Як айцішнікам (не) удалося разблакаваць рахункі ва Украіне. «Я не крыўдую»

Спойлер: поспех гарантуе, здаецца, толькі адзін дакумент.

43 каментарыяў

Наогул мы задумвалі матэрыял пра гісторыі дыскрымінацыі паводле пашпарта ў 2023-м, але атрымалі толькі два тыпы кейсаў: пра адмовы беларусам у выдачы дазволаў на жыхарства ў Турцыі і пра заблакаваныя рахункі ва Украіне. Першы сюжэт ужо падрабязна апісаны тут, а другі мы вырашылі вынесці ў асобны матэрыял.

Вось як змагаюцца (або ўжо не) за свае грошы/бізнэс грамадзяне РБ і вось што з гэтага атрымліваецца. 

Мы аб’ядналі апісаныя кейсы ў дзве групы: з пастаянным дазволам на жыхарства ва Украіне або трэцяй краіне — і без.

Змест

Ёсць ПМЖ (або ў планах) — ёсць і надзея

«Банк не жадае прымаць анкету з лічбавым подпісам»

Сума: «Шмат»
Разблакаванне: Не
Чаму не: Банк не хоча прымаць анкету з лічбавым подпісам, заехаць ва Украіну не дазволілі, на запіс у амбасаду Украіны ў Польшчы «няма дат»
Які план: Незразумела

Ад 2021 года я з дзяўчынай жыў у Дубаі, працаваў аддалена. Плануючы ад’езд з РБ, я аформіў ФОП ва Украіне. Адкрываць ФОП дазволілі без дазволу на жыхарства, тады гэта значна спрашчала рэгістрацыю (цяпер значна ўскладняе ўезд ва Украіну). Так я і працаваў як ФОП, калі пачалася вайна і рахункі заблакавалі.

Мой рахунак заблакавалі пасля абеду 25-га, так што я два разы паспеў схадзіць у банкамат. Пра блакаванне рахункаў, дарэчы, даведаўся з dev.by. Зайшоў у інтэрнэт-банк, а там на валютных рахунках па нулях — так першапачаткова выглядала блакаванне. Цяпер хаця б паказвае сумы і перакрэсленыя значкі картак.

З Дубая мы планавалі пераязджаць у Польшчу бліжэй да лета 2022, але праз блакаванне рахункаў давялося паскорыцца.

І вось мы ў Польшчы. Як вядома, падставай для разблакавання можа служыць ПМЖ у іншай краіне. Ужо ў снежні 2022-га я меў сталы побыт (пастаянны дазвол на жыхарства, атрыманы па карце паляка / караням — Заўв.) у Польшчы, так што я падыходжу пад патрабаванні. 

Наколькі я разумею, працэдура такая:

  • выслаць у банк запыт на змену рэзідэнцтва і падаць дакументы, якія гэта пацвярджаюць;
  • банк робіць запыт на разблакаванне рахункаў ці то ў НБУ, ці то ў СБУ — там дакументы праходзяць верыфікацыю;
  • СБУ праводзіць праверку і дае НБУ дазвол на разблакаванне;
    гэтыя дазволы прыходзяць у банк.

Я ўсё даслаў менеджарцы банка і да красавіка 2023-га чакаў нейкага «дазволу». Потым мне сказалі паўторна падпісаць і запампаваць анкету на змену рэзідэнцтва. Зрабіў гэта праз інтэрнэт-банк, але раптам высветлілася, што заяву трэба падаць асабіста альбо праз давераную асобу.

Спроба трапіць ва Украіну на цягніку скончылася адмовай ва ўездзе (я не вельмі і разлічваў, проста апынуўся недалёка ад мяжы і вырашыў паспрабаваць), бо «недастаткова падстаў для ўезду»: няма дазволу на жыхарства Украіны і сваякоў. ФОП і рахункі ў банку — не прычына. 

Менеджарка ў банку кажа, што трэба афармляць даверанасць у амбасадзе Украіны. Там ёсць запіс, але няма свабодных дат у агляднай будучыні. Ані ў Варшаве, ані ў Любліне, ані ў Празе. Спрабаваў пісаць email у амбасаду — ніхто не адказвае. Спытаўся ў менеджаркі, ці можна аформіць даверанасць у польскага натарыуса, — нічога не адказала. 

Атрымліваецца замкнёнае кола:

— для падачы заявы трэба прыехаць ва Украіну, але не ўпускаюць;

— для афармлення даверанасці трэба трапіць у амбасаду, але няма свабодных дат.

Усё ўпіраецца ў нежаданне банка прымаць анкету з лічбавым подпісам сертыфікатам праз партал банка (пры тым, што пры першай падачы заявы яны такую анкету прынялі). Гэта дзіўна, бо ва Украіне паспяхова працуе Монабанк, у якога наогул не было аддзяленняў. Тое, што я не магу трапіць ва Украіну і падаць заяву асабіста, іх не цікавіць. 

Сітуацыя насамрэч непрыемная: я ўсё ж такі кліент банка, з гэтых грошай былі выплачаныя падаткі ў бюджэт Украіны. Дый на пачатку вайны я ўжо не пражываў у РБ, пра што ў банку ведаюць.

Банк — УкрСібБанк. Я добра зарабляю, таму грошай заблакавалі шмат. Можна было б купіць кватэрку ў Беларусі.

Чаму банк запатрабаваў паўторна запампаваць анкету, я не ведаю, можа, прайшоў вялікі тэрмін. Але цяпер усё ўпіраецца ў нежаданне банка прымаць анкету з лічбавым подпісам сертыфікатам праз партал банка (гэта пры тым, што першы раз яны гэтак жа сама прынялі электронную анкету з подпісам).

«Планую паехаць ва Украіну і атрымаць ПМЖ»

Сума: «Шмат»
Разблакаванне: Не
Які план: Прыехаць і атрымаць дазвол на іміграцыю

У 2021 годзе я з сям’ёй пераехаў ва Украіну — тады якраз заваблівалі беларускіх айцішнікаў атрыманнем ПМЖ па ІТ-квоце за паўгода, нізкімі падаткамі ды іншым. Падаў дакументы на дазвол на іміграцыю па ІТ-квоце, аформіў часовы дазвол на жыхарства, адкрыў ФОП і стаў жыць-плаціць падаткі ва Украіне. 

Усе ашчаджанні з беларускага банка я перавёў ва ўкраінскі. Гэта шмат — хопіць на кватэру. 

Пастаяннага дазволу на жыхарства да 24.02 атрымаць не паспеў. Хтосьці атрымліваў ПМЖ за 4-5 месяцаў, у кагосьці, як у мяне, разгляд зацягнуўся. Рандам.

Калі рахункі заблакавалі, натуральна, з’ехаў. Разблакаваць не ўдалося. Пісаў ліст у СБУ — атрымаў адпіску («няма падстаў для разблакавання»). Штука ў тым, што Украіна свядома зрабіла праграму рэлакацыі для айцішнікаў з РБ, Мінлічбы нават сайт пад гэтую справу запіліў.

Планую праз пару месяцаў паехаць ва Украіну і (калі ўпусцяць) атрымаць-такі дазвол на іміграцыю, каб мне як рэзідэнту разблакавалі рахункі.

Цяпер я ў Польшчы. Як перасяку ўкраінскую мяжу? Як пашанцуе. Думаю, што атрымаецца, калі выбраць правільны пункт пропуску і паказаць часовы дазвол на жыхарства.

Ёсць афіцыйная працэдура сумоўя на мяжы, пасля якога СБУ вырашае, пускаць альбо не. Але, здаецца, усё залежыць ад канкрэтнага супрацоўніка на мяжы.

Штампа аб адмове ў пашпарт не ставяць. Было некалькі гісторый, калі чалавека з розніцай у дзень развярнулі на адным КПП, але пусцілі на іншым.

Шанцы на дазвол на іміграцыю ацаніць складана. Маю справу разглядаюць ужо два гады, калі б хацелі адмовіць, пэўна, ужо адмовілі б. Трэба будзе хадзіць і ўгаворваць, прасіць правесці праверку і да т .п. У кожным разе трэба спрабаваць. 

Мой таварыш у аналагічнай сітуацыі змог атрымаць ПМЖ і разблакаваць рахункі, гэта было паўгода таму. У яго роўна тыя ж падставы, мы падалі дакументы на дазвол на іміграцыю ўлетку 2021-га з розніцай у тыдзень. Паўгода таму ён вярнуўся ва Украіну (даволі доўга мурыжылі на мяжы, але прапусцілі), пайшоў у міграцыйную службу і папрасіў аднавіць разгляд справы. На працягу месяца яе разгледзелі і далі дазвол. Пасля гэтага банк за пару дзён разблакаваў ягоныя рахункі. Гэта быў невялікі банк, які-небудзь Прыват або Альфа, мяркуючы з гісторый, можа дурыць галаву некалькі месяцаў.

Дарэчы, пра ІТ-квоту. Пастанова, якая была прынятая канкрэтна пад айцішнікаў з РБ і давала ім права ў спрошчаным парадку атрымліваць дазвол на жыхарства пры падачы на іміграцыю, ад 1 студзеня 2023 года прыпыненая, а сама ІТ-квота (гэта народная назва, насамрэч яна для высокакваліфікаваных спецыялістаў) дзейнічае.

Вось толькі што яшчэ адзін знаёмы ў Кіеве падаў дакументы на ПМЖ па ІТ-квоце. На якой падставе ён знаходзіцца ва Украіне цяпер (падача на ПМЖ цяпер не дае айцішнікам з РБ аўтаматычнага права на атрыманне часовага дазволу на жыхарства), я не ведаю. Магчыма, па працы.

Ёсць часовы дазвол на жыхарства, няма пастаяннага

«Калегі ва Украіне атрымліваюць зп на рахункі сваякоў»

Сума: 1500€
Разблакаванне: Не
Які план: Незразумела

Працаваў у штаце ўкраінскага падраздзялення французскай кампаніі. Меў часовы дазвол на жыхарства па працы на 3 гады. Пасля 24.02 на рахунку завісла каля 2000€ у грыўнях, цяпер гэта ў найлепшым выпадку 1500€. 

Пацешна, што за нявыплату абаненцкай платы за абслугоўванне банкаўскага рахунку маглі прыйсці калектары. Але як аплаціць, калі ўсё заблакаванае самім жа банкам? Фірма вырашала гэтыя праблемы. Кампанія спрабавала дапамагчы і з размарозкай рахункаў: пісалі ў банк і СБУ — вынік адзін: чакайце да высвятлення абставін.

Калегі з РБ і РФ, якія дагэтуль застаюцца ва Украіне, у такой жа сітуацыі. Як выжываюць? Хто не мае ПМЖ, але мае сваякоў/блізкіх з украінскімі пашпартамі, атрымліваюць зп на іхнія рахункі. Кожны круціцца як можа.

«Заехаць ва Украіну не магу. Чакаю і спадзяюся»

Сума: 5К
Разблакаванне: Не
Які план: Чакаць

Жыў ва Украіне. 24 лютага заблакавалі рахунак — 5K. Дазвол на жыхарства на той момант меў, цяпер ужо ён пратэрмінаваны. Пры канцы 2022 года банк папрасіў абнавіць асабістыя даныя для падаўжэння абслугоўвання, але зрабіць гэта было немагчыма праз блакаванне ўсіх функцый у праграме. 

На пачатку 2023-га апавясцілі, што абслугоўванне спыненае. Патэлефанаваў у аддзяленне, каб даведацца, куды трапілі грошы, якія былі заблакаваныя і віселі на ўжо закрытым на той момант рахунку. Адказалі, што яны нікуды не зніклі, але для іх аднаўлення трэба асабіста з’явіцца ў аддзяленне банка ў Украіне. Мелася на ўвазе як бы яўка па заканчэнні вайны.

Цяпер я ў Польшчы, заехаць ва Украіну не магу. Таму чакаю і спадзяюся.

«Усё безвынікова»

Сума: 8000$
Разблакаванне: Не
Які план: Чакаць

Працаваў на ўкраінскую кампанію праз ФОП, меў часовы дазвол на жыхарства. Пасля 24.02 рахункі замарозілі, дазвол ніяк не дапамог. 

Змагацца з гэтым ужо няма сіл і жадання. Усё безвынікова. Пісаў email у НБУ і СБУ — адказу не атрымаў. Чакаў алгарытм разблакавання ад офіса беларусаў за мяжой, запоўніў спецыяльную форму, але апдэйтаў не было. На рахунку ў Прыватбанку засталося каля 8000$. Але я не магу нават праверыць, ці засталіся яны на рахунку цяпер, бо доступ у праграму таксама абмежавалі. 

Беларусам з пастаянным дазволам на жыхарства, наколькі мне вядома, рахункі разблакавалі практычна адразу ж. У мяне падстаў для атрымання ПМЖ няма. 

Цяпер я ў Польшчы. Надзея памірае апошняй. Буду чакаць з’яўлення новай інфармацыі.

«Шоустоперам стала асабістая прысутнасць: планаў ехаць ва Украіну няма»

Сума: 3,5K
Разблакаванне: Не
Які план: Плана няма

Працую на кампанію з беларускімі каранямі, пераехаў ва ўкраінскі офіс за два месяцы да пачатку вайны (цяпер год ужо як у Варшаве). Таму і на рахунку завісла няшмат, ~3,5K. У сяброўкі завісла ~15К, у сябра ~13К, абое працавалі як ІП, усе мелі часовыя дазволы на жыхарства.

Спрабавалі выводзіць праз агульны запыт ад працаўнікоў у банк і Нацбанк Украіны, але нам адмовілі. Сказалі, што неабходная асабістая прысутнасць, размовы з СБУ і г. д. 

Умоў было шмат, але «шоустоперам» для нас стала асабістая прысутнасць. У планах ехаць ва Украіну зараз няма: аж надта яшчэ свежая памяць пра тое, як мы трое сутак з Кіева ўцякалі.

«Завісла 15K, я не крыўдую» 

Сума: 15K
Разблакаванне: Не
Які план: «Калі гэтыя грошы не скрадуць, а пусцяць на добрыя рэчы, то хай так і будзе»

Я працаваў ва Украіне як ФОП, меў часовы дазвол на жыхарства. На ПМЖ падаўся, але атрымаць яго не паспеў. Пасля 24.04 на рахунку завісла каля 15К. Спачатку ў мяне быў доступ да мабільнага банкінгу, я мог хаця б зайсці і пераканацца, што грошы ўсё яшчэ на рахунку. Праз 4-5 месяцаў доступ да мабільнай праграмы адабралі. Даведацца, ці ёсць на рахунку грошы, цяпер можна толькі праз званок у службу падтрымкі. Для размарозкі, паводле слоў службы падтрымкі банка, неабходнае пастаяннае месца жыхарства Украіны альбо любой іншай краіны-неагрэсара. Я цяпер у Польшчы, шанцы на сталы побыт толькі праз шэсць гадоў. Я не крыўдую: калі гэтыя грошы не скрадуць, а пусцяць на добрыя рэчы, то хай так і будзе.

«Блакаванне ўключылі толькі праз тыдзень, паспеў вывесці амаль усё»

Сума: Засталося 300-400$
Разблакаванне: Не
Які план: Пакора

Я пераехаў у Кіеў з Мінска пры канцы 2021 года, аформіў ФОП і адразу ж адкрыў асабісты і бізнэс-рахункі ва ўкраінскім Альфа-Банку.

Думаю, рашэнне адкрыць рахунак менавіта ў Альфе мяне выратавала, бо з нейкіх прычын блакаванне там уключылі толькі праз тыдзень пасля пачатку вайны.

Калі я пачуў навіны з іншых банкаў, стаў адразу ж выводзіць грошы. У мяне не было іншых рахункаў, акрамя беларускіх і ўкраінскіх, таму вырашыў выводзіць праз PayPal на рахунак знаёмага ў Літве са стратай 5-10% на камісіі. 

Грыўні атрымалася вывесці без праблем, а вось усе аперацыі з доларамі Альфа-Банк адхіліў.

Недзе, а 12 уначы, калі ў Кіеве раўлі сірэны, а я сядзеў у бамбасховішчы, мне тэлефанаваў супрацоўнік Альфы, каб пераканацца, што гэта не ашуканцы спрабуюць скрасці грошы.

Я паказаў кодавае слова і паходжанне грошай, і мае пераказы ўхвалілі. Так мне ўдалося вывесці большую частку грошай з рахункаў. Прыкладна 300-400$ застаюцца заблакаванымі дагэтуль.

Разблакаваць іх я не спрабаваў, без дазволу на жыхарства гэта зрабіць вельмі складана, таму проста змірыўся і чакаю перамен.

Ва ўладальніка нямецкай кампаніі пашпарт РБ — усё дрэнна

«Банкі адмаўляюць у правядзенні плацяжоў з Украіны ў Германію»

У мяне пашпарт грамадзяніна РБ і дазвол на жыхарства ў Германіі. Ад 2012 года валодаю нямецкай кампаніяй, я таксама з’яўляюся саўладальнікам і асноўным інвестарам украінскага праекта. 

Нашая нямецкая кампанія ўжо 5 гадоў пастаўляе ва Украіну алюмініевую стужку, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці шклопакетаў. Пастаўкі нарасталі, але ў красавіку 2022 года Ukrsibbank адмовіўся ад супрацоўніцтва з намі. На плацяжы на адрас нямецкай кампаніі накладзенае вета, бо яе ўладальнік — грамадзянін Беларусі. Банк спасылаецца на пастанову Нацбанка Украіны ад 24.02.2022.

Мы паспрабавалі заключыць кантракт з банкам Tascombank. Ён, як і Ukrsibbank, запытаў велізарны стос дакументаў, уключна з пашпартам уласніка; мы ўсё падалі, але атрымалі адмову.

Цяпер мы вымушаныя выдумляць неверагодныя схемы, займацца глупствам, плаціць шалёныя адсоткі пасярэднікам у Арабскіх Эміратах, каб паставіць метал і атрымаць за гэта грошы.

І гэта нягледзячы на тое што нямецкі дазвол на жыхарства ў мяне ўжо 7 гадоў, ад студзеня 2021-га года я не быў ані ў Беларусі, ані ў Расіі, разарваў стасункі з РФ і наогул з’яўляюся праціўнікам рэжыму. 

Пры гэтым у нас вельмі вялікі патэнцыял працы. Як толькі грамадзянскія аб’екты ва Украіне будуць абароненыя і пачнуцца аднаўленчыя работы, пластыкавыя вокны там будуць вельмі запатрабаваныя. Пакуль на замену [у адміністрацыйных будынках] ёсць адміністрацыйная забарона: могуць зрабіць акно, а заўтра туды прыляціць бомба. Грошай ва Украіне дастаткова, працаваць усе гатовыя, але чакаюць нейкага сігналу.

Мы можам паставіць добры метал, з якога людзі будуць хутка рабіць вокны. Але мы па-за гульнёй, бо ўкраінскі ўрад вырашыў так, што беларус не мае права весці бізнэс ва Украіне.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам і ўвагай. А 210 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.

У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. 

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

Польский банк закроет счета белорусов без ВНЖ, деньги можно забрать
По теме
Польский банк закроет счета белорусов без ВНЖ, деньги можно забрать
Как пашпарт влияет на бизнес в ЕС. Отвечают Голуб, Мельничек, Решетина
По теме
Как пашпарт влияет на бизнес в ЕС. Отвечают Голуб, Мельничек, Решетина

Читать на dev.by