LinkedIn заблакаваў 14-гадовага падлетка, які ўладкаваўся ў SpaceX
Кайрэн Квазі — 14-гадовы вундэркінд, чый век не перашкодзіў SpaceX нядаўна ўзяць яго інжынерам софту. Але перашкодзіў LinkedIn, адзначае Insider.
Бізнэс-сацсетка дапускае рэгістрацыю толькі карыстальнікаў ад 16 гадоў. Квазі, такім чынам, выявіўся занадта маладым, каб усталёўваць праз яе прафесійныя кантакты, а ягоны профіль быў заблакаваны.
Пра гэта Квазі паведаміў у Instagram. Ён выклаў скрыншот абвесткі LinkedIn са згадкай векавага парога і спасылкай на ўмовы карыстання пляцоўкі. У ім сказана, што LinkedIn захоплены энтузіязмам, энергічнасцю і мэтанакіраванасцю юнака і з нецярпеннем чакае яго дасягненняў, але пакуль вымушаны абмежаваць уліковы запіс да моманту дасягнення ім 16 гадоў. Таксама яму паабяцалі вярнуць кошт падпіскі.
Квазі ўзрушыўся праз такія парадкі: ён адзначыў, што адпавядаў крытэрам адной з самых жаданых інжынерных вакансій у свеце, але не адпавядае крытэрам прафесійнай сацсеткі. На ягоную думку, у правілах LinkedIn занадта мала гнуткасці і занадта шмат эдалтызму — гэта разнавіднасць дыскрымінацыі праз век, перакананне, што маладыя людзі чымсьці саступаюць дарослым толькі праз свой век.
«Такому чалавеку, як я, патрэбны шырокі доступ да ментараў і абмеркаванняў у галіне, якія адбываюцца на платформе. Пазіцыя LinkedIn ставіць мяне ў пройгрышнае становішча», — заявіў Квазі. Ён спадзяецца, што кіраўніцтва перагледзіць правілы і прывядзе іх у адпаведнасць з працоўным заканадаўствам.
Раней Квазі выклаў у LinkedIn пост, у якім пахваліўся новай працай.
У LinkedIn у каментары для Insider адзначылі, што радыя поспехам хлопца, але правілы адзіныя для ўсіх карыстальнікаў.
Читать на dev.by