Кіпрскі банк закрые рахункі некаторым расійцам. А што з беларусамі?
Найбуйнейшы кіпрскі банк Bank of Cyprus разаслаў паведамленні частцы расійскіх кліентаў пра тое, што іх рахункі будуць закрытыя. Спыталі кіпрскіх беларусаў, як маюцца яны.
У лісце кліентам Bank of Cyprus паведамляе, што іх рахункі будуць закрытыя на працягу двух месяцаў, бо даныя карыстальніка не адпавядаюць правілам працэдуры «Знай свайго кліента», піша forbes.ru.
Падставай для закрыцця рахунку можа стаць падатковае рэзідэнцтва РФ, наяўнасць даходу ад санкцыйнага бізнэсу ў РФ (напрыклад, дывідэндаў або заробку для супрацоўнікаў на аддаленай працы санкцыйных кампаній), «нетыповы» дазвол на жыхарства, напрыклад, тыпу «F» або «візіцёр». У тым ліку гэта тычыцца тых, хто знаходзіцца на Кіпры па візе «лічбавага качэўніка».
Рашэнне было прынятае пасля чарговага пашырэння амерыканскага SDN-пераліку. Банк асцерагаецца санкцый за абслугоўванне расійцаў.
Паведамленняў пра прымяненне аналагічных мер да грамадзян Беларусі пакуль не паступала. dev.by спытаў знаёмых рэлакантаў на Кіпр — яны не чулі пра падобныя кейсы ў дачыненні да беларусаў.
Больш за тое, яны мяркуюць, што маштаб праблемы перабольшаны. Маўляў, абмежаванні не распаўсюджваюцца на тых, хто тут рэальна жыве і працуе.
— Гэта закранула невялікую колькасць расійцаў. Толькі тых, хто плаціць падаткі ў РФ, не з’яўляецца рэзідэнтам Кіпра або мае візу F (дазвол на жыхарства за куплю нерухомасці). А такіх усё ж меншасць у агульнай колькасці рэлакантаў.
У большасці тых, хто пераехаў, зусім іншыя візы. Яны жывуць на востраве і з’яўляюцца падатковымі рэзідэнтамі Кіпра, а не РФ. І ў іх хутчэй за ўсё працоўныя візы (то-бок кантракт з кіпрскай кампаніяй). Або візіцёрская віза, якая таксама дазваляе атрымліваць даходы з-за мяжы, аплачваючы падаткі на Кіпры.
Пры гэтым варта ўдакладніць, што пакуль рахункаў нікому не закрываюць. Банк папрасіў прайсці працэдуру KYC (Know Your Customer), то-бок даць больш даных пра сябе і свае даходы.
Кіпр пасля 2020 года стаў месцам рэлакацыі для многіх ІТ-кампаній і айцішнікаў з Беларусі. На Кіпр перавозіў супрацоўнікаў Wargaming, туды з’ехала частка каманды Fibery на чале з Міхаілам Дубаковым, з Кіпра працуе частка каманды Playgendary, Wannaby.
Іншыя вядомыя айцішнікі — Віктар Кіслы, Юрый Гурскі — жывуць на Кіпры даўно. Некаторыя, як, напрыклад, Аляксей Герасімовіч, назапасілі столькі карыснага досведу, што яго хапае на гід па Кіпры.
Wanted! Калі вы жывяце за мяжой і апошнім часам сутыкнуліся з праблемамі ў банкаўскім абслугоўванні праз грамадзянства РБ, напішыце нам у @devby_insight_bot. Гэта ананімна.
Вы можаце падтрымаць dev.by рознымі спосабамі, напрыклад, хуткім данатам проста цяпер.
Читать на dev.by