Экс-супрацоўнік OpenAI знойдзены мёртвым у сябе ў кватэры. Ён абвінавачваў кампанію ў парушэнні аўтарскіх правоў
Былы супрацоўнік OpenAI Сухір Баладжы быў знойдзены мёртвым у сваёй кватэры ў Сан-Францыска 26 лістапада, паведамляе Business Insider. Ён крытыкаваў кампанію за тое, як яна ажыццяўляе збор даных з інтэрнэту для трэніроўкі сваіх мадэляў.
Баладжы было 26 гадоў. Ён 4 гады працаваў у OpenAI даследчыкам і сышоў з кампаніі ў жніўні. У задачы Баладжы сярод іншага ўваходзіў збор інфармацыі для распрацоўкі GPT-4.
У паліцыі горада заявілі, што ў часе папярэдняга расследавання не выявілі прыкмет гвалтоўнай смерці. Пакуль асноўная версія — самагубства. У OpenAI шакаваныя тым, што адбылося, і выказваюць спачуванні блізкім нябожчыка.
У кастрычніку на сваім асабістым сайце Баладжы выклаў артыкул наконт выкарыстання OpenAI копій матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, для навучання АІ-мадэляў. У выпадках, калі гэтыя матэрыялы бяруцца без дазволу аўтараў, гаворка вядзецца пра парушэнне капірайту.
Таксама Баладжы пісаў, што навучанне мадэляў на даных, сабраных з інтэрнэту бясплатна, шкодзіць супольнасцям, якія акумулююць гэтыя веды. Ён спасылаўся на даследаванне, у якім для прыкладу прыводзілася падзенне трафіку і ўцягнення карыстальнікаў на Stack Overflow пасля рэлізу ChatGPT і мадэляў накшталт GPT-4. Паколькі чат-боты і вялікія моўныя мадэлі даюць юзерам гатовы адказ, ім няма неабходнасці шукаць першакрыніцу інфармацыі. Гэта азначае, што на Stack Overflow і падобных да яго рэсурсах будзе з’яўляцца ўсё менш новага кантэнту, створанага людзьмі.
Супраць OpenAI ужо пададзена некалькі пазоваў за парушэнне інтэлектуальнай уласнасці. Летась у суд на Microsoft і OpenAI за стварэнне канкуруючых прадуктаў падаў New York Times. У кастрычніку выданне апублікавала інтэрв’ю з Баладжы, у якім ён сцвярджаў, што чат-боты накшталт ChatGPT нівелююць камерцыйную каштоўнасць чалавечай працы. «Гэта не ўстойлівая мадэль для інтэрнэт-экасістэмы ў цэлым», — казаў ён. У OpenAI тады парыравалі, што выкарыстоўваюць толькі агульнадаступныя даныя і толькі самым сумленным чынам.
У дакуменце, які New York Times дадаў да справы 18 лістапада, Баладжы быў названы «ўпаўнаважаным трымальнікам» файла, якія маюць дачыненне да пазову.
Читать на dev.by