«Леста» выклала адкрыты ліст з нагоды экстрэмісцкага статусу. Там шмат пра падтрымку вайны і згадваецца Беларусь.
Учора расійскі суд прызнаў экстрэмісцкай дзейнасць кампаніі «Леста Игры», а таксама яе кіраўніка Маліка Хатажаева і заснавальніка Wargaming, ад якой яна атрымала правы на свае гульні ў Беларусі і Расіі, Віктара Кіслага. Кампанія вельмі эмацыйна рэагуе на сваю справу, якую ініцыявала Генпракуратура Расіі, абвінаваціўшы яе ў зборах для Украіны ў гульнях Wargaming. Каб падкрэсліць свой патрыятызм і пазіцыю па вайне, «Леста» ўчора апублікавала на сваім сайце вялізны пост.
Кампанія зноў заявіла, што яе бізнес празрысты, а ўся фінансавая справаздачнасць знаходзіцца ў адкрытым доступе. Маўляў, там усё пра ўсе яе падатковыя адлічэнні ў бюджэт і пацвярджэнні таго, што яна не «вывозіць» прыбытак на Захад, а рэінвестуе ў эканомікі Расіі і Беларусі, у тым ліку праз фінансаванне работ па імпартазамяшчэнні софту замежных кампаній, якія сышлі з дзвюх краін, куплю будынкаў, стварэнне працоўных месцаў і адукацыйных праектаў.
Асобна «Леста» выказалася з нагоды таго, што ў інфармацыйнай прасторы яе крытыкуюць за адсутнасць выразнай пазіцыі і падтрымку Расіі ў вайне. Кампанія сцвярджае, што «уносіць значны ўклад у патрыятычнае выхаванне і фарміраванне адказнай свядомасці грамадзян нашай краіны, робячы больш, чым многія прыватныя кампаніі і медыяструктуры», проста не любіць казаць пра гэта. Але паколькі так не працуе, і «пра акты патрыятызму трэба гаварыць публічна і гучна», яна вырашыла «упершыню далучыць дакументальныя доказы „вызначэння свайго боку“».
Яна прыклала здымкі больш як дзесяці падзяк і грамат, выдадзеных ёй самой і яе гендырэктару. Кампанія атрымлівае іх ад розных ваенных фарміраванняў з 2023 года за «неацэнную» і «бязмежную» «маральную падтрымку і матэрыяльную дапамогу» вайскоўцам, якія выконваюць задачы ў зоне баявых дзеянняў. Далей рушыла мноства відэа ад «удзячных атрымальнікаў» дапамогі.
Акрамя гэтага, «Леста» займаецца вытворчасцю серыі фільмаў «Говорят свои». Паводле яе слоў, гэтыя фільмы павінны захаваць гісторыі звычайных людзей, якія апынуліся ў цэнтры вайны. «Каб памяць пра гэтыя падзеі захавалася для будучых пакаленняў і не скажалася з часам», — патлумачыла кампанія.
«Гэтай працай мы займаліся і займаемся даўно, планамерна і сістэмна», — падвяла вынік «Леста».
У беларускім офісе «Лесты» ў 2024 годзе працавала прыблізна 940 чалавек. Актыўная аўдыторыя гульняў кампаніі ў Беларусі складае 600 тысяч гульцоў.
Читать на dev.by