якіх на высокім мастацкім узроўні створаны станоўчы вобраз супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі, найбольш аб’ектыўна адлюстраваная дзейнасць КДБ Рэспублікі Беларусь;
- распрацоўка з выкарыстаннем ІТ-тэхналогій праграмных прадуктаў, якія спрыяюць развіццю цікавасці да прафесіі супрацоўніка органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі конкурсу падпісваюць дазвол на выкарыстанне сваіх твораў дзяржаўнымі СМІ.
«Аўтары работ на выплату аўтарскага ганарару не прэтэндуюць», напісана ў Палажэнні аб правядзенні конкурсу.
Читать на dev.by