20 вакансій у аднарога. Каго наймаюць прадуктовыя кампаніі ў Беларусі ў студзені
Паглядзелі, якіх спецыялістаў шукаюць прадуктовыя кампаніі на рынку Беларусі на пачатку года.
Каго наймае аднарог?
У лістападзе беларускі распрацоўшчык мабільных казуальных гульняў Easybrain быў прададзены ўжо другі раз у сваёй гісторыі. Гэтым разам шведская Embracer Group прадала актыў аж за $1,2 мільярда — швейцарскаму паблішару Miniclip.
На сайце Easybrain беларускі офіс па-ранейшаму фігуруе ў пераліку асноўных лакацый. Там жа каля 20 вакансій, але без геаграфічнай прывязкі. Распрацоўшчыку, у прыватнасці, патрэбныя дызайнеры, HR, Mobile QA Engineer, Product Manager.
Сярод патрабаванняў — абавязковае веданне рускай мовы і сярэдні+ узровень англійскай. Досвед працы 2-4+ гады. Кампанія дапамагае пры рэлакацыі.
CEO у Gismart, цімлід у Vizor
А вось беларуска-брытанская кампанія Gismart вырашыла пайсці па слядах многіх ІТ-бізнэсаў і змяніць назву юрыдычнай асобы ў Беларусі. У рэестры цяпер фігуруе новая кампанія — «Пракод Дэў».
Gismart ад мінулага года больш не пазіцыянуе сябе як распрацоўшчыка гульняў. Кампанія засяродзілася на распрацоўцы ўтыліт, медыцынскіх і музычных праграм.
На сайце Gismart 12 адкрытых вакансій — усе для аддаленай працы. Кампаніі патрэбныя менеджары (Support Manager, Product Marketing Manager, UA Manager), інжынеры, фінансавы аналітык, Motion Designer, CEO of Music&Entertainment Apps Unit.
Шукаюць спецыялістаў з вопытам працы 2-3+ гады. Адное з патрабаванняў да прэтэндэнтаў на пазіцыю UA Manager — пацверджаны вопыт кіравання вялікімі бюджэтамі ў памеры $400-500 тысяч на месяц.
Паблішар Vizor Games яшчэ раней змяніў назву юрыдычнай асобы ў Беларусі на «ГеймТэк». За апошні месяц кампанія размясціла на rabota.by каля 20 вакансій — як для вопытных супрацоўнікаў (да 6 гадоў), так і пачаткоўцаў.
Напрыклад, не патрабуецца вопыт на пазіцыю Level Designer для каманды мабільнага праекта Klondike Adventures. А вось на пазіцыю Art Lead (Match-3), наадварот, патрабуецца даволі вопытна спецыяліст (больш за 6 гадоў). Таксама кампаніі патрэбныя распрацоўшчыкі, мастак, дата-аналітык, QA Engineer — і цімлід у «міні-каманду крэатыўнага прадакшану».
Вакансіі ў геймдэве
Пашырыць каманду плануе магілёўская геймдэў-студыя Awem Games. Кампанія размясціла больш за два дзясяткі прапаноў працы. Ёй патрэбныя мастакі, дызайнеры, распрацоўшчыкі, аналітыкі, маркетолагі.
А вось міжнародны распрацоўшчык мабільных гульняў у жанры Lifestyle SWAG MASHA не адчувае вялікай патрэбы ў пашырэнні штату ў РБ. На дадзены момант у кампаніі адкрытая толькі адная вакансія — для Junior+/Middle QA Engineer з вопытам работы да 3 гадоў. Спецыяліст патрэбны для тэсціравання мабільных праграм на платформах iOS і Android.
Трохі новых прапаноў у папулярнага распрацоўшчыка (1,5 мільярда карыстальнікаў) гіперказуальных гульняў Freeplay. На дадзены момант на rabota.by толькі тры вакансіі: для Game Producer, Lead Unity Developer і System Administrator.
Нетэхнічныя спецыялісты ў RocketData
Распрацоўшчык платформы для кіравання інфармацыяй RocketData ў новым годзе працягвае шукаць людзей у каманду. За апошні месяц кампанія размясціла 8 прапаноў працы. Але амаль усе вакансіі — для нетэхнічных спецыялістаў.
У прыватнасці, кампанія шукае маркетолага, менеджараў па прыцягненні кліентаў, продажах і развіцці бізнэсу. У апісанні вакансій нават паказаная прапанаваная зарплата.
Так, менеджару па прыцягненні кліентаў кампанія гатовая прапанаваць да 3,1 тысячы рублёў чыстымі (больш за $900). Троху вышэйшая прапанаваная зарплата (да 3250 рублёў) у менеджара па продажах. А вось менеджарам па развіцці бізнэсу гатовыя плаціць чыстымі 1,9-2 тысячы рублёў (каля $600).
Ёсць вакансія для Middle+/Senior Python Developer з вопытам працы 3-6 гадоў. Спецыяліст патрэбны ў каманду распрацоўкі Core. «Каманда Core робіць так, каб нумары тэлефонаў, адрасы ды іншыя даныя крам і аддзяленняў нашых кліентаў былі заўсёды актуальнымі на картах і ў сацыяльных сетках», — гаворыцца ў апісанні вакансіі.
Пастаўшчык карыстальніцкіх карт для вэб-сайтаў і праграм Mapbox таксама шукае новых людзей у каманду ў РБ, але не так актыўна. У прыватнасці, распрацоўшчыку патрэбны RAVE resources & metrics Full-stack Engineer (з вопытам ад 6 гадоў).
Расійскія кампаніі актыўна хайраць (але не ўсе)
Расійскія прадуктовыя кампаніі, якія актыўна паводзіліся на рынку летась, не змяншаюць абаротаў і сёлета.
- Lesta Games мае больш за 40 прапаноў працы. Патрэбныя мастакі, дызайнеры, праграмісты, распрацоўшчыкі, тэсціроўшчыкі, інжынер па інфармацыйнай бяспецы. Больш за палову вакансій — для спецыялістаў з вопытам працы 3-6 гадоў.
- «Т-Банк» (экс-«Тинькофф») летась заявіў пра адкрыццё вялікага ІТ-хаба ў Мінску на 900 чалавек і рост штату ў Беларусі найбліжэйшымі гадамі да 2 тысяч супрацоўнікаў. Кампанія за апошні месяц размясціла каля 40 вакансій. Большасць прапаноў — для праграмістаў, распрацоўшчыкаў, тэсціроўшчыкаў. Кампаніі пераважна патрэбныя спецыялісты з вопытам (3-6 гадоў). Пры гэтым шукаюць людзей не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах.
- А вось «ВК Рашэнні» (юрыдычная асоба VK у РБ), якая таксама заяўляла пра планы далейшага росту штату ў Беларусі ў 2024 годзе, за апошні месяц не размясціла ніводнай вакансіі на rabota.by. Летась кампанія таксама не вельмі актыўна наймала новых супрацоўнікаў.
Читать на dev.by