Хтосьці заробіць на Hamster Kombat? Ці «тапалка» прагарэла?
Гульня-«тапалка» за паўгода сабрала шматмільённую аўдыторыю, паабяцаўшы добрае ўзнагароджанне пасля лістынгу на крыптабіржы. Але карыстальнікі ўсё больш сумняваюцца, што атрымаюць хоць бы нешта.
Што гэта за гульня?
Гульню Hamster Kombat запусцілі 26 сакавіка гэтага года ў выглядзе міні-праграмы. У ёй трэба націскаць на намаляванага хамяка, зарабляючы віртуальныя манеткі. Баланс можна папаўняць таксама выконваючы штодзённыя заданні і набываючы спецыяльныя карткі. Віртуальныя манеткі можна выдаткоўваць на буст і адсочванне прагрэсу.
Паводле слоў распрацоўшчыкаў гульні, за паўгода да іх далучылася больш за 300 мільёнаў карыстальнікаў. Распрацоўшчыкі забанілі 2,3 мільёна карыстальнікаў, якіх палічылі чытарамі. Больш як палова акаўнтаў не ўдзельнічала ў размеркаванні токенаў («эйрдропе»), бо не выканала неабходных умоў.
Якія ўмовы?
У «эйрдропе» змагло ўдзельнічаць каля 131 мільёна карыстальнікаў, а некалькі дзясяткаў мільёнаў гульцоў дагэтуль яшчэ не выбралі метаду вываду токенаў. Самі віртуальныя манеткі не канвертуецца непасрэдна ў крыптавалюту. Пры «эйрдропе» нібыта ўлічваецца пасіўны прыбытак, выкананыя заданні і колькасць іншых прыцягнутых гульцоў.
Распрацоўшчыкі не публікавалі ўсяго спіса ўмоў, якія ўплывалі на размеркаванне токенаў, заявіўшы толькі, што гульцам налічваліся асобныя ачкі ў залежнасці ад іх дасягненняў. Карыстальнікі крытыкавалі стваральнікаў гульні за непразрыстасць «эйрдропу»: ніхто не ведаў поўнага спіса ўмоў, а «вага» кожнай катэгорыі пры налічэнні балаў і прынцыпы былі незразумелыя.
Хто ўладальнік праекта?
Ад выхаду гульні было невядома, хто яе стваральнік. Напрыклад, The Bell са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што да праекта датычны Эдуард Гурыновіч, заснавальнік кампаній CaPrice і CarMoney. Аднак сам бізнэсовец не пацвярджаў гэтай інфармацыі публічна. Пры гэтым Гурыновіч выкупіў правы на гандлёвую марку гульні ў Расіі, заявіўшы, што дазвол ён атрымаў ад «каманды праекта».
На пачатку верасня інвестары кампаніі Гурыновіча Arenum (ён валодае 60,3% акцый) пачалі канфліктаваць з бізнэсоўцам праз яго меркаваную сувязь з гульнёй. Паводле непацверджаных даных, Hamster Kombat стварылі ў офісе Arenum, а распрацоўшчыкі выкарыстоўвалі тэхналогіі кампаніі. Сам Гурыновіч даваў інвестарам супярэчлівую інфармацыю аб праекце.
Колькі атрымаюць гульцы?
22 верасня стаў вядомы курс крыптавалюты Hamster Kombat на крыптабіржы Bybit. Токен HMSTR, які не мае прамога дачынення да заробленых у гульні манетак, ацанілі ў $0,1. Гэта выявілася нашмат ніжэй за чаканні карыстальнікаў. Цяпер усе чакаюць пачатку афіцыйнага лістынгу, які запланаваны на 26 верасня.
Таксама стала вядома, на якую колькасць токенаў могуць разлічваць карыстальнікі гульні. У сярэднім кожны гулец атрымаў ад 500 да 2-3 тысяч токенаў. Такім чынам, карыстальнікі змогуць зарабіць $100-200, і нават гэтай сумы гульцы не атрымаюць цалкам: паводле правілаў, на першым этапе выдадуць толькі 88,75% заробленых токенаў. Астатнія будуць разблакаваныя праз 10 месяцаў.
Карыстальнікі не могуць і папоўніць запасы крыптавалюты, так як 20 верасня стваральнікі гульні завяршылі першы сезон перад лістынгам на біржы. Цяпер карыстальнікам даступны прамежкавы эпізод, які працягнецца да лістынгу, затым распрацоўшчыкі паабяцалі запусціць паўнавартасны другі сезон праекта.
Няўжо ніхто нічога не заробіць?
Паводле ацэнак аналітыкаў, пасля лістынгу на біржы HMSTR можа вырасці ў паўтара-два разы, аднак гэта малаверагодна. Кошт хутчэй за ўсё ўпадзе, так як карыстальнікі будуць спрабаваць хутчэй прадаць свае токены, каб забраць хоць бы што-небудзь. У сацсетках карыстальнікі ўжо публікуюць гнеўныя пасты пра тое, што за паўгода «тапання» зарабілі ўсяго $10-15.
Адное з галоўных абвінавачванняў карыстальнікаў — што распрацоўшчыкі адсеялі значную частку аўдыторыі ў часе «эйрдропу», кіруючыся незразумелымі правіламі. Перспектывы гульні будуць больш пэўнымі пасля лістынгу, калі ён усё ж адбудзецца.
Читать на dev.by