«Лятаць бізнэс-джэтам, пакуль астатнія лятаюць звычайнымі самалётамі — таксама несправядліва». Айцішнікі назвалі Маска крывадушнікам праз словы пра аддаленую працу
Некаторым айцішнікам вельмі не спадабаліся нядаўнія выказванні Ілана Маска з нагоды «ноўтбучнага класа» і таго, што працаваць аддалена маральна няслушна. Дыскусія разгарэлася на ананімнай пляцоўцы Blind.
У інтэрв’ю CNBC на гэтым тыдні мільярдэр заявіў, што несумленна адным працаваць аддалена ў сябе дома, пакуль іншыя людзі, якія вырабляюць для іх машыны і гатуюць ежу, мусяць быць на працоўным месцы.
Многія ІТ-спецыялісты назвалі Маска крывадушнікам і паказалі на ягонае багацце.
«Маральна няслушна? Валодаць мільярдамі долараў таксама маральна няслушна», — напісаў працаўнік Meta.
Супрацоўнік электрамабільнага стартапа Rivian запусціў апытанне — як гэта любіць рабіць Маск. Большасць удзельнікаў згодныя, што прадпрымальнік не мае рацыі.
«У такім разе лятаць прыватным самалётам таксама маральна няслушна, бо ўсім астатнім даводзіцца лятаць камерцыйнымі рэйсамі», — адзначыў працаўнік Apple.
Паводле даных студэнта, які трэкае пералёты Маска, летась ягоны бізнэс-джэт падымаўся ў неба больш за 130 разоў. Некалькі палётаў доўжыліся менш за паўгадзіны.
Яшчэ адзін карыстальнік абвінаваціў Маска ў тым, што ён сам працуе аддалена, паколькі займае пасады адразу ў некалькіх кампаніях, якія месцяцца ў розных штатах. Другі нагадаў пра заможнасць бацькоў Маска і ягоную гульню на ваганнях рынку. Трэці лічыць, што Маску проста трэба, каб людзі працягвалі ездзіць на працу на машынах і купляць новыя.
«Ландшафтныя дызайнеры ўвесь дзень працуюць на сонейку, а мы працуем у памяшканні з кандыцыянерам. Усе мусяць працаваць на сонцы і ўвесь дзень пацець, а ўсё астатняе — маральна няслушна», — выказаўся супрацоўнік Google.
Зрэшты, знайшліся і тыя, хто падтрымлівае Маска. Напрыклад, супрацоўнік WePay намякнуў, што ў цяперашняга пакалення занадта вялікія запыты.
Читать на dev.by