Каму ўдаецца атрымаць візу PBH трэці раз

Пашукалі кейсы ў Беларусі (не вельмі паспяхова) і ў Польшчы (іх шмат, але ёсць нюансы).

24 каментарыяў

Праграме Poland. Business Harbour сёлета споўніцца тры гады. І калі на другі год праграмы выклікалі здзіўленне (або зайздрасць?) кейсы атрымання другой гадавой візы, то цяпер з’явіліся ўладальнікі трэцяй PBH. dev.by паспрабаваў разабрацца, як ім гэта ўдалося і ў каго больш шанцаў. А ў каго іх няма.

Яшчэ летась паўторныя візы айцішнікам з РБ удавалася атрымліваць на тых жа падставах, што і першыя. Пазней пры паўторнай падачы сталі патрабаваць пацвярджэнне мэтавага выкарыстання папярэдняй візы. Гэта тычыцца падачы як у Беларусі, так і ў Польшчы. У трох польскіх гарадах — Варшаве, Любліне і Познані, нагадаем, ад сярэдзіны студзеня да 31 сакавіка 2023 года можна падацца на новы від візы — гуманітарную D21 C пазнакай PBH. 

Трэцяя PBH ў Беларусі

Скажам проста, удалых прыкладаў мы не знайшлі, хаця ў чатах кажуць, што такія выпадкі былі. Знайшлі снежаньскі кейс падачы на трэцюю візу ў Гомелі з адмовай.

З чата Poland.Business Harbour_Belarus:

«Учора падаваўся на PBH у Гомелі па спісах PAIH (Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю, адміністратара праграмы PBH. — dev.by). паўторная (трэцяя) віза. Я асноўны заяўнік + жонка + 2 дзяцей.

Да асноўнага пакета дакументаў папрасілі ўсё, што ёсць з дакументаў па пацвярджэнні легалізацыі ў Польшчы. Падаў песэль, выпіску з рэестра ІП у Польшчы, дамову з кампаніяй на аказанне паслуг (B2B). Прасілі дамову арэнды, але ў мяне арэнда кватэры і падпісанне дамовы будзе толькі 2 студзеня, таму напісаў у вольнай форме тлумачэнні пра гэта і прыклаў скрын з перапіскі з гаспадаром, які пацвердзіў, што ў нас ёсць дамоўленасць пра сустрэчу і падпісанне дамовы арэнды. Дакументы прынялі».

Іншыя важныя дэталі гэтай гісторыі: ІП айцішнік адкрыў толькі за 10 дзён да падачы, выплат ZUS (у сацстрах) у яго не было. У выніку заяўніку адмовілі. Ён мяркуе, што прычыны ў адсутнасці мельдунка і выплат у сацстрах.

Трэцяя PBH ў Польшчы

Тут кейсаў шмат, у тым ліку ўдалых. Што праўда, прынцыпова важнае значэнне мае тое, ці працаўладкаваны айцішнік у ІТ-кампаніі, ці працуе як ІП. У выпадку ІП мае значэнне, ці мае ён кантракт з польскай кампаніяй (лепш за ўсё са спісу PAIH).

Працаўладкаванне ў ІТ-кампаніі

Тут, здаецца, проста. Асабліва калі кампанія — са спісу PAIH. Падаеш пакет дакументаў — атрымліваеш візу. Напрыклад, як наш чытач у Варшаве.

«Атрымаў трэці раз PBH, у Варшаве. Мэта выдачы — 21 (гуманітарная). З пазнакай PBH. Падаваўся па дакументах жонкі, якая працуе ў Польшчы на кампанію са спісу PAIH. Што праўда, у маім выпадку ў пашпарце віза была толькі адная, бо на пачатку 2022-га пашпарт замяніў, а першая засталася ў старым пашпарце. Пакет дакументаў стандартны. Не больш за тое, што на сайце візавага цэнтра пазначана.

Падаваўся 31 студзеня, жонка на дзень раней, у выніку 9 лютага візы былі ўжо гатовыя.

Навошта спатрэбіліся візы трэці раз? Першай не ўдалося выкарыстаць, па ёй з РБ так і не выехалі. Другую нам адкрывала кампанія ў маі 2022-га. Але прыехаць у Польшчу атрымалася толькі ў лістападзе. Па-добраму трэба было адразу падацца на ВНЖ, але працэс збору дакументаў зацягнуўся, а вось ужо і студзень. Не хваляваліся, бо ведалі, што час ёсць да жніўня (па падоўжанай візе). Але пасля з’яўлення навіны пра выдачу віз на тэрыторыі Польшчы вырашылі перастрахавацца і атрымаць іх, бо працэс афармлення ВНЖ доўгі, а з візай у крайнім выпадку можна выехаць/уехаць».

Або вось яшчэ паспяховы кейс у Познані.

«Месяц таму падаліся на трэцюю PBH ў Познані. Працоўная дамова + раздрукоўка з асабістага кабінета ZUS (доказ таго, што ўнёскі плацяцца). Сямейнікам дадаткова — дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва. Праз 12 дзён атрымалі візы D21 з пазнакай PBH.

Цяпер, кажуць, дадаткова просяць даведку пра заробак па спецыяльнай форме.

Спяцы па рэлакацыі ў кампаніі кажуць, што ў Беларусі трэцюю PBH не адкрыюць — бескарысна нават спрабаваць».

І яшчэ адзін тыповы кейс з Варшавы.

«Сёння падаўся на трэцюю PBH. Па першай візе не ездзіў, паехаў толькі ў сярэдзіне другой.

Чэргаў у ВЦ няма — купа свабодных дат. Аддаў стандартны пакет дакументаў з дамовамі на працу ў кампаніі са спісу PAIH і арэнду жытла + платная страхоўка. Працоўная дамова ад 1 снежня. Але пытанняў па дакументах было нуль. З іншага боку, у ВЦ нічога не вырашаюць. Можа, у МЗС будуць пытанні.

Чакаю выніку праз 10 працоўных дзён».

B2B. Адмовы іпэшнікам

З ІП (або па-польску JDG) усё складаней. Чацік Poland. Business Harbour_Poland поўны гісторый пра адмовы айцішнікам-ІП. Перш за ўсё гаворка пра тых, хто працуе па замежных кантрактах. 

«Адмовілі ў паўторнай візе PBH у Варшаве. Вядзем ІП ад сакавіка 2022 года, дамова з кампаніяй не са спісу PAIH. Падставы для адмовы — пункты 8 і 10». (Калі коратка, не даказаная мэта знаходжання ў Польшчы. — dev.by).

Тым жа ІП, у якіх кантракт з кампаніяй са спісу PAIH, паўторныя візы даюць. І другія, і трэція.

Вось, напрыклад:

«Падаваўся 19.01.2023 паводле ІП, сёння забраў пашпарт з візай. З дакументаў быў выпіска з CEIDG (рэестра прадпрымальнікаў), ZUS + ZUS DRA (сацстрах), дамова з кампаніяй са спісу PAIH. У дамове пры прыёме вылучалі маркерам, якія паслугі аказваю. Усім поспехі ў атрыманні!».

«Атрымліваецца, у пралёце тыя ІП, якія працуюць на ўмоўна Амерыку/Канаду/наўпрост з кліентам?» — робіць выснову адзін з удзельнікаў чата.

Яго пацвярджае іншы ўдзельнік чата: 

«Мы сёння заўважылі, што на беларускамоўнай версіі пададзеная іншая інфармацыя і там пазначана пра даведку ад працадаўцы, які ёсць у спісе на gov.pl або ўваходзіць у праграму PAIH.

Даведаліся мы пра гэта таму, што нам патэлефанавалі сёння з Міністэрства спраў загранічных і запыталі, ці не можам выслаць гэтую даведку, інакш будзе адмова. Мы з жонкай працуем як ІП не на польскія фірмы».

І яшчэ пара прыкладаў няўдач для ІП, якія працуюць не з кампаніямі PAIH.

«Падаўся пару дзён таму, сёння быў званок. Сказалі, не хапае дакументаў па спісе PAIH (я ІП), у мяне тыдзень іх данесці».

«17-га падаваўся па b2b у Варшаве, сёння званок шчасця з МЗС — пра тое, што [контрагента] ў спісах няма і візы мне не відаць».


Калі вы маеце іншую гісторыю і змаглі атрымаць трэцюю візу ў Беларусі альбо паўторную візу ў Польшчы, будучы ІП з замежным кантрактам, пішыце ў @devby_insight_bot. Гэта ананімна.

У Польшчы ўжо жыве 68+ тыс. беларусаў. За 2 месяцы выдалі 12 тыс. віз PBH
Па тэме
У Польшчы ўжо жыве 68+ тыс. беларусаў. За 2 месяцы выдалі 12 тыс. віз PBH
Получили PBH, но так и не переехали. Что останавливает айтишников
По теме
Получили PBH, но так и не переехали. Что останавливает айтишников
Айтишники с PBH ускорили переезд — опасаются мобилизации в Беларуси
По теме
Айтишники с PBH ускорили переезд — опасаются мобилизации в Беларуси

Читать на dev.by