«Злятаў на Балі — зрабіў усё, што трэба». Як рэлаканты ездзяць на лячэнне ў іншыя краіны
Пагутарылі з айцішнікамі, якія, жывучы ў адной лакацыі, ездзілі на лячэнне ў іншую. Калі ў вас таксама ёсць падобныя цікавыя гісторыі, дзяліцеся імі ў каментарах.
«Злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі»
— Я жыву ў Нідэрландах вось ужо 4 гады, але лячуся часта ў іншых краінах.
Неяк я зламаў вялікую галёначную косць. На жаль, мясцовы доктар не паверыў у пералом, а праводзіць абследаванне яго, мабыць, не навучылі. Выдаць накіраванне да траўматолага ён адмовіўся. Так што я звярнуўся да дактароў… у Літве.
Ляцець туды было нядорага (памятаю, што дарога абышлася мне ў €150 у абодва бакі), і я люблю Вільню. Трапіць на прыём да доктара таксама было нескладана — я запісаўся папярэдне. Колькі каштаваў прыём, ужо і не ўспомню — усе выдаткі на лячэнне былі пакрытыя па страхоўцы з Allianz.
Пералом, вядома ж, пацвердзіўся. Доктарам цяпер будзе займацца мясцовы tuchtcollege — гэта медычная камісія, якая разглядае скаргі на работнікаў медыцыны. Падаць скаргу каштуе €50, якія вернуць — калі скарга поўнасцю або часткова абгрунтаваная.
Таксама мне не раз даводзілася ездзіць у іншыя краіны па лекі: за маметазонам, напрыклад, я ездзіў у Бельгію, бо тут яго без рэцэпту не купіць, а рэцэпт трэба выпакутаваць (маёй калезе не давалі нават з запушчаным гаймарытам). Мне неяк давялося на працягу тыдня тэлефанаваць кожны дзень доктарцы — у выніку яна сказала, што рэцэпт-такі выпіша, але «лічыць, што гэта рана». А ў Бельгіі я купіў лекі без рэцэпту ў першай-лепшай аптэцы.
Калі патрэбныя антыбіётыкі, я магу заказаць з іншых краін. Так, напрыклад, «Сумамед» мне прывозілі з Расіі. Калі трэба прызначэнне — бяру рандамны квіток куды-небудзь куды прасцей/танней: у Літву, Чэхію або Польшчу.
Зубы ў Нідэрландах лячыць складана і дорага. Каб прыпісацца да стаматолага, трэба заплаціць €150 за агляд — пры першым наведванні і пры наступных, калі даўно не быў. Усё астатняе яшчэ даражэйшае. У нейкі момант я нават атрымаў «план лячэння на N тысяч».
Але я злятаў у адпачынак — і зрабіў усё, што трэба, за €450 на Балі. Абышлося танней, нават калі палічыць кошт квітка.
Я таксама лячыў зубы і ў Празе, і ў Вільні. У Празе поўна рускамоўных дактароў — і паслугі там таннейшыя. Я рабіў чысткі і ставіў пломбы. Ды і проста пагуляць выбрацца ў Прагу цікава — там прыгожа.
У Інданезіі, дарэчы, я лячыў зубы ў вельмі добрай клініцы — туды запісацца няпроста, асабліва ў хай-сезон, калі там наплыў аўстралійцаў. А лечаць там так акуратна, што я адмаўляўся ад анестэзіі, калі рабілі пломбы. Цана пломбы там каля €41,5 у мясцовай валюце, яна не змянялася ад 2018 года.
«Ездзіла на агляд з Літвы ў Польшчу, кожны візіт — 350 злотых»
— У часе другой цяжарнасці я ездзіла да акушэра-гінеколага з Літвы ў Польшчу.
Любая жанчына скажа вам: калі табе пашанцавала знайсці добрага гінеколага — трымайся за яго. А мне вельмі пашанцавала. Я стала хадзіць да яе, калі яшчэ жыла ў Беларусі (яна была вельмі папулярная як доктарка). Гэтая доктарка вяла маю першую цяжарнасць — і я была ад яе ў захапленні.
У 2021 годзе я пераехала ў Літву з кампаніяй мужа (мая кампанія, на жаль, не рэлакавала супрацоўнікаў — але дазваляла працаваць аддалена з любой краіны). І зноў зацяжарыла. Стала на ўлік у Літве. Але з літоўскім спецыялістам у нас «мэтчу» не здарылася — на любую маю скаргу (а ў мяне быў такі жудасны таксікоз, што скардзілася я ўвесь час) ён казаў, што «гэта нармальна». І нічога больш.
Я ўвесь час пісала ў тэлеграм свайму акушэру-гінеколагу, і шчасце, што яна адказвала (хоць была не абавязаная), давала парады, якія аналізы здаць і іншае. Адзін раз я нават хацела паехаць у Беларусь, каб яна мяне агледзела, але муж палічыў, што гэта можа быць небяспечна, — і не адпусціў.
Неўзабаве мая доктарка таксама з’ехала з Беларусі — у Польшчу. І я стала ездзіць да яе на агляд — кожны візіт абыходзіўся ў 350 злотых (плюс дарога — калі на аўтобусе, то гэта каля 20 еўра ў адзін бок). Хтосьці палічыць гэта маёй блазнотай. А я адкажу: вы, напэўна, проста не былі цяжарныя. Мне трэба было цалкам давяраць доктару — і шчасце, што ў мяне была магчымасць бываць не толькі ў літоўскага спецыяліста.
Мая акушэр-гінеколаг прызначыла мне прэпарат, які не прадаваўся ў Літве, — і за ім таксама трэба было ездзіць у Польшчу. Звычайна я закуплялася, калі ездзіла да яе на прыём — ледзь не «бауламі» (жартую, але пакункаў і праўда было нямала). Але аднойчы я кудысьці падзела апошнюю каробку з лекамі (учора была на тумбачцы — а сёння няма). Так што прыйшлося з самага ранку тэрмінова адпраўляць мужа на аўтобусе ў Сувалкі — гэта найбліжэйшы да Літвы польскі горад.
Я б і нараджала ў Польшчы, але муж палічыў, што гэта лішняе. Да таго ж роды пачаліся раптоўна — на тры тыдні раней за тэрмін. Сярод ночы ў мяне адышлі воды. Пакуль ехалі ў бальніцу, я ныла, што лепш бы мы на ўсіх парах гналі да майго доктара. Але муж не паддаваўся на мае ўгаворы і «бухценні» — а ўжо праз пару гадзін нарадзіўся наш малы.
«Албанскi доктар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit»
— Я займалася галоўным чынам стаматалагічным турызмам. Перад ад’ездам з Беларусі (ён быў планавы, i здарыўся на пачатку 2020 года) думала, што добра палячыла зубы.
Але ўвосень 2021 года выпала пломба. Прыйшла ўжо да польскага доктара — і мне сказалі, што трэба палячыць каналы ў трох зубах мінімум. А далей — ставіць каронкі. Адзін канал каштуе 600 злотых. Каронка — ад 2 тысяч.
Я паўсміхалася, выйшла з кабінету стаматолага і адразу напісала сябрам у Львове і Кіеве з пытаннем: «За колькі і дзе вы лечыце зубы?» Яны выслалі некалькі кантактаў.
Па прыкладных ацэнках лячэнне зуба ў Львове выходзіла ў 4 разы танней за Польшчу.
Самалёт (а тады ва Украіну ляталі цывільныя самалёты) каштаваў у два бакі 80 злотых. Жыць я магла ў сяброў. Выходзіла ну вельмі выгадна. Я выбрала клініку ва Львове, мы камунікавалі праз Facebook-мэсанджар. Усё было вельмі пільна і аператыўна. Я пісала ім па-беларуску, яны мне — па-ўкраінску. У выніку я прыляцела першы раз, мне пачысцілі некаторыя каналы. Складана сказаць колькі агулам я заплаціла, бо тады я кайфавала ад Львова. Памятаю, што адзін візіт каштаваў недзе 6 тысяч грывень (гэта было ў лістападзе 2021 года), а агулам іх было 4 або 5.
За гэты час я паставіла 2 каронкі, пералічыла ўсе каналы, зрабіла чыстку. Сэрвіс найвышэйшага ўзроўню! Камунікацыя, абсталяванне, падыход да пацыентаў… Плюс чароўнасць майго любімага Львова.
Я ездзіла ва Украіну лячыць зубы тройчы. У лістападзе, снежні і лютым 2022 года. З’ехала адтуль 16 лютага, наступны візіт быў запланаваны на сакавік. На жаль, я туды ўжо не вярнулася — беларусам уезд ва Украіну забаронены. Ды і кошты на стаматалогію ва Украіне моцна выраслі.
Мне засталося паставіць ва Украіне дзве каронкі. Я вырашыла зрабіць гэта ў Польшчы. Адна каштавала 1400 злотых. Зрабіла — і думала што забыла пра іх.
Увесну мой хлопец схадзіў да стаматолага, і высветлілася, што ў яго праблемы з зубамі. Лячэнне будзе каштаваць каля 4 тысяч злотых. Памятаючы пра свой досвед стаматалагічнага турызму, я прапанавала яму пашукаць альтэрнатыву за мяжой. Знаёмыя нешта пісалі пра Албанію, вось я і вырашыла звярнуцца да тутэйшых доктараў. Супольна можна пачыліць на моры.
Мы шмат перабралі клінік нават шукалі на Reddit. Усе прыгоды апісваць не буду, усё-такі балканскі падыход да працы — гэта выпрабаванне да ўсходняславянскай душы.
У выніку трапілі ў клініку ў Ціране па рэкамендацыі жанчыны, у якой мы здымалі кватэру. Вельмі спадабаўся доктар: спакойны, разважны, нават падсмейваўся з нас. Пломба каштавала ў яго 30 еўра, вырваць зуб мудрасці — 50 еўра.
Мне доктар прапанаваў памяняць каронкі, якія я ставіла ў Польшчы. Бо яны — «shit» (гэта я цытую). Адна full zirсonia каронка каштавала 200 еўра.
Пасля візіту ў Албанію я вырашыла, што да польскіх стаматолагаў больш не пайду. У мяне выявілася праблема, і ўсё што я атрымлiвала ад палякаў — істэрыка і прапановы вырваць зубы і паставіць імпланты (і тое, «калі атрымаецца»). Албанцы і ўкраінцы хутчэй кажуць: «Не перажывай, калі не баліць, то можна жыць». Гэтая стратэгія мне больш падыходзіць.
Іншага досведу ў мяне не было. Наўрад ці я б паехала па аперацыі або планаваныя абследаванні ў іншую краіну. Толькі калі буду там знаходзіцца даволі доўгі час.
Але мая знаёмая-полька нараджала дзіцё ў Чэхіі. Кажа, што там значна лепей. Асабліва калі ўлічваць польскую сітуацыю з абортамі — калі нешта пойдзе не так, памрэ і маці, і дзіця. У Чэхіі такая сітуацыя немагчымая.
Читать на dev.by