Каманда EPAM у Беларусі скарацілася напалову ў 2022

EPAM апублікаваў даныя пра колькасць супрацоўнікаў у розных лакацыях. Штат вытворчых спецыялістаў у Беларусі за апошні год скараціўся больш як на 50%. Паводле колькасці супрацоўнікаў беларускі офіс прайграе ўжо не толькі офісу ва Украіне, але таксама ў Польшчы ды Індыі.

26 каментарыяў

Паводле даных EPAM, калі пры канцы 2021 года ў офісах кампаніі ў Беларусі працавала 9,4 тысячы вытворчых спецыялістаў, то пры канцы 2022 года ўдвая менш — усяго 4,5 тысячы чалавек.

У лік «вытворчых» спецыялістаў EPAM уключае не толькі інжынераў: гэта BA, PM, дызайнеры ды іншыя пазіцыі на ІТ-праектах.

Паводле інфармацыі dev.by, усяго ў беларускім EPAM пры канцы 2022 года — з улікам усіх спецыялістаў — засталося каля 6 тысяч чалавек з 10+ тысяч. 

Апошні раз менш за 5 тысяч вытворчых супрацоўнікаў у штаце было 8 гадоў таму — у 2014 годзе.

Як бачым, у першую хвалю рэлакацыі (пасля выбараў — у 2020–2021 гадах) штат беларускага офіса EPAM не надта пацярпеў. Кампанія знайшла замену спецыялістам, якія з’ехалі/звольніліся.

Другая хваля рэлакацыі — пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — выявілася маштабнейшай. EPAM прыйшлося перавозіць супрацоўнікаў у іншыя лакацыі, бо частка заказчыкаў адмовілася працаваць з айцішнікамі ў Беларусі. Некаторыя заказчыкі сышлі з краіны праз рызыкы і санкцыі і прыпынілі праекты. Паводле слоў супрацоўнікаў кампаніі, праз праблемы, што паўсталі з праектамі, стала расці колькасць спецыялістаў на бэнчы. Калі на працягу пэўнага часу праект не знаходзіўся, супрацоўніка маглі звольніць.

Адток спецыялістаў таксама справакавалі асцярогі наконт магчымай мабілізацыі.

Акрамя таго летась працягваліся затрыманні айцішнікаў у тым ліку з EPAM з палітычных матываў.

Праз рэзкі адток спецыялістаў беларускі офіс EPAM выпаў з топ-3 найбуйнейшых лакацый у кампаніі.

Найбуйнейшы офіс EPAM па-ранейшаму ва Украіне. Пры канцы мінулага года там працавала 10,5 тысяч вытворчых спецыялістаў. Прычым праз вайну ўкраінская каманда скарацілася не так моцна, як беларуская — усяго на 15%.

Сумарна ў Беларусі і Украіне пры канцы мінулага года працавала 15 тысяч вытворчых спецыялістаў — 28,4% ад глабальнага штату EPAM. За год беларуска-ўкраінская каманда скарацілася амаль на 7 тысяч спецыялістаў. 

Гэта запланаванае скарачэнне, а выніковая лічба супадае з разлікамі dev.by, зробленымі раней з улікам планаў EPAM.

У маі Аркадзь Добкін заявіў, што пры канцы 2022 года кампанія збіраецца скараціць каманду вытворчага штату ў рэгіёне прыкладна да 30% ад глабальнага штату.

У справаздачнасці EPAM не згадваецца Расія, якая ўваходзіла да лютага 2022 у топ-3 найбуйнейшых лакацый. Пасля пачатку вайны EPAM заявіў пра сыхо з расійскага рынку. Пры канцы другога квартала з 9+ тысяч супрацоўнікаў там заставалася працаваць каля тысячы.

Затое ў топ-3 нечакана апынуўся офіс у Індыі. За мінулы год каманда вытворчых спецыялістаў там вырасла на 35% да 5,9 тысячы чалавек.

Інтэнсіўна летась расла каманда EPAM у Польшчы. Калі пры канцы 2021 у штаце працавала 3+ тысячы вытворчых спецыялістаў, то пры канцы мінулага года на 85% больш — амаль 5,7 тысяч. А агульны штат EPAM у Польшчы з улікам усіх спецыялістаў на сёння перавышае 7 тысяч чалавек (пры канцы 2021 было 4+ тысячы).

У 4,5 разы вырасла за мінулы год каманда EPAM у Літве. Цяпер у штаце 1,5+ тысячы зарэгістраваных спецыялістаў. Акрамя таго EPAM Sistemos упершыню стала найбуйнейшым ІТ-бізнэсам Літвы паводле сумы выплачаных падаткаў. За 2022 год дачка EPAM выплаціла ў літоўскі бюджэт 10,4 мільёна еўра падаткаў — у 6,5 разоў больш, ніж у 2021 годзе.

EPAM палічыў выручку і выдаткі праз вайну за 2022 год
Па тэме
EPAM палічыў выручку і выдаткі праз вайну за 2022 год
Якія ІТ-кампаніі пакінулі офісы ў Мінску, а якія — наадварот, занялі
Па тэме
Якія ІТ-кампаніі пакінулі офісы ў Мінску, а якія — наадварот, занялі
EPAM стаў падаткаплацельшчыкам № 1 у літоўскім ІТ (рост у 6 разоў!)
Па тэме
EPAM стаў падаткаплацельшчыкам № 1 у літоўскім ІТ (рост у 6 разоў!)

Читать на dev.by