«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
У Літве жыве каля 49 тысяч беларусаў. Многія з іх айцішнікі, якія пераехалі ў суседнюю краіну за апошнія два гады. dev.by спытаўся ў экспатаў пра жыццё ў Літве, працу ў літоўскіх офісах і стаўленне мясцовых жыхароў да беларусаў.
Літва вачыма беларусаў
— Я Літву любіў і да рэлакацыі. Быў і тут, і ў Польшчы, але выбраў Літву. Літва — гэта Беларусь ментальна, толькі мовы розныя. Мне, бывае, прыходзіць думка, што сучасныя літоўцы — гэта беларусы, якія проста калісьці пачалі размаўляць літоўскай. Беларусь пры нармальнай уладзе была такой жа або лепшай, — разважае Аляксандр (імя змененае).
Аляксандр — праграміст з 20-гадовым стажам. У Літву пераехаў пры канцы 2021 года. Жыве з сям’ёй у Коўне.
— Нармальна тут. Меней рускамоўнага асяроддзя <ніж у Вільні>, людзі добрыя і мілыя. Перажываюць за свой горад.
Пры канцы 2021 года пераехаць у Літву было нескладана — тым больш у кампаніі Аляксандра быў офіс у Вільні.
— Літва прапаноўвала даволі хуткае афармленне блюкард, а кампанія дапамагала фінансава і з усімі дакументамі. Кватэру знайшлі праз агента. Тады высокага попыту яшчэ не было. Больш за тое — працу агента аплачваў лэндлорд. Дзеці спачатку (да лета 2022) хадзілі ў беларускую анлайн школу, бо пераязджалі ў сярэдзіне вучэбнага года. Усё ж хацелася захаваць нейкую сувязь з Беларуссю. Была слабая надзея, што «на паўгода і назад». Ад верасня ўжо пайшлі ў мясцовую школу.
Аляксандр вучыць літоўскую мову:
— Бо адчуваю ў гэтым нейкую адказнасць, кшталту я ў Літву прыехаў і мушу валодаць мовай — хаця б на побытавым узроўні. Цяжкавата, але цікава. Калі зазірнуць у глыбіню літоўскай, то можна разгледзець троху беларускай.
Ужо два гады жыве ў Вільні Ян, распрацоўшчык у гульнявой кампаніі з беларускімі каранямі. Асноўнай прычынай пераезду пры канцы 2020 года ён называе «падзеі жніўня».
— Не было ніякай упэўненасці, што яны не паўторацца.
Пераязджалі з жонкай і маленькім дзіцем. Кватэру ў прыгарадзе Вільні знайшлі хутка. Спачатку здымалі за 480 еўра, праз год цана паднялася да 550. Плюс камунальныя, зімой гэта прыкладна 150 еўра. Дзіця ходзіць у дзяржаўны дзіцячы садок, які абыходзіцца ў 100 еўра на месяц (80 еўра з якіх пакрывае дапамога на дзіця). Камунікацыя ў садку на літоўскай, але выхавальнікі могуць размаўляць па руску.
— Цэны ў Літве вышэйшыя, ніж у Польшчы, — кажа Ян. — Паводле адчуванняў, на 15-20% у сярэднім. Але не магу сказаць, што Літва надта дарагая. На асноўныя выдаткі сям'і хапае 1500 еўра на месяц (не лічачы арэнды).
Ян прызнаецца, што да пераезду ў яго былі дзве прымхі пра Літву: дрэннае стаўленне літоўцаў да рускамоўных («Гэта не правіла, а хутчэй выключэнне») і ступень складанасці літоўскай мовы.
— Мне Літва падабаецца, жыць тут нядрэнна.
У Беларусь Ян больш не ездзіць — «пасля таго, як у Мінску пасадзілі самалёт Ryanair».
А вось Аксана ездзіць у Беларусь рэгулярна — 2-3 разы на год. З яе слоў, з праблемамі на мяжы яна не сутыкалася.
Аксана жыве ў Літве ўжо год і сем месяцаў. Працуе ў маркетынгавым аддзеле ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі.
— Кампанія дапамагала толькі з афармленнем дакументаў. Грашовую дапамогу рэлакантам пачалі аказваць толькі праз год, пасля пачатку вайны. Я пагадзілася на пераезд, бо ў Беларусі адчувала моцную трывогу, баялася, што цалкам закрыюць межы.
Кола зносін дзяўчыны — у асноўным калегі-беларусы.
— З мясцовымі жыхарамі сутыкаюся толькі ў крамах, клініках. Звычайна праблем у камунікацыі няма, размаўляю на рускай або англійскай.
Аксана здымае маленькую кватэру-студыю ў Вільні за 420 еўра.
— Я шмат падарожнічаю і магу параўноўваць. Літва — вельмі дарагая краіна. Ведаю, што цяпер цэны ў Беларусі таксама выраслі, але на момант майго пераезду быў вельмі высокі кантраст у цэнах. У Польшчы цяпер заказваю касметыку, вітаміны, некаторую вопратку.
Вось яшчэ некалькі гісторый пра арэнду жытла ў Вільні ў 2022 годзе:
- Плацім 850 еўра за трошку ў старым раёне. Рамонт сярэдненькі (не бабушатнік, але троху зношаныя мэбля і бытавая тэхніка). Заклад — тры месячныя арэнды (у нас тры каты і маленькае дзіця). Падобныя кватэры цяпер каштуюць каля 600 еўра. Неўзабаве набліжаецца канец дамовы — хочам абмеркаваць паніжэнне цаны. Гаспадары адэкватныя.
- У сярэдзіне 2022 года шукалі невялікую (прыкладна 40 кв. м) кватэру ў новым доме, з мэбляй і рамонтам. Цэны за такія кватэры былі 650-750 еўра. У нас два каты, і палова гаспадароў, якім я тэлефанаваў, адразу адмаўлялі. Знялі еўрадвушку (амаль 50 кв. м) з троху «стомленым», але акуратным рамонтам за 700 еўра (з дэпазітам на два месяцы). Ціхі спакойны спальны раён. Гаспадары паказвалі, што мінулымі гадамі за квартплату ў самы халодны месяц аддавалі не больш за 100 еўра. Але ў нас выходзіла 180 еўра рэгулярна.
Адносіны з Літвой, прызнаецца Аксана, у яе не склаліся.
— Я ўдзячная Літве за тое, што нам дазволілі легалізавацца па спрошчанай сістэме. Але мне не падабаецца надвор’е ў Вільні, яно шарэйшае і халаднейшае, ніж у Мінску. Мне не падабаецца мова, і я яе не вучу і не буду вучыць — яна складаная. Я падарожніца, і мяне прыцягнуць у Літве проста няма чым. Ёсць мора, але халоднае. Да любой еўрапейскай краіны доўга ехаць на машыне, а выбар лаўкостаў вельмі абмежаваны. Летась хацела з’ехаць у Партугалію, цяпер планы памяняліся — разглядаю Польшчу.
Сяргея, .Net-распрацоўшчыка ў літоўскай ІТ-кампаніі, у суседняй краіне ўсё задавальняе:
— Вельмі тут падабаецца. У Вільні амаль усе мясцовыя гавораць на рускай, шмат прыезджых: беларусаў, украінцаў, расійцаў. Шмат тусовак: настольныя гульні, валейбол, бадмінтон. Так, здымаць жытло нятанна і дарагія камунальныя плацяжы (асабліва зімой). Але гэта адзіны мінус. Плануем шмат паездак па Еўропе. На выходныя можна лёгка зганяць у найбліжэйшыя гарады Польшчы або Латвіі.
Па душы жыццё ў Вільні прыйшлося і Дар'і, якая працуе ў беларускай аўтсорс-кампаніі. Яна пераехала ў Літву ў маі 2022 года з мужам і трыма катамі. Тады Дар’я была на восьмым месяцы цяжарнасці.
— Кампанія мужа абвясціла пра сыход з Беларусі, таму і вырашылі пераязджаць. Кампанія дапамагла з працоўнымі візамі, мы зрабілі апастылі і пераклады дакументаў — і з’ехалі. У Літве тады былі самыя высокія цэны на жытло, а я на восьмым месяцы цяжарнасці і з трыма катамі. Але пашанцавала — знайшлі жытло за тыдзень.
Дар’я нараджала ў дзяржаўным радзільным доме і засталася задаволеная.
— Дактары валодалі альбо расійскай, альбо англійскай мовамі. Персанал ветлівы. Кошт родаў разам з пражываннем (4 дні ў сямейнай палаце з мужам) і харчаваннем (для мяне адной) — прыкладна 2300 еўра. У кошт увайшлі эпідуральная анестэзія, індывідуальнае вядзенне родаў канкрэтным доктарам і медсястрой (апцыянальная штука) і абавязковыя аналізы для дзіцяці.
Ад тых часоў Дар’я з сям’ёй абжылася ў Вільні. Яна адзначае талерантнасць літоўцаў.
— На рускую і англійскую мясцовыя пераходзяць ахвотна, спробы размаўляць па-літоўску ўспрымаюць зычліва. Ад выпадковых людзей (балбатня на запраўках, у таксі, у краме) чулі негатыўныя водгукі пра прыезджых украінцаў, але не пра беларусаў. Рыэлтарка казала, што да ніводнага яе кліента-беларуса ніхто не меў прэтэнзій. Мне было прыемна пачуць ад таксіста, што беларусы ветлівыя, усмешлівыя — ён, маўляў, амаль заўжды дакладна адгадвае, што вязе беларуса, менавіта паводле гэтых прыкмет.
Некалькі разоў пасля пераезду Дар’я бывала ў Беларусі. Паводле яе слоў, нават «ільготнікам» з маленькімі дзецьмі даводзілася стаяць на мяжы па некалькі гадзін.
— Часам літоўцы дзівяцца, што мы пераехалі менавіта ў Літву. Маўляў, лепш бы ў Германію, там краіна лепшая і багацейшая. Некаторыя дзівяцца, што мы наогул з’ехалі з Беларусі — там жа камуналка капеечная. Словы пра тое, што ў Беларусі небяспечна, здаецца, не зразумеў ніхто з маіх суразмоўцаў.
Літоўскі офіс
На пачатку 2023 года ў Літве пражывалі амаль 49 тысяч беларусаў. Гэта другая паводле колькасці дыяспара ў краіне — пасля ўкраінскай.
Акрамя таго беларусы атрымалі найбольшую сярод замежнікаў колькасць дазволаў на пражыванне ў Літве на працоўных падставах — 25 556.
Усе рэлаканты, з якімі змог пагутарыць dev.by, ужо працуюць у літоўскіх офісах, а не ў беларускіх кампаніях.
— Пасля Беларусі дзіўна бачыць брута ў кантракце. Адразу бачыш, колькі ты аддаеш падаткаў, — расказвае праграміст Аляксандр. — І цікавае назіранне: хутка перастаеш адчуваць сябе «прыехаўшы як бежанец», бо ведаеш, што фінансава ўдзельнічаеш, і аддаеш не 5 капеек.
Наш дырэктар, літовец, вельмі не хацеў, каб літоўскі офіс быў філіялам беларускага, каб там існавалі асобна беларуская і літоўская частка. Зрабіў шмат, каб людзі ў офісе «перамяшаліся» і інтэграваліся, каб офіс быў сапраўды міжнародным.
— Вось мы і зладзілі пару разоў оргію, вось і перамяшаліся, — жартуе айцішнік.
Насамрэч, «перамяшацца» літоўцам і беларусам дапамаглі супольныя івэнты, святкаванні дзён нараджэння ўсім офісам, удзел ва ўнутрыофісных ініцыятывах.
Летась літоўскія офісы EPAM і Wargaming увайшлі ў тройку галоўных падаткаплацельшчыкаў галіны.
Сярэдні заробак айцішніка-рэлаканта ў Літве — 4900 еўра. Гэта амаль у 3 разы больш за сярэдні заробак па краіне.
Але рэальны айцішны заробак «чыстымі» ў Літве можа не моцна адрознівацца ад беларускага.
— Літоўскія заробкі базуюцца на літоўскіх рэнжах. Рэнжы, адпаведна, адлюстроўваюць рынак. Пры распрацоўцы рэнжаў улічваюцца попыт/прапановы літоўскага рынку, статыстыка Sodra (Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання — Заўв. dev.by) і статыстыка дзяржаўнай арганізацыі Invest Lithuania. Часта так бывае, што заробак у Літве брута такі ж або большы за беларускі, але рэальны — такі ж або меншы, — кажа Аляксандр.
Паводле анкетавання dev.by, айцішнікі ў Беларусі атрымліваюць (чыстымі) у сярэднім 2360$, а ў Літве — 2830$.
З ягоных слоў, Літва — не найлепшы выбар для джуноў.
— Літва даражэйшая за ўсіх суседзяў, відавочна. У Літву едуць даволі кваліфікаваныя кадры. Джуніяру тут жыць будзе складана. Джун паедзе ў Польшчу або Грузію.
Маркетолаг Аксана кажа, што пасля пераезду многім яе калегам павысілі заробак, каб адпавядаць мінімальным патрабаванням для Bluecard (цяпер для Літвы гэта прыкладна 2700 еўра).
— У нашай кампаніі працуе некалькі літоўцаў. Асноўнае адрозненне ад нас: яны прыходзяць раней, сыходзяць раней, і не перапрацоўваюць, — расказвае яна.
Праграміст Ян працуе ў літоўскім офісе беларускай гульнявой кампаніі. З ягоных слоў, вялікіх адрозненняў ад працы ў мінскім офісе няма:
— Прыярытэт не на строгім графіку ад званка да званка, а каб задачы былі зробленыя своечасова і якасна. У камандзе ёсць літоўцы, працаваць з імі выдатна, выдатна ведаюць англійскую, шмат хто гаворыць і па-руску. Дзякуючы працы з імі, я прыкметна прапампаваў навыкі англійскай.
У літоўскай аўтсорс-кампаніі, у якой працуе праграміст Сяргей, таксама ўсё звыкла для беларуса:
— Звычайны аўтсорс. Праца на жаданне ў офісе або дома. Кампанія хоць і літоўская, але палова штату выхадцы з Беларусі, Украіны або Расіі. Дырэктар, менеджары рускамоўныя. З літоўскімі калегамі размаўляем на англійскай. Навагодні карпаратыў таксама быў на англійскай.
Як вайна змяніла стаўленне да беларусаў?
— Асноўнай прычынай росту колькасці замежнікаў, якія пражываюць у Літве, несумненна, з’яўляецца вайна ва Украіне, у выніку якой летась і ўзнікла плынь ваенных уцекачоў, — казала дырэктарка літоўскага дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэ.
У маленькай Літве (насельніцтва — каля 2,8 млн) ад пачатку вайны апынуліся каля 73 тыс. бежанцаў. Пры канцы 2022 года ў краіне пражывала найбольшая колькасць замежнікаў за ўвесь перыяд незалежнасці (больш за 189 тыс.).
Экспаты кажуць, што вайна і плынь міграцыі стаўлення літоўцаў да беларусаў амаль не змянілі.
— На мой погляд, стаўленне да беларусаў не памянялася пасля пачатку вайны, засталося станоўчым. Маю зносіны прыкладна аднолькава і з беларусамі і з літоўцамі. Сябрую з суседзямі-літоўцамі, размаўляем на рускай, — расказвае праграміст Ян.
Згаджаецца з ім і распрацоўшчык Аляксандр.
— Да вайны адчувалася маральная падтрымка беларусаў з боку літоўцаў. І, калі шчыра, я не заўважыў, што гэтая падтрымка змянілася на нянавісць. Літоўцы, як кажуць, дарослыя і разумеюць расклады. Беларусы тут, нават ва ўмовах эміграцыі, знаходзілі рэсурсы, маральныя і фінансавыя, для дапамогі Украіне.
Бывае, канешне, адчуваецца стомленасць у літоўцаў, да і ва ўсіх — і ад вайны ў інфаполі і, нават, ад украінцаў тут. Але гэта адзінкавыя выпадкі.
Адчуў нават нейкі цікавы пушбэк. Напрыклад. Калі спрабуеш размаўляць літоўскай, табе кажуць — лупі рускай. І гэта не як «снисхождение», а (як я адчуў) «фак зэ вор, усе людзі браты». Мілітарысцкая і антырасійская павестка, якая ідзе ад літоўскага ўрада, атрымлівае нейкі пушбэк ад простага народа. Але ведаю выпадкі і адваротнага — калі, напрыклад, адмаўляліся абслугоўваць не па-літоўску.
Цяпер трапіць у Літву з Беларусі няпроста. На мяжы паміж краінамі дзейнічае рэжым надзвычайнага палажэння. Літоўскае пасольства не выдае беларусам большасць тыпаў віз. Гэтыя меры плануюць падоўжыць і аформіць як асобны закон.
Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.
Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.
Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.
Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.
Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.
Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.
Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.
Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)
У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by