У мінскім офісе ІТ-кампаніі прадаюць кубак кавы за €386. Кажуць: даражэй за ўсіх на свеце

Каманда Humatheq расказала ў сябе ў тэлеграм-канале, што яны маюць уласную кавярню, «дзе гатуецца хвацкі эспрэса з найвышэйшай цаной за кубак на свеце — €386».

7 каментарыяў

«Гэта не жарт», — гаворыцца далей. У пасце паведамляецца, што гэта не камерцыйны праект, таму «колькасць прададзеных кубкаў, маржынальнасць, EBITDA — усё гэта не пра нашую кавярню».

Пад пастом пытаюцца, дык навошта ж гэта трэба, і чаму не €399. Адказ ад CEO Змітра Чарнаморца — «прыгожая лічба». Некаторыя напрасіліся ў госці — іх быццам бы абяцаюць пачаставаць.

Дарэчы, у тэлеграм-канале Humatheq нярэдка сустракаюцца пасты пра каву. У адным з іх расказвалі пра традыцыю — кожны год на 14 ліпеня, Дзень узяцця Бастыліі, выпускаць лімітаванай партыяй які-небудзь прадукт. Летась гэта якраз і была кава — 1000 кілаграмовых пачкаў. Планавалася, што 240 з іх будуць даступныя ў Беларусі, а астатнія — на складзе ў Страсбургу.

CEO Humatheq Зміцер Чарнаморац запомніўся даўнім чытачам devby.io пастом, у якім прайшоўся з ладнай доляй крытыкі па беларускіх айцішных кадрах сярэдніх гадоў. Маўляў, большасць з іх і выглядаюць так сабе, і з жыццёвай энергіяй у іх тухла, і за прагрэсам не паспяваюць. 

Humatheq вырасла з лагістычнага бізнэсу, цяпер займаецца распрацоўкай прадуктаў. Дапамагае вытворцам і ўладальнікам брэндаў знаходзіць ідэі новых прадуктаў, распрацоўваць дызайн і канструктыў, выбудоўваць R&D-працэсы, а таксама выводзіць прадукты на рынак.  


Читать на dev.by