Качанава ўзначаліла пасяджэнне па штучным інтэлекце
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўзначаліла пасяджэнне экспертаў, якія сёння сабраліся абмеркаваць развіццё і рэгуляванне ШІ. Пра гэта паведамляецца ў Telegram-канале СР.
Удзельнікі — члены Савета Рэспублікі і савета старэйшын пры ім, прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, дэпутаты і члены Маладзёжнага савета. Яны абмяркоўваюць планы і перспектывы рэгулявання развіцця ШІ, магчымасці і рызыкі ШІ, а таксама замежны досвед па рэгуляванню ўкаранення тэхналогіі.
Качанава кажа, што ШІ становіцца ключавым кампанентам тэхналагічнага суверэнітэту:
«Яшчэ нядаўна ўзнікненне тэхналогій, якія перавышаюць інтэлектуальныя магчымасці чалавека, выглядала далёкай перспектывай, амаль фантастычнай будучыняй, а ўжо зараз гэта — рэаліі сённяшняга дня. Больш таго, ШІ становіцца ключавым стратэгічным напрамкам, які вызначае тэхналагічны суверэнітэт дзяржаў».
Па яе словах, ШІ, з аднаго боку, адкрывае каласальныя магчымасці ў самых розных абласцях, і ад яго вельмі чакаюць росту якасці жыцця. З другога, ШІ ўяўляе сур’ёзныя рызыкі ў выглядзе «фэйкавых навін, сінтэзаваных медыя, праблем з бяспекай персанальных дадзеных, размывання этычных нормаў». «Без адэкватнага кантролю выкарыстанне тэхналогій ШІ можа прывесці да лавінападобнага росту выклікаў для грамадства і дзяржавы», — адзначыла чыноўніца.
Яна дадала, што рэгуляванне не паспявае за развіццём ШІ, і каб пазбегнуць памылак і пераняць лепшыя практыкі, трэба аналізаваць «міжнародны досвед і заканадаўчыя ініцыятывы ў краінах, якія імкнуцца дамінаваць у гэтай вобласці, перш за ўсё — у Расійскай Федэрацыі, Кітаі і ЗША, у ААЭ». А ўлады павінны праводзіць «узважаную і сістэмную дзяржаўную палітыку» ў гэтым напрамку і ўзмацніць міжведамаснае ўзаемадзеянне.
Читать на dev.by